Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці спраўдзілі свабодныя эканамічныя зоны надзеі ўладаў?


Міхал Стэльмак, Менск

Свабодныя эканамічныя зоны ў свой час былі абвешчаныя ў Беларусі лякаматывам нацыянальнай эканомікі. Меркавалася, што дзякуючы мытным і падатковым ільготам, тэрыторыі гэтых зонаў атрымаюць бурны росквіт. А што насамрэч? На падставе аналізу дзейнасьці гэтых структураў у розных рэгіёнах мы паспрабуем высьветліць, ці спраўдзіліся пляны ўладаў.

(Стэльмак: ) “На сёньняшні дзень у Беларусі пяць свабодных эканамічных зонаў. Мэтаю іх стварэньня, паводле плянаў уладаў, было прыцягненьне інвэстыцыяў, найперш замежных, дзеля развіцьця перадавых вытворчасьцяў. У сваю чаргу, інвэстыцыйны бум павінен быў выклікаць эканамічны росквіт рэгіёнаў. Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, зараз у гэтых зонах зарэгістравана каля двухсот прадпрыемстваў, на якіх занята каля 11 тысяч работнікаў. Пачалося ж будаўніцтва СЭЗ зь Берасьця. Распавядае наш берасьцейскі карэспандэнт Алег Супрунюк:

(Супрунюк: ) “Першая ў Беларусi свабодная эканамiчная зона афiцыйна была створаная ў Берасьцi яшчэ ў 1995 годзе. Чакалася, што тэрыторыя, якая месьцiцца на беларуска-польскiм памежжы, будзе своеасаблiвым палiгонам у справе прыцягненьня замежных iвэстыцыяў.

Але гiсторыя, што здарылася зь першым рэзыдэнтам зоны — фiрмай "Вэстлайн", засьведчыла марнасьць такiх спадзяваньняў. Нямецкiя гаспадары гэтага прадпрыемства два гады чакалi прыняцьця адпаведных заканадаўчых дакумэнтаў, якiя б гарантавалi бясьпеку замежнаму фiнансаваму капiталу. У вынiку фiрма "Вэстлайн" выйшла са складу рэзыдэнтаў СЭЗ i распачала свой бiзнэс у Маскоўскай вобласьцi Расеi.

На стаўленьне патэнцыйных iнвэстараў iстотна ўплывае i палiтычны фактар. У адмiнiстрацыi берасьцейскай СЭЗ пагаджаюцца, што колькасьць прапаноў ад рэзыдэнтаў рэзка зьменшылася пасьля правядзеньня на Беларусi так званага канстытуцыйнага рэфэрэндуму.

У вынiку за час iснаваньня свабоднай эканамiчнай зоны ў Берасьцi па-сапраўднаму пасьпяховымi адмыслоўцы лiчаць толькi некалькi асобных бiзнэс-праектаў — як, напрыклад, будаўнiцтва заводу па пераапрацоўцы рыбы фiрмай "Санта Брэмар" i вытворчасць шакаляду "Iдэал".

Але пераважная большасьць рэзыдэнтаў ня лiчаць Беларусь месцам для эфэктыўнага ўкладаньня фiнансавых сродкаў. Пра гэта сьведчыць i выпадак з затрыманьнем на беларуска-польскай мяжы кiраўнiка аднаго з рэзыдэнтаў берасьцейскай СЭЗ. Як высьветлiлася, бiзнэсовец пасьпеў вывезьцi ў суседнюю краiну некалькi соцень тысячаў даляраў, што былi атрыманыя ад дзейнасьцi ва ўмовах свабоднай эканамiчнай зоны.

З прычыны недахопу замежных iнвэстыцыяў i сродкаў, выдаткаваных з бюджэту, адкладзеныя на няпэўны час i амбiцыйныя пляны разьвiцьця СЭЗ каля чыгуначнай i аўтамабiльнай магiстралi на шашы Берасьце — мяжа з Расеяй”.

(Стэльмак: ) “У сакавіку 1998 году, паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, была створана Свабодная эканамічная зона "Гомель-Ратон". Як складваюцца справы гэтай зоны пасля чатырохгадовага будаўніцтва? Распавядае наш гомельскі карэспандэнт Казімір Яноўскі:

(Яноўскі: ) “За мінулы год 8 прадпрыемстваў пазбаўленыя статусу рэзыдэнтаў ў свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон”. Чым абумоўлены іхны зыход?

Зараз у свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон” зарэгістравана 37 рэзыдэнтаў з 11 краінаў. Пяць — з Расеі, чатыры — з Чэхіі, тры — з Ізраіля і Ліхтэнштэйна ды некаторых іншых краінаў. Яны займаюцца перш за ўсё выпускам упаковачных матэрыялаў, пластмасавых аконных рамаў, клейкіх стужак, корак для бутэлек.

Складаную тэхніку (швейныя машыны) выпускае хіба толькі чэшска-беларускае прадпрыемства “Чэбел”, а таксама сталыя гомельскія заводы –“Ратон”, “Гомелькабель”, “Электраапаратура”, “Карал”, якія тэрытарыяльна знаходзіліся ва ўтворанай свабоднай эканамічнай зоне. Да прыкладу, адзін толькі “Гомелькабель” дае амаль траціну ўсяго экспарту зоны.

Летась “зона” мела адмоўнае знешнегандлёвае сальда. Іншымі словамі, у свабодную зону завезена імпартнай сыравіны, абсталяваньня, матэрыялаў на 1 мільён 81 тысячу даляраў болей, чымсьці адпраўлена прадукцыі на экспарт.

Усё гэта вымушае ўлады канстатаваць, што за чатыры гады існаваньня зоны сюды не прыйшло значных інвэстыцыяў і новых тэхналёгіяў.

Распавядае намеснік старшыні аблвыканкаму ў пытаньнях эканомікі Уладзімір Патупчык:

(Патупчык: ) “На жаль, мы вымушаныя канстатаваць, што ня толькі ў нашай свабоднай эканамічнай зоне, але і ва ўсіх астатніх зонах вялікага прарыву мы не атрымалі. Гэта праблема, над якой нам варта разам думаць — і адміністрацыі свабоднай зоны, і кіраўніцтву вобласьці ды кіраўніцтву краіны ў цэлым”.

Летась гомельскую зону пакінулі 8 рэзыдэнтаў. 7 зь іх, прадпрымальнікі зь Нямеччыны, Польшчы, Літвы, наагул не распачыналі гаспадарчай дзейнасьці. Рэзыдэнты патрабуюць стабільнага падатковага, мытнага заканадаўства. І наагул – пэўных правілаў гульні. У прыватнасьці, дырэктар прадпрыемства “Чэбел” Яраслаў Бедэрка заяўляе, што пасьля ягонай скаргі ў гарадзкую інспэкцыю на неабгрунтаваныя санкцыі, падаткоўцы літаральна за ноч зьнялі з рахунку 12 мільёнаў рублёў.

У ганконгскага прадпрыемства “Айчына”, што зьбіралася стварыць у гомельскім аэрапорце адмысловы тэрмінал, у банку “Пошук” заблякавалі ажно 2 мільёны даляраў.

Вось што сказаў аб сытуацыі ў зоне намесьнік кіраўніка ейнай адміністрацыі Уладзімер Трацякоў:

(Трацякоў: ) “Кожны год дзяржава прыдумляе новыя зборы. Падаткі ўсе стабільна вызначаныя, а вось зборы, якія плацяць рэзідэнты, — зборы кожны год прыдумляюць новыя. Назвы іх мяняюць, адсоткі – і мы вымушаны гэтыя зборы плаціць.

Напрыклад, збор з выручкі ў памеры 2,5%. Уведзены ён у 2000 годзе – і вось зараз група нямецкіх прадпрыемстваў заявіла: “Пакуль ня скажаце, што зборы гэтыя плаціць ня будзем, датуль не будзем укладаць інвестыцыі”. І не таму, што для іх гэта ноша невыносная. Не! Проста яны ведаюць, калі не дамагчыся стабільнасьці, заўтра прыдумаюць што-небудзь іншае”.

(Стэльмак: ) “Між іншым, адначасова з гомельскай структурай указам Аляксандра Лукашэнкі была створаная і свабодная эканамічная зона "Менск". Ейнымі рэзыдэнтамі за гэты час сталі 60 фірмаў. Аднак у іх ліку няма ніводнага высокатэхналячнага прадпрыемства. Камэнтуючы сёньня нашаму радыё адсутнасьць сярод рэзыдэнтаў кампутарных ды радыёэлектронных фірмаў, кіраўнік адміністрацыі зоны "Менск" Мікалай Цэдрык зазначыў:

(Цэдрык: ) "На сёньняшні дзень мы пакуль не стварылі ўмоваў для гэтай галіны. У нас створаныя ўмовы для машынабудаваньня, будаўнічай індустрыі. На нашай тэрыторыі ёсць харчовы камбінат, малаказавод, экспэрымэнтальны завод. Мы хутка расьцём — штогод больш як удвая павялічваем паказьнікі інвэстыцыяў, аб'ёмаў вытворчасьці, колькасьці рэзыдэнтаў.

З другога боку, у нас яшчэ гады станаўленьня. Мы, вядома, хацелі б, каб укладаліся ў зону вялікія інвэстыцыі. Але ў сярэднім на прадпрыемства ўкладаецца каля паўтара мільёна даляраў. На нашых прадпрыемствах працуюць каля трох тысяч чалавек".

(Стэльмак: ) “Кіраўнік свабоднай эканамічнай зоны "Менск" лічыць сталічны досьвед станоўчым.

Горадня — адзіны абласны цэнтар у Беларусі, які пакуль ня мае свабоднай эканамічнай зоны. Чаму? Распавядае наш тамтэйшы карэспандэнт Сяргей Астраўцоў”.

(Астраўцоў: ) “Свабодная эканамічная зона ў Горадні магла б існаваць ужо гадоў з адзінаццаць. Прынамсі, ужо ў 1991 годзе дэпутаты абласнога савету прагаласавалі за яе стварэньне. Месца для яе вызначылі каля памежнага пераходу “Брузгі”. Вядома было, і колькі гектараў зямлі зойме зона. Нічога з гэтага не атрымалася.

Зноўку да гэтай задумы ўлады вярнуліся 5 гадоў таму. Падыход ужо быў іншы. Частку буйных прадпрыемстваў гораду апанаваў крызыс. Першым разам улады спадзяваліся выкарыстаць зручнае геаграфічнае становішча, пачаць зарабляць грошы, разьвіць прадпрымальніцтва, стварыць сумесныя прадпрыемствы. Цяпер на першы плян выйшла патрэба захаваць прадпрыемствы, якія ёсьць, і працоўныя месцы.

Атрымалася, што некалькі прадпрыемстваў, якія займаюць вялікі гарадзкі квартал, знаходзяцца прыблізна ў аднолькава кепскай сытуацыі. Гэта — паўночны прамысловы вузел. Тут разьмяшчаліся завод аўтаагрэгатаў, “Радыёпрыбор”, прадзіўна-ніткавае аб’яднаньне, тонкасуконны камбінат. Цяпер некаторыя называюцца інакш.

Справа, аднак, зацягнулася. Дакумэнтацыю на стварэньне СЭЗ “Горадня-Інвэст” перадалі ва ўрад. Пачалася важданіна. Сёньня мне паведамілі ў аблвыканкаме, што экспэрты нарэшце далі станоўчую адзнаку праекту. Аднак усе чакаюць, пакуль дабро дасьць сам Лукашэнка.

Сёньня ў адкрытым эфіры гарадзенскага радыё старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка сказаў наконт СЭЗ наступнае: “Частка прапрыемстваў Горадні будзе ўваходзіць у склад СЭЗ. Ужо прынята пастанова Савету Міністраў. Цяпер усе матэрыялы знаходзяцца ў адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.

(Стэльмак: ) “Як паведаміў Сяргей Астраўцоў, гарадзенскі губернатар Уладзімір Саўчанка паабяцаў уласнаручна давесці да канца ідэю заснаваньня СЭЗ у Горадні.

А што думаюць наконт беларускага досьведу свабодных эканамічных зонаў экспэрты? Гаворыць эканамічны дарадца менскага прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі Леанід Злотнікаў”.

(Злотнікаў: ) "Гэта на справе нічога не дае Беларусі. Амаль што нічога".

(Стэльмак: ) "І тым ня менш адбываецца будаўніцтва свабодных эканамічных зонаў у Беларусі. Я ведаю, што нядаўна была ўтвораная свабодная эканамічная зона "Магілёў".

(Злотнікаў: ) "У 2001 годзе доля прамых замежных інвэстыцыяў склала ў Беларусі толькі 0,4% ад усіх інвэстыцыяў у эканоміку Беларусі. І што б мы ні гаварылі, як бы мы ні разважалі, мы бачым, на практыцы бачым вельмі малы ўдзел замежных капіталаў у нашай эканоміцы. Таму можна адказаць ужо ў цэлым, што гэта ўсё не ўдалося. Ні свабодныя эканамічныя зоны, ні новы інвэстыцыйны кодэкс, ні іншыя захады дзяржавы”.

(Стэльмак: ) "Паводле вашых зьвестак, ці ёсьць міжнародны досьвед, дзе б утварэньне свабодных эканамічных зонаў прыносіла б эканамічны плён краінам?"

(Злотнікаў: ) "Канешне. Напрыклад, Кітай. Там былі створаныя першыя прадпрыемствы з высокай тэхналёгіяй у Кітаі. Гэта была зборка кампутараў, зборка іншай электронікі, каляровых тэлевізараў. З гэтага пачыналіся рэформы ў Кітаі. Гэта вельмі моцна паўплывала на развіццё Кітаю".

(Стэльмак: ) "Тады, магчыма, варта было б прыняць правілы, паводле кітайскага досьведу, якія б дазволілі ў Беларусі разьвіцьцё эканамічных зонаў. Як вы лічыце?"

(Злотнікаў: ) "Не. Трэба, каб уся Беларусь была свабоднай эканамічнай зонай".

(Стэльмак: ) “Між іншым, ня выключана, што свабодныя эканамічныя зоны ў Беларусі спыняць сваё існаваньне. Як вядома, учора падчас знаходжаньня ў Менску прэм'ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў агучыў дамоўленасьць, паводле якой Беларусь мусіць зьліквідаваць ільготны рэжым для сваіх прадпрыемстваў.

Мяркуецца, што новая інтэграцыйная ініцыятыва будзе рэалізаваная да 1 красавіка. У адміністрацыях свабодных эканамічных зонаў ня ведаюць, ці тычыцца гэтае рашэньне іхных рэзыдэнтаў. Але насьцярожанасьць з гэтай прычыны ўжо зьявілася.
XS
SM
MD
LG