Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі за трохпакаёўку чалавек будзе плаціць усю пэнсію, гэта можа прывесьці да сацыяльнага выбуху”


Віталь Цыганкоў, Менск

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” прысьвечаная зьменам у сацыяльнай палітыцы беларускай дзяржавы. Ці ведае беларускае кіраўніцтва, што трэба рабіць у сацыяльнай сфэры, якія рэформы трэба праводзіць? Чаму асноўны цяжар пераўтварэньняў у сацыяльнай сфэры перакладаецца на людзей?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Уладзімер Нісьцюк і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Кастусь Скуратовіч

(Віталь Цыганкоў: ) “17–18 кастрычніка ў Менску праходзіла паседжаньне сталага сэмінару работнікаў кіраваньня ў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Тэма сэмінару “Асноўныя галіны сацыяльнай сфэры Рэспублікі Беларусь: стан і актуальныя праблемы разьвіцьця”. Выступаючы на ім, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў неабходнасьць упарадкаваць і перагледзець сыстэму льготаў, а вызваленыя сродкі пераразьмеркаваць на іншыя сацыяльныя патрэбы, напрыклад, у пэнсійны фонд.

Таксама было заяўлена, што зараз 30% мэдычных паслугаў мусяць перавесьці на платную аснову. На вашую думку, ці ведае беларускае кіраўніцтва, што трэба рабіць у сацыяльнай сфэры, якія рэформы трэба праводзіць? Ці тое,што робіцца і заяўляецца,проста выклікана нейкай канкрэтнай сытуацыяй?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Улада ў паніцы. Сродкаў у бюджэце няма на вырашэньне сацыяльных праблемаў. Зь вялікай цікавасьцю назіраю за гэтым сэмінарам, які я б назваў фарсам, спэктаклем, дзе зноў на словах дэманструецца здольнасьць улады нешта зрабіць у сацыяльным пляне. Але людзі кожны дзень у сваіх халадзільніках і кватэрах бачаць няздольнасьць улады вырашыць гэтыя пытаньні.

Што можа азначаць платная мэдыцына для людзей, у якіх не расьце заробак, пэнсіі, затое расьце цана на харчы, жыльлёва-камунальныя паслугі і гэтак далей?”

(Цыганкоў: ) “Аднак многія сьцьвярджаюць, што якраз у Беларусі самы рынкавы сацыялізм, які можна ўявіць. Што якраз ільготаў занадта шмат, зашмат грошай ідзе ў сацыяльную сфэру, і гэта не дае разьвівацца новым тэхналёгіям і вытворчасьці”.

(Нісьцюк: ) “У Вярхоўным Савеце 13 скліканьня 15 указаў Лукашэнкі Канстытуцыйным судом былі адмененыя як неканстытуцыйныя. Менавіта ў той час у 1995 годзе Лукашэнка сваім указам адмяніў усе льготы, якія былі ў чарнобыльцаў, інвалідаў, вэтэранаў. Ужо няма чаго пераразьмяркоўваць! Якія зараз ільготы існуюць у нашых людзей? Даўно няма льготаў на набыцьцё лекаў, на кватэрную аплату. Так што сэмінар — гэта, паўтаруся, палітычны фарс, спэктакль, дэманстрацыя таго, нібыта ўлада яшчэ нешта можа, на нешта яшчэ здольная”.

(Кастусь Скуратовіч: ) “Беларуская мадэль завецца “рынкавы сацыялізм”. Заўважце — на першым месцы стаіць “рынак”, а потым — “сацыялізм”. Аднак Лукашэнка зрабіў зь ёй тое, што некалі Маркс зь філязофіяй Гегеля — паставіў усё дагары нагамі. У такім стане ніякі нармальны арганізм працаваць ня можа.

Таму, каб вырашаць праблемы сацыяльнай сфэры, трэба найперш даць вытворцам свабоду. У эканоміцы павінен панаваць рынак, а ў яго ўбудоўвацца сацыяльны мэханізм. І там толькі адна сацыяльная льгота — хто лепш працуе, атрымлівае лепшы заробак. Хто, прыкладам, страціў здароўе на службе дзяржаве, мусіць атрымаць адпаведную грашовую кампэнсацыю, а ня гэтыя талёны на праезд, альбо льготы на набыцьцё тарфяных брыкетаў. Гэта ўсё глупства, такога няма нідзе ў сьвеце.

Лукашэнка не адмяніў сацыялізм у эканоміцы — а гэта прымусовая арганізацыя эканомікі, калі вырабляецца тое, што загадана, потым з гэтым ня ведаюць, што рабіць, куды гэта прадаць, таму няма грошай на заробак. Якія тут ільготы? Тут людзі ня могуць заплаціць за тое, што ім належыць, за той прадукт, хто ўжо нехта зьеў, прабачце”.

(Нісьцюк: ) “Калі мы гаворым нашым калегам у Эўропе — сацыял-дэмакратам — што Лукашэнка абвесьціў “рынкавы сацыялізм” нашай мадэльлю разьвіцьця, яны пытаюцца: чаму не “дэмакратычны сацыялізм”? Няўжо ён так баіцца слова “дэмакратыя”, што не выкарыстоўвае яго нават у папулісцкіх мэтах.

Не трэба зьдзіўляцца, што цяпер не выконваюцца дэкляраваныя Канстытуцыяй правы на бясплатную мэдыцыну і адукацыю. У цывілізаваных краінах гэта ўсе пераходзіла на платную аснову тады, калі для людзей былі створаныя магчымасьці за ўсё гэта заплаціць. У нас, калі зараз за трохпакаёвую кватэру чалавек заплаціць сваю пэнсію, а за лекі яму трэба заплаціць яшчэ адну пэнсію, то гэта можа прывесьці да сацыяльнага выбуху”.

(Цыганкоў: ) “Ці магчыма тое, што адбываецца зараз, назваць “шок без тэрапіі”? Маецца на ўвазе, што цэны на камунальныя паслугі, мэдыцыну, адукацыю падвышаюцца, аднак не адбываецца рэформаў у сацыяльнай сфэры. Яна па-ранейшаму застаецца дзяржаўнай. Да чаго гэта можа прывесьці ў эканоміцы і ў дабрабыце грамадзянаў?”

(Скуратовіч: ) “На тэрапію неяк не зьвяртаюць увагу. Прыкладам, калі ўзяць тую ж Польшчу, то там скачок цэнаў быў адносна кароткатэрміновы і не такі вялікі, які быў у нас пры Кебічы ў 1993–94 гадах. І зараз цэны скочуць угару ўвесь час, а рэальны заробак не павялічваецца. Калі памер дапамогі беспрацоўнаму складае 6 даляраў на месяц, зразумела, што чалавек на гэтыя грошы жыць ня можа. Гэта ўсё сьведчыць пра глыбіню крызысу ў сацыяльнай сфэры”.

(Цыганкоў: ) “Які найлепшы шлях рэфармаваньня гэтай сфэры быў бы найбольш прыдатны ў цяперашняй беларускай сытуацыі?”

(Скуратовіч: ) “Усялякая рэфармаваньне пачынаецца з таго, што даюць людзям свабоду. Калі бедныя бацькі ня могуць пракарміць сваіх дзяцей, яны кажуць — ідзі, хлопец, у белы сьвет, людзі не дадуць прапасьці. І сёньня самае галоўнае — даць свабоўду нашым вытворцам, каб яны рабілі тое, што патрэбна рынку. А ня тое, што патрэбна, каб добрымі статыстычнымі паказчыкамі тлуміць нашых суседзяў. Каб казаць — як у Беларусі ўсе добра: прамысловасьць расьце, сельская гаспадарка квітнее…”

(Цыганкоў: ) “Ці варта зьняць з прамысловых прадпрыемствах той цяжар сацыяльнай сфэры, які на іх вісіць? Яны аплачваюць са сваёй кішэні і дзіцячыя садочкі, і сталоўкі…”

(Скуратовіч: ) “Калі ня зьняць, яны самі гэта ўсе скінуць, бо груз ужо непамерна цяжкі. Спыняць фінансаваньне, бо ў іх няма сродкаў”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Нісьцюк, як сацыял-дэмакраты бачаць рэфармаваньне сацыяльнай сфэры?”

(Нісьцюк: ) “Перш за ўсё, я згодны са сваім суразмоўцам — трэба даць людзям магчымасьць вольна працаваць і зарабляць грошы. А не дыктаваць, колькі нават дырэктар прыватнага прадпрыемства павінен плаціць сваім супрацоўнікам. Калі ня будзе эфэктыўнай эканомікі, то ня будзе ніякіх грошай у абароце прадпрыемстваў, і яны ня здолеюць ні плаціць у бюджэт, ні вырашаць сацыяльныя праблемы сваіх працаўнікоў”.

(Цыганкоў: ) “Давайце гаварыць на больш прыземленым узроўні. Напрыклад, тая ж рэформа камунальнай сфэры. Дасюль той, хто мае большую кватэру (умоўна, больш багатыя людзі), атрымліваюць больш дапамогі ад дзяржавы, якая датуе кватэрную плату. Што перашкаджае дзяржаве зьнішчыць гэты мэханізм скрыжаванага фінансаваньня, каб людзі плацілі адпаведна таму?”

(Скуратовіч: ) “Я ня ведаю, які заробкі ў нашага прэзыдэнта, але ён заўсёды падкрэсьлівае, што ня вельмі вялікія. Я думаю, калі б пазбавіць яго льготаў, у яго не хапіла б грошай, каб заплаціць нават за ўласнае жыльлё”.

(Нісьцюк: ) “Зараз улада ў асобе аднаго чалавека не дае магчымасьці ніякай творчасьці і энтузіязму для супрацоўнікаў у тым ліку і жыльлёва-камунальнай сфэры. Я ведаю людзей, якія могуць распрацаваць і сеткі тарыфныя, і гэтак далей, каб усё было вельмі дасканала і справядліва. Аднак любая ініцыятыва зьнізу душыцца, і ўсе чакалі, калі ж нешта скажа “самы галоўны”. І вось ён сказаў, што будзем падвышаць. І зараз яны падвышаюць. Яны ня хочуць думаць, яны баяцца думаць, бо ўсё, што яны прапануюць, ня будзе ўспрынятае ўладай. Яны ня хочуць рызыкавай сваім становішчам і заробкам”.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам можна падвесьці вынік нашай размовы. Пакуль пераўтварэньні ў сацыяльнай сфэры зьвяліся пераважна да дзьвюх рэчаў. Па-першае, перанос сацыяльнага цяжару, невыноснага для бюджэту, на насельніцтва. І па-другое, сваю ролю ў сацыяльнай сфэры дзяржава бачыць пераважна ў далейшым пераразьмеркаваньні сродкаў. Сёньняшняя дзяржава найперш думае не як зарабіць, а як падзяліць тыя невялікія сродкі, якія ёсьць”.
XS
SM
MD
LG