Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Ніякага паслабленьня з боку АБСЭ ня будзе”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў

(Віталь Цыганкоў: ) “29 кастрычніка Беларусь пакінула апошняя замежная супрацоўніца місіі АБСЭ ў Менску спадарыня Аліна Жасан. Такім чынам, на працягу гэтага году беларускія ўлады выцясьнілі ўсіх замежных супрацоўнікаў АБСЭ, і зараз у КНГ засталіся толькі тэхнічныя супрацоўнікі — грамадзяне Беларусі.

Гэта, аднак, яшчэ не азначае, што місія будзе зачыненая, бо рашэньне аб працягу працы альбо закрыцьці офісу КНГ прымае Сталая Рада АБСЭ ў Вене. Тым ня менш, сёньня пастаўленая кропка ў гэтым канфлікце, і нам варта задацца пытаньнем — нашто кіраўніцтву Беларусі спатрэбілася выганяць зь Менску місію АБСЭ”.

(Мечыслаў Грыб: ) “Для мяне гэта не было нечаканым, бо пагрозы аб спыненьні місіі рабіліся на ўсіх узроўнях. І я разумеў, што гэта скончыцца тым, як скончыліся “Дразды”. Але кіраўнікам некаторых заходніх дзяржаваў і кіраўнікам АБСЭ ўсё здаецца, што можна пра нешта дамовіцца, можна да нечага схіліць сёньняшняе кіраўнітцва нашай краіны.

Па-другое, у Беларусі па часе пройдзе шэраг значных палітычных падзеяў — выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў, ня выключаны рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю, потым выбары ў парлямэнт. Таму ўладам не зусім пажадана, каб прадстаўнікі АБСЭ ў гэты час знаходзіліся на нашай тэрыторыі”.

(Цыганкоў: ) “То бок, па-вашаму, мэта выцясьненьня місіі — тое, што ўлада ня хоча бачыць сьведкаў, якія фіксуюць розныя парушэньні правоў чалавека, фальсыфікацыі падчас выбараў”.

(Грыб: ) “Так. Калі, напрыклад, будучы рэфэрэндум будзе прызнаны несапраўдным, сфальсыфікаваным, то і выбары прэзыдэнта таксама будуць адпаведна ацэненыя. І па-другое, гэта проста помста з боку кіраўнікоў Беларусі кіраўнікам КНГ АБСЭ”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Практычна Мечыслаў Іванавіч ужо ўсё сказаў. Але я б дадаў, што і ня толькі істотныя для ўсёй краіны падзеі, як выбары, рэфэрэндумы, але і звычайнае жыцьцё даказвае нам амаль кожны дзень, што тут ня ўсё ў парадку з правамі чалавека. Гэта таксама ўсё адсочваецца АБСЭ, гэта ўваходзіць у іхны мандат, і яны нават мусяць дакладаць такую інфармацыю свайму кіраўніцтву ў Вену. Таму цалкам згодны, што беларускай уладзе непатрэбныя сьведкі таго, што адбываецца ў краіне”.

(Цыганкоў: ) “Існуе такое меркаваньне, што ў пазыцыі беларускага кіраўніцтва шмат чаго было завязана на асобе былога кіраўніка КНГ АБСЭ спадара Віка. І, маўляў, калі ўсе старыя супрацоўнікі пакінуць Менск, новы склад місіі беларускі бок можа прыняць. І зь іншымі людзьмі, ды яшчэ калі ўдасца вытаргаваць нейкія саступкі наконт мандату місіі, магчыма, праца КНГ адновіцца. Як вы ставіцеся да такой вэрсіі?”

(Грыб: ) “Мне здаецца, што зьмяненьне мандату місіі больш важкае за пэрсаналіі. Таму што людзі, хто б там ні быў, будуць выконваць тое, што ім будзе даручана з боку АБСЭ. Па-другое, уладам, каб наагул не адчыняць ніякай місіі, трэба дамагацца, каб спыніць працу гэтай, існуючай. А потым можна бясконца весьці размовы аб адкрыцьці новай. Якую можна і не пагаджацца адкрываць, чапляючыся за нейкія новыя ўмовы”.

(Фёдараў: ) “Зьмена мандату місіі — гэта галоўнае патрабаваньне, якое гучала афіцыйна з вуснаў прадстаўнікоў улады. Што да людзей, то склад місіі ніколі ня быў нязьменны. Нават намесьнік старшыні спадар Рывалье не так доўга працаваў тут, і астатнія міжнародныя экспэрты часта мяняліся. Так што мне падаецца, беларускаму кіраўніцтву будзе вельмі цяжка знайсьці людзей, якія будуць цалкам на іх баку і выконваць усе патрабаваньні Менску. З другога боку, з такім падыходам не пагодзіцца кіраўніцтва АБСЭ”.

(Цыганкоў: ) “Здаецца, Менск жадае настолькі прынізіць ролю і мандат місіі, што пазбавіць КНГ літаральна ўсіх правоў сустракацца з апазыцыяй і няўрадавымі арганізацыіямі. Ці можна з упэўненасьцю сказаць, што ў АБСЭ хопіць сілы гэтага не дапусьціпць?”

(Грыб: ) “Статус КНГ АБСЭ вельмі складаны. Зразумела, яны павінныя сустракацца і з прадстаўнікамі ўлады — выслухоўваць іх, даваць парады. Але таксама сустракацца і з прадстаўнікамі апазыцыі — калі тых крыўдзяць, абараняць іх перад уладамі. Складанасьць, аднак, у тым, што кожны са свайго боку — як апазыцыя, так і ўлада — маюць нейкія прэтэнзіі да КНГ АБСЭ. Напрыклад, кіраўніцтва АБСЭ прыяжджае, а іх Лукашэнка не прымае, падыходзяць да свайго офісу, а тут пікет КХП БНФ стаіць зь лёзунгамі “супраць, вон”. Як усім дагадзіць? Але, я лічу, кіраўніцтва, якое было, добра ставілася і да тых, і да другіх”.

(Фёдараў: ) “Я ўпэўнены, што ніякіх паслабленьняў з боку АБСЭ ня будзе. Бо значная большасьць краінаў, якія ўваходзяць у гэтую арганізацыю, адназначна нэгатыўна ставіцца да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Таму ніякіх сур’ёзных зьменаў ня будзе”.

(Цыганкоў: ) “Варта нагадаць нашым слухачам, што АБСЭ — вельмі шырокая арганізацыя, у якую ўваходзяць фактычна ўсе (акрамя некалькіх) краіны Эўропы, а таксама краіны былога СССР. На дадзены момант у розны час сваё нэгатыўнае стаўленьне да сытуацыі вакол КНГ выказалі кіраўніцтва АБСЭ, Эўразьвяз, ЗША. Аднак пазыцыя Расеі апошнія месяцы застаецца нявызначанай.

Нагадаю, што ў 1997 годзе, калі місія ў Менску была заснаваная, гэта адбылося пад моцным ціскам Расеі. Ці магла б зьмяніцца сытуацыя, калі б Расея зараз разам з Эўразьвязам і ЗША падтрымала КНГ АБСЭ?”

(Грыб: ) “Меркаваньне кіраўніцтва Расеі мае пэўны і моцны ўплыў на дзеяньні кіраўніцтва Беларусі. Але можа дакладней сказаць — “мела” моцны ўплыў да апошняга часу? Бо зараз ад беларускага боку можна чакаць усяго. Межы, якія ўтрымлівалі афіцыйны Менск ад крытыкі Масквы па розных пытаньнях, пяройдзеныя. І сёньня мне здаецца, што вялікага ўплыву падтрымка кіраўніцтвам Расеі місіі АБСЭ ня зробіць”.

(Фёдараў: ) “Дазволю сабе трошкі не пагадзіцца зь Мечыславам Іванавічам, што слова Расеі ўжо ня мае такога вялікага ўплыву, як раней. Справа ў тым, што Расея мае значны ўплыў на многія краіны СНД. У АБСЭ працуе прынцып прыняцьця рашэньня — “кансэнсус мінус адзін”. І Расея мае такі ж голас, як, напрыклад, Таджыкістан. І калі Таджыкістан выкажацца супраць, то голас Расеі ня будзе нічога значыць. Але Масква яшчэ мае ўплыў на краіны СНД, і часта яны каардынуюць свае рашэньні. Таму адна краіна ўжо ня здолее ў пэўнай сытуацыі заблякаваць прыняцьце нейкага рашэньня”.

(Цыганкоў: ) “Некаторым здавалася, што ў выніку апошняга канфлікту ў дачыненьнях паміж Лукашэнкам і Пуціным кіраўнік Беларусі павернецца на Захад. Аднак пакуль, прынамсі, гэтага не адбылося (і сытуацыя з КНГ АБСЭ толькі пацьвярджае гэта). І Беларусь стаіць у такой загадкавай і дзіўнай позе — сьпіной да Расеі і сьпіной да Захаду. Ці ёсьць рэсурс у такой самаізаляцыі, ці можа яна працягвацца адносна доўга?”

(Грыб: ) “Я з вамі цалкам згодны. Ніякай ізаляцыі Беларусі з боку Захаду ці Ўсходу няма, ёсьць толькі самаізаляцыя. Я не магу сёньня сказаць, што сёньняшняе кіраўніцтва можа павярнуцца да Захаду. Гэта ж ня проста стаць тварам у заходні бок, а гэта трэба зрабіць пэўныя крокі ў датрыманьні правоў чалавека, вызваленьні мэдыяў і гэтак далей. А зрабіць такія крокі ім — падпісаць сабе прысуд”.

(Фёдараў: ) “Можа, апошнія шматлікія кантакты з Іракам і візыт Аляксандра Лукашэнкі на Блізкі Ўсход дэманструюць, што Беларусь знайшла сабе новыя прыярытэты — у гэтым рэгіёне?”
XS
SM
MD
LG