Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі разьвіцьця эканомікі за восем месяцаў


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і наш аглядальнік Міхал Залескі.

(Валер Карбалевіч: ) “24 верасьня на паседжаньні ўраду былі абмеркаваныя вынікі разьвіцьця эканомікі Беларусі за восем месяцаў. Вынікі ня вельмі аптымістычныя. Скарацілася рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў.

Асабліва паказальная тэндэнцыя зьніжэньня росту вытворчасьці. Па выніках шасьці месяцаў гэты рост складаў 4%, сямі месяцаў — 3,2%, а за восем месяцаў — 2,8%. Цэлыя галіны вытворчасьці, такія, напрыклад, як харчовая альбо лёгкая, не дасягнулі нават узроўню мінулага году.

Тэндэнцыя зьніжэньня тэмпаў росту эканомікі адбываецца на фоне зьніжэньня цэнаў на пастаўляны Расеяй газ і зьніжэньня тарыфаў на чыгуначныя перавозкі па тэрыторыі Расеі. А таксама ва ўмовах, калі шэрагу прадпрыемстваў, такім, напрыклад, як МТЗ, БМЗ, “Гомсельмаш” былі дадзеныя значныя льготы.

Якія прычыны зьніжэньня тэмпаў росту эканомікі? Сэзоннасьць, структурныя зьмены, тэхнічнае пераўзбраеньне вядучых прадпрыемстваў, як тлумачыў на паседжаньні ўраду міністар прамысловасьці Харлап? Нешта іншае? Спадар Злотнікаў, Вам першаму пытаньне”.

(Леанід Злотнікаў: ) “Прычыны тут наступныя: нерэфармаванасьць эканомікі, адсутнасьць сродкаў на мадэрнізацыю вытворчасьці. Гэтыя прычыны выклікалі ў сваю чаргу пагаршэньне ўмоваў зьнешняга гандлю і падзеньне попыту на беларускія тавары найперш у Расеі і ва Ўкраіне. Напрыклад, толькі за паўгоду беларускі экспарт ва Ўкраіну скараціўся напалову. Гэтыя прычыны не выпадковыя. Такія тэндэнцыі мы назіраем на працягу некалькіх гадоў. Падае канкурэнтаздольнасьць беларускіх вытворцаў.

Хацеў бы назваць яшчэ адну прычыну. У мінулым годзе — годзе прэзыдэнцкіх выбараў — было зроблена ўсё магчымае і немагчымае, каб павысіць заробкі. Яны вырасьлі летась больш чым на 20%. Але сукупны ўнутраны прадукт вырас усяго на 4%. І гэта значыць, што павышэньне заробкаў і пэнсіяў ніяк ні суадносілася з магчымасьцямі эканомікі і ў той жа час павысіла сабекошт беларускай прадукцыі”.

(Міхал Залескі: ) “У свой час, калі мы абмяркоўвалі прызначэньне новага ўраду, мы казалі пра тое, што ён будзе дзейнічаць тымі самымі мэтадамі, што яго папярэднікі, ранейшыя склады ўрадаў. Такімі мэтадамі ён і дзейнічае. Гэта славуты адміністрацыйны рэсурс. Але рэсурс гэты не бясконцы. І цяпер ён вычарпаны. Вось вычарпанасьць гэтага рэсурсу і цягне за сабой усе наступствы, якія нам паказвае дзяржаўная статыстыка.

Канечне, можна знайсьці падставы, чаму парадавацца. Прыкладам, вытворчасьць алькагольных напояў расла, і вельмі моцна. Вось гэта, мабыць, апошні конік, на якім спрабуюць выцягнуць бюджэт”.

(Карбалевіч: ) “А ці ёсьць эканамічны рост наагул? Таму што эканамічны рост пры падзеньні рэнтабэльнасьці, павелічэньні колькасьці стратных прадпрыемстваў выклікае вялікія сумненьні”.

(Злотнікаў: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне. Я магу адказаць як навуковец. Я ўпэўнены, што ўжо няма гэтага росту. Калі мы прааналізуем тыя мэтады, якімі вызначаюць у нас аб’ём сукупнага ўнутранага прадукту (СУП), то мы ўбачым, што яны адрозьніваюцца ад тых, якія выкарыстоўваюцца ў сьвеце. Такія мэтады завышаюць рост СУП.

Возьмем вытворчасьць у натуральным вымярэньні, напрыклад, у лёгкай прамысловасьці. Мы ўбачым, што вытворчасьць амаль усіх тавараў скарацілася на 30–50% у параўнаньні з 1990 годам. А потым мы бачым, што паводле нашай статыстыкі вытворчасьць лёгкай прамысловасьці ў грашовым вымярэньні ўзрасла на 116% за гэты пэрыяд. Такім чынам мы назіраем вялікае адрозьненьне натуральных паказчыкаў ад коштавых.

Галоўны паказчык разьвіцьця эканомікі — гэта ўзровень жыцьця. Так, пакупніцкая здольнасьць сярэдніх заробкаў і пэнсіяў у параўнаньні з жніўнем мінулага году скарацілася на 12–15%. Вось гэта паказвае, што адбываецца на самай справе ў нашай эканоміцы”.

(Залескі: ) “Нешта расьце, а нешта марнуецца. Таму што ў нас няма плянавай, мэтавай структурызацыі. І тыя галіны вытворчасьці, якія слабеюць, там ужо нічога не прыпішаш. Калі па статыстыцы за дзевяць месяцаў сярэдні ўдой малака ад каровы складае 1841 літар, то як тут ні выкручвай статыстыку — усё роўна крызыс ні схаваеш. І асабліва гэта добра бачна ў сельскай гаспадарцы”.

(Карбалевіч: ) “Выклікае пытаньне ўзровень абмеркаваньня эканамічных праблемаў на паседжаньні ўраду. Замест сур’ёзнага аналізу сытуацыі ў краіне, эканамічных тэндэнцыяў, урад і прэм’ер выкарыстоўваюць адзіны сродак: сілавы ціск на міністраў, дырэктарат. Ці разумее ўрад, што наогул адбываецца ў беларускай эканоміцы?”

(Злотнікаў: ) “Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Можа ён разумее, але не гаворыць. Але тое, што яны публічна выказваюць, сьведчыць аб слабым разуменьні. Магчыма, што на кухнях яны мяркуюць па-іншаму, але гэта нікому не цікава”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Залескі, а Вы як думаеце, ці адпавядае ўзровень абмеркаваньня эканамічных пытаньняў на паседжаньні ўраду таму маштабу праблем, якія існуюць у беларускай эканоміцы”.

(Залескі: ) “Скажам так, ёсьць людзі, якія разумеюць. І наогул, такое разуменьне існуе. У ліпені ўказам прэзыдэнта створаная міжведамасная камісія па эканамічнай бясьпецы пры Савеце бясьпекі. Ні ўрад, а Савет бясьпекі займаецца эканамічнымі пытаньнямі. Пры гэтым органе ствараецца яшчэ камісія, і яе высновы не вядомыя. Але гэта проста паралелізм і дубляваньне ў кіраваньні.

Наогул у дзеяньнях ураду адсутнічае мэта. Адсюль і атрымліваецца такая бязглузьдзіца. Таму што, калі ёсьць мэта, то людзі шукаюць шляхі, якімі да яе ісьці. А калі мэты няма, то на паседжаньнях ураду займаюцца шыхтаваньнем адзін аднаго, палохаюць вымовамі, звальненьнямі, “пасадкамі” ў турму і г.д. Таму нават калі яны і разумеюць сытуацыю, то само разуменьне не пазбаўляе ад недарэчнасьцяў. Таму што да разуменьня патрэбная палітычная, нацыянальная мэта. А яе вельмі бракуе. Адсюль і ўсе беды”.

(Карбалевіч: ) “Здаецца, што мэтай для ўраду зьяўляюцца тыя пляны, паказчыкі, якія закладзеныя ў дзяржаўным бюджэце. Гэты бюджэт зацьверджаны ў выглядзе закону ўсімі дзяржаўнымі інстытутамі. Ці гэта нельга лічыць за мэту?”

(Залескі: ) “У бюджэце закладзены лякальныя мэты. А патрэбныя стратэгічныя нацыянальныя мэты, прыярытэты. Якія галіны эканомікі разьвіваць, падтрымліваць у першую чаргу? Як праводзіць прыватызацыю, рэструктурызацыю? Як быць з уласнасьцю на зямлю? І пакуль гэтыя асноўныя пытаньні ня будуць вырашаныя, толку ня будзе”.

(Злотнікаў: ) “Я хачу дадаць, што ўрад цалкам пастаўлены ў такія ўмовы, у якіх ён нічога зрабіць ня можа. І мэта яму вызначаная адміністрацыяй прэзыдэнта. А там лічаць, што “беларуская эканамічная мадэль” для нас аптымальная. І менавіта яе трэба вывучаць студэнтам, а не якія-небудзь заходнія тэорыі. Таму ўрад нічога ня можа зрабіць у тых рамках, у якія ён пастаўлены”.

(Карбалевіч: ) “Наколькі рэальныя эканамічныя пляны на 2003 год? Хачу нагадаць, што ў тым праекце бюджэту, які цяпер разглядае ўрад, пастаўленая мэта — рост СУП на 6%”.

(Злотнікаў: ) “Падставаў для росту эканомікі няма. Ёсьць так званыя фактары росту эканомікі. Напрыклад, магчымы прырост інвэстыцыяў альбо рэзкая зьмена эканамічнай мадэлі, калі вытворцы пачынаюць больш эфэктыўна выкарыстоўваць тыя сродкі, якія ёсьць. Дык вось такіх фактараў росту цяпер у Беларусі няма. Усё, што можна было выціснуць з гэтай эканомікі, ужо выціснута.

Больш чым 40% прадпрыемстваў ня маюць абаротных сродкаў. А яшчэ ў траціны прадпрыемстваў гэтых абаротных сродкаў вельмі мала. А бязь іх нельга купляць сыравіну і г.д. Таму я лічу, што падставаў для эканамічнага росту няма”.

(Залескі: ) “Назваць гэтыя пляны рэальнымі цяжка, таму што невядома, адкуль возьмуцца грошы. Невядома, чаму павінна квітнець нашая сельская гаспадарка, разьвівацца навука і тым больш прамысловасьць, якая робіцца ўсё больш стратнай. Канечне, адміністрацыйны рэсурс, узмацненьне дысцыпліны і адказнасьці можа даць нейкі адсотак росту. Але гэта не вырашае праблему”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна адзначыць, што нават паводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі асноўныя паказчыкі сьведчаць аб пагаршэньні стану эканомікі. А гэта абвяргае заявы кіраўніка дзяржавы аб правільнасьці і эфэктыўнасьці той эканамічнай мадэлі, якая рэалізуецца ў Беларусі.

Другую выснову, якую можна зрабіць з паседжаньня ўраду. Сёньняшні ўрад выказвае сваю ўсё большую бездапаможнасьць. Ён усё менш здольны ўплываць на эканамічную сытуацыю ў краіне”.
XS
SM
MD
LG