Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў польскіх СМІ так мала асьвятляюцца падзеі ў Беларусі – суседняй краіне?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Польшча – гэта блізкі сусед Беларусі, краіна, зь якой мы маем супольную гісторыю і шмат агульных культурных традыцыяў. Польшчу беларусы наведваюць хіба найчасьцей з усіх замежных краінаў.

Аднак ці дастаткова часта зьяўляюцца паведамленьні пра Беларусь ў польскіх мэдыях? Прыкладам, у тэлевізійных навінах за апошнія 6 месяцаў матэрыял пра Беларусь мне давялося пабачыць толькі аднойчы. Часам падаецца, што ў той жа Нямечычыне Беларусьсю цікавяцца больш, чым ў суседняй Польшчы. Чаму?

Пра прысутнасьць беларускай тэматыкі ў польскай прэсе мы пагутарым сёньня з польскімі журналістамі – людзьмі, ад якіх у значнай ступені гэта залежыць. У перадачы бяруць удзел намесьнік кіраўніка замежнага аддзелу “Gazety Wyborczej” Мацей Стасіньскі, аглядальнік тыднёвіка “Przekrój” Войцэх Мазярскі і кіраўнік рэдацыі вяшчаньня для нацыянальных меншасьцяў “Радыё Беласток” Яраслаў Іванюк.

Такім чынам, чаму ж ў польскіх сродках масавай інфармацыі так мала гавораць пра Беларусь? Пытаньне да аглядальніка тыднёвіка “Przekrój” Войцэха Мазярскага”.

(Мазярскі: ) “Думаю, што гэта няпраўда. Калі параўнаць колькасьць публікацыяў аб Беларусі і, напрыклад, аб Славаччыне ці Літве, якія такасама ёсьць нашымі суседзямі, дык бачна, што пра Беларусь пішуць значна больш. Нямы тыдня, каб, напрыклад, у “Gazecie Wyborczej” не зьявілася адно ці два паведамленьні ў справе сытуацыі ў Беларусі. Аднак несумненна, колькасьць інфармацыі пра Беларусь зараз паменшылася ў параўнаньні з тым, што было 3 ці 4 гады таму. Гэта таму, што сытуацыя ў Беларусі апошнім часам не разьвіваецца дынамічна. Няма рэзкіх, неспадзяваных зьменаў. Таму наступіла пэўнае стамленьне грамадзкай цікаўнасьці да беларускіх тэмаў. Цяжка пісаць увесь час тое самае. А новых фактаў, сказаць шчыра, няма”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Мазярскі ў сваім адказе ўзгадаў пра штодзёньнік “Gazetа Wyborczа”. Сапраўды, гэты найбольш масавы польскі штодзёньнік, ледзь не адзіны ў Польшчы, мае сталага карэспандэнта ў Менску і піша пра Беларусь хіба найчасьцей з польскіх газэтаў. Дастаткова ўзгадаць хаця б апошнюю кампанію газэты ў падтрымку гарадзенскай “Пагоні”.

Цяпер пытаньне да намесьніка кіраўніка замежнага аддзелу “Gazety Wyborczej” Мацея Стасіньскага. Спадар Стасіньскі, чаму вашыя калегі не ідуць па вашых сьлядох?”

(Стасіньскі: ) “Цяпер лічыцца, што Беларусь нецікавая чытачам. Напэўна таму, што Беларусь – гэта адзіная суседняя з Польшчай краіна, якая не распачала сур’ёзных дэмакратычных і гаспадарчых рэформаў па сканчэньні камуністычнага панаваньня. У Польшчы, часам нават зь нейкай пагардай, лічыцца, што гэтая невялікая краіна – запаведнік камунізму, дзе людзі самі заслужылі тое, што маюць, і таму няма чаго пра іх клапаціцца. Бо як не кажыце, а краіны Балтыі хутка ўступяць у NATO і можа ў Эўразьвяз, мы ў NATO ўжо тры гады і хутка далучымся да аб’яднанай Эўропы. Нават Расея спрабуе праводзіць рэформы. Застаецца толькі Беларусь. Таму тыя, хто займаецца сродкамі масавай інфармацыі, лічаць, што ня варта надаваць увагі Беларусі. На маю думку гэта няправільна, аднак такая ёсьць тэндэнцыя. Апошнія гады “Gazetа Wyborczа” усяляк змагаецца з гэткім стэрэатыпам. Мы пішам пра Беларусь як мага болей і спадзяемся, што беларускія падзеі ў нашых матэрыялах выглядаюць максымальна праўдзіва. Бо Беларусь – гэта сапраўды запаведнік камунізму, а рэжым Лукашэнкі – гэта хворы чалавек на целе Эўропы. Мы намагаемся гэта паказаць”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля нядаўняй публікацыі ў часопісе “Wprost”, дзе распавядалася пра адмываньне, у тым ліку і ў Польшчы, брудных грошай ад продажу беларускай зброі, давялося патрапіць на меркаваньне аднаго з аглядальнікаў, які сказаў, што пра Беларусь у Польшчы можна пісаць усё, што заўгодна – усё адно павераць, бо палякі ведаюць пра тое, што робіцца ў Беларусі, ня больш, чым пра падзеі ў якой-небудзь афрыканскай краіне. Няўжо гэта так? Калі ласка, спадар Мазярскі”.

(Мазярскі: ) “Мяркую, што гэта няпраўда. Як раз палякі, на маю думку, маюць добрае разуменьне беларускіх праблемаў. Гістарычна і культурна, яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага, нашыя краіны вельмі блізкія. Традыцыі і мэнтальнасьць беларусаў зразумелыя палякам. Палякам лягчэй зразумець, што робіцца ў Беларусі цяпер, бо мы добра памятаем 1980-я і ваенны стан. Такія рэчы, можа, цяжка зразумець немцам, альбо французам, але мы беларусаў разумеем добра, бо самі праз гэта прайшлі”.

(Карэспандэнт: ) “На Беласточчыне жывуць некалькі сотняў тысячаў беларусаў. Калі, зноў жа, прыгадаць суд над гарадзенскай “Пагоняй”, дык тады больш за паўсотні беластоцкіх журналістаў наладзілі такі пікет у падтрымку сваіх беларускіх калегаў, якога, паводле словаў саміх журналістаў, у іхным горадзе ніколі не было. Але ці часта пішуць тамтэйшыя польскамоўныя газэты пра падзеі ў Беларусі? Маё пытаньне да кіраўніка рэдакцыі вяшчаньня для нацыянальных меншасьцяў “Радыё Беласток” Яраслава Іванюка.

(Іванюк: ) “Мне здаецца, што ў Беластоцкіх СМІ, як і ў цэнтральных, няшмат пішацца пра Беларусь. Магчыма, трохі больш інфармацыі ёсьць пра супрацоўніцтва Беласточчыны і Гарадзеншчыны. Мне здаецца, гэта справа зразумелая. Польшча імкнецца ў Эўразьвяз, а Беларусь абрала іншы шлях – на Ўсход. Таму газэты больш пішуць пра працэсы, зьвязаныя з Эўразьвязам, а не пра тое, што робіцца ў Беларусі. На старонках беластоцкай прэсы зьяўляюцца паведамленьні зь Менску, калі там даходзіць да гучных скандалаў – як, напрыклад, было з “Пагоняй”. Аднак цяпер, калі працэс ужо цягнецца некалькі тыдняў, паведамленьняў у гэтай справе становіцца ўсё менш”.

(Карэспандэнт: ) “Але што да беларускамоўных выданьняў і радыё і тэлевізійных перадачаў, дык сытуацыя, напэўна, іншая?”

(Іванюк: ) “Натуральна, іншая справа, калі гаварыць пра беларускамоўныя друкаваныя выданьні ці тэле- і радыёперадачы, якія я, сярод іншых, таксама маю гонар рыхтаваць. Мы звычайна шмат распавядаем пра Белрусь, і ня толькі пра падзеі скандальнага характару. Наш слухач – беларус, які жыве на Беласточчыне – хоча ведаць, што робіцца ў Беларусі. Так што ў нас паведамленьняў пра Беларусь значна больш”.

(Карэспандэнт: ) “Шаноўнае спадарства, на вашую думку, што ж можа зьмяніць існуючую сытуацыю да лепшага? Калі беларускія тэмы стануць больш цікавыя польскім журналістам? Калі ласка, спадар Стасіньскі”.

(Стасіньскі: ) “Мяркую, што калі ў Беларусі здарыцца што-небудзь істотнае, дык неахвота мэдыяў і пэўная абыякавасьць грмадзкай думкі да гэтай краіны зьменіцца ў цікавасьць, і напэўна пра Беларусь будуць больш пісаць”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы думаеце, спадар Мазярскі?”

(Мазярскі: ) “Калі казаць пра культурныя падзеі, дык я хачу зазначыць, што калі ў Польшчы адбываецца якая-небудзь культурная імпрэза – беларускі канцэрт ці спэктакаль, дык публіка заўсёды ёсьць, і прэса пра гэтага кшталту рэчы піша і будзе пісаць. Што да палітыкі, дык напэўна павінна адбыцца штосьці, што б унесла новую якасьць у сытуацыю ў Беларусі. Напрыклад – рэзкі ўздым грамадзкай незадаволенасьці, ці раптоўныя праявы слабасьці рэжыму Лукашэнкі, альбо, можа, лібэралізацыя ці дэмакратызацыя, на якую б пайшоў афіцыйны Менск. Карацей, нешта, што паказала б, што ў хуткім часе палітычная сытуацыя ў Беларусі можа зьмяніцца. Бо пакуль гэтая сытуацыя падаецца статычнай і нязьменнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG