Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страчаныя сьвяты Юліі Чыгір


Ірына Халіп, Менск

(Халіп: ) "Юлія Чыгір з тых жанчын, хто даўно ўжо не сьвяткуе 8 сакавіка. Таму што 6 сакавіка 2000 году пачаўся судовы працэс над яе мужам, былым прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром, 6 сакавіка 2001 году набыў моц прысуд самой Юліі Чыгір і ўрэшце 6 сакавіка 2002 году быў абвешчаны прысуд яе сыну Аляксандру.

Прысуд гучыць дзіка: 7 гадоў пазбаўленьня волі. Юлія Станіславаўна, а вам не хацелася зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дапамагчы? Ён жа любіць тых, хто да яго зьвяртаецца: глядзіш — і дапамог бы...”

(Чыгір: ) "Я ня ведаю, аб чым я яго павінна прасіць. Я зьвярталася да пракурора Шэймана з заявай гэтай восеньню. У той заяве я зьвярталася ня толькі да Шэймана, але таксама і да Лукашэнкі. Я са свайго пункту гледжаньня пісала аб тым, што адбываецца паміж нашымі сем’ямі, паміж маім мужам і Лукашэнкам. Ніхто зь іх ня даў адказу на мой ліст, на маю скаргу, на маю заяву. Адказаў адзін з тых, на каго я скардзілася — супрацоўнік рэспубліканскай пракуратуры Мацаль”.

(Халіп: ) "Шматгадовы перасьлед вашай сям’і прымушае думаць, што гэта проста помста. За што?”

(Чыгір: ) "Ведаеце, я заўсёды лічыла і лічу на сёньняшні дзень, што помсту пачаў ня сам Аляксандар Лукашэнка. Грамадзкасьць ня ведае, што перасьлед нашай сям’і пачаўся празь месяц пасьля таго, як Міхаіл згадзіўся стаць прэм’ерам. Я лічу, што яму помсьцілі іншыя асобы — тыя, што не маглі дараваць яму, што ён згадзіўся стаць прэм’ерам.

Потым гэтыя асобы ўжо разам з Лукашэнкам пачалі яму помсьціць, з аднаго боку, за тое, што ён стаў працаваць з Лукашэнкам, з другога — за тое, што Міхаіл, як лічыць Лукашэнка, здрадзіў яму, пайшоў з кабінэту міністраў гучна, з заявай. Гэтага Лукашэнка не чакаў ад яго. І сёньня я лічу, што Лукашэнка помсьціць яму менавіта за гэта”.

(Халіп: ) "Грамадзкая думка — штука жорсткая. Ёсьць шырока распаўсюджанае меркаваньне, што Міхаіл Чыгір знаходзіцца ў вас пад абцасам і ўсе рашэньні прымае выключна пад вашым уплывам”.

(Чыгір: ) "Я нават не магу падлічыць, колькі гадоў гэтай плётцы. Плётка зьявілася яшчэ ў сямідзесятых гадах — калі Міхаіл зьехаў у Маскву, а я засталася з двума дзецьмі ў Клецку”.

(Халіп: ) "І ўсё ж такі...”

(Чыгір: ) "...ці праўда гэта? Ведаеце, мы пражылі 26 гадоў, і я ўвесь час была за яго сьпіной. Я толькі выйшла з-за гэтай сьпіны пасьля таго, як арыштавалі Міхаіла. Мяне задавальняла роля жанчыны-памочніцы. Я не скажу, што не дапамагала свайму мужу і ня ведала, чым ён займаецца. Але ніколі я не магла ўплываць на яго, таму што ён вельмі цьвёрды чалавек”.

(Халіп: ) "Ён ня раіўся з вамі перад сваім сыходам у адстаўку?”

(Чыгір: ) "Я ведала, што ён прыняў такое рашэньне, але ён прыняў яго яшчэ вясной”.

(Халіп: ) "А чаму вы ня зьехалі разам зь ім у Маскву пасьля адстаўкі? Міхаіл Мікалаевіч меў там вельмі добрую пасаду ў заходняй кампаніі і вярнуўся, атрымліваецца, толькі каб сесьці ў турму”.

(Чыгір: ) "Атрымалася так. А чаму ня зьехалі? У нас вельмі моцныя сувязі з родзічамі. Мы падтрымліваем гэтыя сувязі, і нам цяжка было нават думаць пра тое, каб пакінуць сяброў і сваякоў і зьехаць у чужую для нас краіну. Хаця гэтае пытаньне абмяркоўвалася. А наконт таго, што ён вярнуўся... Шчыра кажучы, я не была згодная зь ім. Я была катэгарычна супраць тых выбараў, на якія ён пайшоў. Я вельмі доўга лічыла, што гэта — памылка”.

(Халіп: ) "Вы не спрабавалі пераканаць Аляксандра ў тым, што ў вашай сытуацыі яму, можа, і ня мела б сэнсу займацца бізнэсам, а лепш было б знайсьці спакойную работу?”

(Чыгір: ) "Спрабавалі. Вы ж ведаеце, што старэйшы сын папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі пасьля таго, як за 5 хвілін да мытнага дагляду знайшоў у сваёй машыне баявыя патроны. Ён добра ведаў, што іх там не было, і зразумеў, што яму іх проста падкінулі. І вырашыў не вяртацца.

Таксама і з Аляксандрам мы размаўлялі на гэтую тэму. Апошнія гады ён займаўся бізнэсам, але працаваў у Польшчы. А потым ён ажаніўся, у яго вельмі каханая жонка, нарадзілася дзіця... Ехаць з краіны было б цяжка. А ён гаварыў пра тое, што ня робіць нічога незаконнага, што працуе вельмі асьцярожна, што ўсё правярае. Ён гаварыў нам: “Вы, напэўна, кніжак начыталіся пра ўсякія банды”.

Мы таксама страцілі пільнасьць — ня думалі, што Лукашэнка такі слабы чалавек, што будзе помсьціць дзецям. Калі Міхаіл быў у турме, з вуснаў Лукашэнкі народ пачуў, колькі мільёнаў ён быццам бы скраў, потым быў абвешчаны прысуд мне. Ну колькі можна?!

Здавалася б, чалавек павінен зразумець, што новы ход гаворыць ужо не аб нашай непрыстойнасьці, а аб ягонай хваробе”.

(Халіп: ) "Дарэчы, а дзе мільёны? І чаму вы дагэтуль не на Канарах?”

(Чыгір: ) "Ва ўяўленьні Аляксандра Рыгоравіча ці тых, хто абвінавачваў нас у крадзяжы гэтых грошай, 20 мільёнаў — ня так многа, каб ехаць на Канары. Іх нават не хапае на тое, каб не займацца крадзежам аўтамабіляў”.

(Халіп: ) "Прысуд вашаму сыну сапраўды гучаў дзіка. Што вы зьбіраецеся рабіць зараз? А калі ў вас не атрымаецца чаго-небудзь дабіцца, як вы будзеце жыць гэтыя 7 гадоў?”

(Чыгір: ) "Пасьля прысуду на душы зусім пуста. Усе разумеюць, што прысуд гэты пісаўся ня ў Ленінскім судзе. Мы ведаем, дзе і як ён пісаўся. І калі прайшоў зьезд судзьдзяў, на якім Аляксандар Рыгоравіч гаварыў, што павінны выконвацца законы і што судзьдзі павінны прытрымлівацца новага Крымінальнага кодэксу — ужо тады стала страшна.

Бо я добра ведаю Аляксандра Рыгоравіча: калі ён кажа, што гэтага ня будзе ніколі, то менавіта гэтае абавязкова здарыцца. А гаварылася гэтае для таго, каб, крый божа, ніхто не падумаў, што ён да гэтага мае дачыненьне. Прэзыдэнт жа сказаў, што ўсё павінна быць згодна з законам! І там жа ён сказаў, што ні да якіх справаў дачыненьня ня мае”.

(Халіп: ) "А вы памятаеце, калі арыштавалі Аляксандра, быў такі дзіўны выпадак, што сам міністар унутраных справаў Навумаў (а гэта, здаецца, здарылася ў нядзелю) вырашыў правесьці прэс-канфэрэнцыю?”

(Чыгір: ) "Я вам яшчэ іншае нагадаю. Глухоўскі ўдзельнічаў у допытах Аляксандра, сам асабіста вазіў па гаражах з запчасткамі Беларускае тэлебачаньне — яшчэ да таго, як там праводзіліся сьледчыя дзеяньні. Ён браў у сьледчых ключы, адчыняў дзьверы і сам з экрана тэлебачаньня, калі не было ні пацярпелых, ні арганізаванай групы, ужо вылучаў тое абвінавачаньне, якое потым і разглядалася ў судзе”.

(Халіп: ) "А ў вас ёсьць жаданьне адпомсьціць тым, хто ва ўсім гэтым вінаваты?”

(Чыгір: ) "Ёсьць. І я ведаю, што яно зьдзейсьніцца. Калі я не дачакаюся нават таго дня, калі на Беларусі будзе ўладаром закон, то ёсьць яшчэ адна вялікая кара на гэтай зямлі — гэта жаночае пракляцьце. І сьлёзы той жа Вольгі Захаранка, той жа Зіны Ганчар, тых жа Завадзкіх — маці і жонкі, — мае сьлёзы проста так яму ня пройдуць. Вы паглядзеце сёньня на Аляксандра Рыгоравіча: яму толькі 47 гадоў, а ці выглядае ён на свой узрост? Думаю, ён сьпіць неспакойна”.
XS
SM
MD
LG