Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімаваць будзе вельмі цяжка


Віталь Цыганкоў, Менск

Энэргетычнаму крызысу, які можа абрынуцца на Беларусь, прысьвечаны гэты выпуск “Экспэртызы Свабоды”. Наколькі рэальна, што “Газпром” сапраўды можа спыніць пастаўкі газу ў Беларусь? Ці стане халодна ў сьнежні ў кватэрах беларусаў?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук і аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак

(Віталь Цыганкоў: ) “У гэтыя дні стала зразумела, што Беларусь можа апынуцца на мяжы сур’ёзнага энэргетычнага крызысу. Кіраўніцтва расейскага “Газпрому” свае абавязацельствы наконт паставак па льготных тарыфах (па 24 даляры за тысячу кубамэтраў) выканае да сярэдзіны лістапада, а даваць газ звыш нормы “Газпром” не жадае. У іншай кампаніі — “Ітэра” — Беларусь сама не жадае купляць газ па 36 даляраў.

Перамовы міністра энэргетыкі Беларусі ў Маскве на гэты конт нічым ня скончыліся. Некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што ў сьнежні ў краіне могуць спыніцца заводы, а ў кватэрах стане халодна. Што гэта — нейкая прыватная прыкрая недарэчнасьць альбо заканамерны вынік усёй эканамічнай палітыкі апошніх гадоў?”

(Тацяна Манёнак: ) “Безумоўна, гэтая сытуацыя — вынік эканамічнага разьвіцьця. Я, аднак, ня думаю, што сытуацыя стане крытычнай. Паводле апошняй інфармацыі, беларускі бок працягвае перамовы з “Газпромам” аб забесьпячэньні дадатковымі пастаўкамі газу. Расейскі бок пакуль разглядае гэтыя прапановы. Рэч у тым, што ў “Газпрому” расьпісаныя ўсе балянсы, і сапраўды вельмі цяжка будзе знайсьці гэты газ. Але ж застаецца магчымасьць купіць гэтыя аб'ёмы ў незалежных пастаўцоў, такіх як “Ітэра”, “Міжрэгіёнгаз” ды іншыя.

Галоўная ж праблема ў тым, што Беларусі няма чым плаціць за гэты газ. “Газпром” быў вельмі не задаволены тым, што Беларусь аплачвае пастаўкі толькі на 8% грашыма, а астатняе — гэта бартэр. Кампанія працуе ў рынкавых умовах і патрабуе, каб Беларусь аплачвала толькі грашыма. Тым больш ёсьць дамоўленасьці, што на працягу году мы будзем аплачваць каля 30% грашыма. На жаль, гэта не атрымліваецца, і гэта вельмі сур’ёзная праблема для Беларусі.

Я ведаю, што зараз віцэ-прэм’ер ураду Сяргей Сідорскі праводзіць аналіз наконт таго, каб замясьціць прыродны газ мазутам. Але гэта будзе вельмі дорага для беларускай энэргасыстэмы і эканомікі”.

(Яраслаў Раманчук: ) “Праблемы паміж Беларусьсю і Расеяй я бы акрэсьліў трыма словамі — цэны, бартэр, труба. І можна назваць чацьвертае — дамова, якая існуе паміж “Газпромам” і Беларусьсю. “Газпром”, магчыма, цярпеў бы яшчэ, каб пазыцыя Беларусі была больш зразумелая наконт “Белтрансгазу” і газавай трубы. Але паколькі беларускі бок гэтага пытаньня не разьвязаў, то “Газпром” у кантэксьце палітычных скандалаў паміж Пуціным і Лукашэнкам вырашыў дзейнічаць больш жорстка.

Сапраўды, газ дэ-факта для пакупнікоў, напрыклад, Смаленскай вобласьці, калі лічыць толькі грашовую долю аплаты, выходзіць значна даражэй, чым для беларусаў. Беларусь аплачвае грашыма толькі 8–9% ад пастаўленага, і такім чынам, можна, казаць, што газ беларусы атрымліваюць за 2–3 даляры за тысячу кубамэтраў. Гэта цана, якой увогуле не існуе на міжнародных рынках”.

(Цыганкоў: ) “Але ж Беларусь не адмаўляе, што калі-небудзь заплаціць за гэтыя пастаўкі, верне свае запазычанасьці...”

(Раманчук: ) “Калі-небудзь “Газпром” усё ж будзе настойваць на той пазыцыі, якая запісаная ў дамове. Ёсьць 10 мільярдаў кубамэтраў, якія пастаўляюцца па фіксаванай цане, а што звыш — па цане 35 даляраў”.

(Манёнак: ) “Газпром”, магчыма, мог бы пастаўляць газ у Беларусь па больш дарагой цане, аднак у яго расьпісаныя ўсе балянсы. Да канца году ён проста ня мае магчымасьці штосьці яшчэ паставіць.

Зь іншага боку, для “Газпрому” нейкім чынам можа і выгадна, каб беларусі доўг станавіўся большым. Калі рыхтаваліся дамоўленасьцьі 12 красавіка, “Газпром” ужо тады прапаноўваў беларускаму боку акцыянаваць “Белтрансгаз” і сваю долю мець якраз за кошт доўгу — каля 300 мільёнаў даляраў. Беларускаму боку тады ўдалося адхіліць гэтую прапанову. Аднак і цяпер расейскае кіраўніцтва жадае мець нейкі пакет акцыяў “Белтрангазу”. Думаю, яшчэ наперадзе перамовы аб умовах акцыяваньня і ўваходжаньня “Газпрому” ў сумеснае прадпрыемства, якое павіннае быць створанае да 1 ліпеня наступнага году”.

(Цыганкоў: ) “Наколькі ўвогуле рэальна, што “Газпром” сапраўды можа адключыць газ Беларусі? Бо празь беларускую тэрыторыю газ ідзе ў Эўропу, і пагроза адключыць кранік — гэта, можа быць, толькі публіцыстычнае перабольшваньне? Які, дарэчы, адсотак расейскага газу ідзе ў Эўропу празь Беларусь, а які праз Украіну?”

(Раманчук: ) “Газпром” ня будзе адключаць газ — тэхнічна, на маю думку, такой магчымасьці няма. Але калі разглядаць гэтую праблему ў комплексе, то “Газпром” можа праз расейскую дзяржаву патрабаваць разьвязаньня гэтага пытаньня на іншым узроўні. Могуць быць перагледжаныя пастаўцы газу ў Беларусь. Таму тыя захады беларускага ўраду наконт пераходу на мазут, торф, іншыя альтэрнатыўныя энэрганосьбіты на сёньняшні дзень пакуль ня маюць сэнсу. Аднак праз год-два, калі цэны на газ і іншыя віды паліва выраўняюцца, гэта будзе мець істотнае значэньне.

Што да транзыту, то апошняе рашэньне ўрадаў Нямеччыны, Расеі і Ўкраіны пра будаўніцтва веткі газаправоду праз Украіну можа мець для Беларусі вельмі прыкрыя наступствы. Мы страцім у значнай меры тыя транзытныя выгоды, якія маем і маглі бы мець”.

(Манёнак: ) “Трэба сказаць, што пакуль Беларусь пастаўляе даволі невялікі аб’ём расейскага газу ў Эўропу — каля 20%, 30 мільярдаў кубамэтраў. Асноўны экспарт ідзе праз Украіну. Але Беларусь заўсёды была разьменнай манэтай у расейскіх стасунках з Украінай. Былы старшыня праўленьня “Газпрому” Рэм Вяхіраў заўсёды палохаў Украіну, што, маўляў, “калі вы будзеце красьці газ,то мы будзем пускаць яго празь Беларусь”.

Мы ведаем, што не зусім гладка ідзе стварэньне газавага кансорцыюму паміж Расеяй і Ўкраінай. І трэба ўлічваць, што Расея павінная мець нейкую альтэрнатыву. Паводле апошніх зьвестак, у расейскім урадзе ўжо абмяркоўваюць ідэю экспарту расейскага газу празь нейкія альтэрнатыўныя шляхі. Напрыклад, балтыйскі варыянт. Аднак гэта будзе каштаваць вельмі дорага. Расейскае кіраўніцтва ў параўнаньні зь мінулымі гадамі ставіцца даволі жорстка да Беларусі. Але ж пакуль яшчэ канчаткова не дамовіліся пра акцыяваньне “Белатрансгазу”, можна яшчэ гандлявацца, дамаўляцца.

Трэба разумець, што гэта праблема найбольш для Беларусі, бо 80% нашага энэргабалянсу — гэта прыродны газ. І калі мы нейкія высновы ня зробім у гэтым сэнсе, то зімаваць прыйдзецца вельмі цяжка. Да неплацельшчыкаў будуць рабіць вельмі жорсткія захады, ажно да адключэньня цяпла і сьвятла”.

(Цыганкоў: ) “Газ заўсёды неадрыўна зьвязаны з палітыкай, і палітычным аспэктам сытуацыі, якую мы разглядаем, ёсьць праблема акцыяваньня “Белтрансгазу”. Цяпер, як высьвятляецца, беларускі бок ня вельмі сьпяшаецца выконваць свае дамоўленасьці ў гэтай сфэры. Ці можна казаць пра тое, што працягваецца гандаль з Расеяй, і беларускае кіраўніцтва жадае як мага больш выгандляваць за гэты важны кавалак беларускай уласнасьці?”

(Манёнак: ) “Гэта сапраўды гандаль. Мы бачым, што Аляксандар Лукашэнка імкнецца неяк адцягнуць непрымальнае для сабе рашэньне аб акцыяваньні “Белтрансгазу”. Да 1 ліпеня наступнага году такое прадпрыемтсва мусіць быць створанае, але часу вельмі няшмат. “Белтрансгаз” імкнецца падрыхтавацца да гэтага, зрабіў усе патрэбныя дакумэнты, але ж няма галоўнага — палітычнага рашэньня Аляксандра Лукашэнкі. Праект прэзыдэнцкага ўказу не падпісваецца ўжо дзесьці паўтара месяца”.

(Цыганкоў: ) “Распрадаваць беларускую ўласнасьць у нафтахіміі баіцца ня толькі ўлада. Часам перасьцярогі з гэтай нагоды выказваюць і прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі...”

(Раманчук: ) “З боку Лукашэнкі — гэта страх згубіць кантроль і ўладу над уласнасьцю і эканомікай. З боку апазыцыі гэта страх перад заходнім і ўсходнім капіталам, які “захопіць” нашую тэрыторыю. Гэта ёсьць і ў Польшчы, Літве, Латвіі. Мы проста павінныя мець такое заканадаўства, якое паставіць заслону перад лябісцкім патэнцыялам тых інвэстараў, якія могуць купіць і газавую трубу, і іншыя беларускія прадпрыемствы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG