Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія алімпійцы прадэманстравалі такія сьціплыя вынікі ў Солт-Лейк-Сыты?


Ігар Карней, Менск

Два тыдні, адведзеныя першым алімпійскім гульням тысячагодзьдзя, перасяклі рысу фінішу. 78 камплектаў узнагародаў знайшлі сваіх гаспадароў, бальшыня рэкордаў атрымала новых герояў. Неўзабаве да лічбаў алімпійскай статыстыкі будуць апэляваць як да першай інстанцыі.

Але й гэтая Алімпіяда паступова стане толькі здабыткам гісторыі. Якую памяць пакінуць ХІХ зімовыя алімпійскія гульні ў беларускіх заўзятараў ды спартовых адмыслоўцаў?

Адказаць на гэтае пытаньне мы паспрабуем сёньня разам зь людзьмі, якія цягам усяго алімпійскага маратону пільна сачылі за інтрыгай белай Алімпіяды.

(Карней: ) “Адразу хачу папярэдзіць слухачоў, што гэтая праграма запісвалася да таго, як стала вядомае канчатковае разьмеркаваньне месцаў на хакейным турніры. Ды й сама экспэртыза задумвалася, шчыра кажучы, з улікам бясслаўнага фінішу беларускіх хакеістаў на этапе чвэрцьфіналу, але ніяк не далей.

Але гэта якраз той выпадак, калі можна сказаць: зусім ня кепска, што стройныя прагнозы адносна лёсу беларусаў разышліся з вынікам. А фурор, выкліканы беларускімі хакеістамі на Алімпіядзе, патрабуе асобнай размовы. Але каб не абысьці хакейную тэму зусім, хачу запытаць: хто з вас верыць, што эпахальная перамога над швэдамі — вынік тактычнай задумы трэнэрскага штабу?”

(Пуціла: ) “Я лічу, што гэта ўсё надуманае: маўляў, былі нейкія тактычныя задумы трэнэрскага штабу. З гэтай зборнай нельга рабіць тактычных захадаў, зыходзячы ўжо з таго, што яна гуляе на столькі, на колькі можа. Карацей кажучы, яна ня здольная гуляць увесь паядынак.

Толькі дзякуючы таму, што швэдзкая зборная гуляла марудна, інэртна, нашым удалося ўпершыню на турніры правесьці паядынак з настроем, мэтанакіравана, да самага ягонага заканчэньня. Таму размовы, што была нейкая задумка трэнэраў… Нават па твару Ўладзімера Крыкунова было бачна, што гэта шчасьлівы выпадак для зборнай Беларусі”.

(Карней: ) “Уладзімер Глод, а вы ці згодныя са спадаром Пуцілам?”

(Глод: ) “Я таксама лічу, што гэта выпадковасьць, і мне падаецца, калі зараз правесьці дзесяць гульняў паміж Швэцыяй і Беларусьсю, то швэды атрымаюць дзесяць перамогаў.

Датычна тактычных разьлікаў, нечага іншага... Кажуць, даў адпачыць вэтэранам. А каму даваць адпачываць наогул? Не маладым жа?.. Але самы, на мой погляд, красамоўны факт: квіткі на самалёт у Беларусь былі ўзятыя на наступны дзень пасьля чвэрцьфіналу. Квіткі былі замоўленыя, адпаведна, раней, і гэта сьведчыць, што ніхто не спадзяваўся на выступ беларусаў у паўфінале”.

(Карней: ) “Ну і нарэшце меркаваньне Віталя Цыганкова”.

(Цыганкоў: ) “Я хачу прывесьці знакамітае выслоўе заснавальнікаў футболу, ангельцаў — адносна футболу, але ўсё ж у нейкім сэнсе ўнівэрсальнае: самае прыгожае ў гульні — вынік на табло. Як беларусы выйгралі ў швэдаў, мы будзем абмяркоўваць бліжэйшымі днямі, але праз тры, пяць, дзесяць гадоў падрабязнасьці, акалічнасьці й пэрыпэтыі гульні забудуцца, а застанецца толькі вынік: тое, што зборная Беларусі здабыла найлепшы вынік у сваёй хакейнай гісторыі. І гэты матч таксама адзін з самых сэнсацыйных вынікаў у гісторыі алімпійскага руху”.

(Карней: ) “Але ад нечакана прыемнай хакейнай тэмы да паўсядзённасьці. А яна такая, што Беларусі зь вельмі вялікімі натугамі ўдалося трапіць у сьпіс краінаў-уладальніцаў алімпійскіх узнагародаў. У літаральным сэнсе скокнулі, дзякуючы Аляксею Грышыну, у апошні вагон мэдалёвага саставу (унутрана, натуральна, усё ж спадзяваліся на мэдаль некалькі іншай вартасьці, а калі ўжо да канца быць шчырымі, і на крыху большую іх колькасьць).

Паводле зьнешніх адчуваньняў, гульні ў Солт-Лейк-Сыты — правальныя ці НЕ для беларускай зборнай каманды? Асабліва з той акалічнасьці, што прозьвішчы ў нас былі дастаткова гучныя, і раней гэтыя людзі неаднаразова ўздымаліся на прыступкі міжнародных п'едэсталаў? Зноў жа, мэдалёвыя шанцы: так бы мовіць, пляны (альбо мроі) і рэальнасьць. Ці гэтая Алімпіяда сапраўды ня вельмі ўдалая для беларусаў? Калі ласка, спадар Пуціла”.

(Пуціла: ) “Алімпійскія гульні былі праваленыя ад пачатку. Яшчэ калі я паглядзеў на склад каманды для Алімпіяды і ўбачыў, што найбольшую колькасьць складаюць лыжнікі. Спадзявацца, што 14 лыжнікаў могуць прынесьці ўзнагароду Беларусі, наіўна і несур’ёзна. Чаму такая вялікая колькасьць прадстаўнікоў у відзе спорту, дзе ніколі, ці амаль ніколі не было значных посьпехаў? — я ня ведаю.

Навошта абавязковая прысутнасьць двухборцаў ці скакуноў з трампліну? Мы ведаем: яны ў самым канцы ўсіх сьпісаў. Тое, што ў нас зьявіўся адзін мэдаль — гэта добра. Але Аляксею Грышыну, скажам так, пашанцавала, бо выканаў ён ня самае сучаснае сальта, ня самы сучасны камплект гэтых фігураў.

Аднак адзін мэдаль — гэта зусім ня тое, на што разьлічвалі, трацячы шматлікія грошы на падрыхтоўку зборнай, беларускія функцыянэры. Трэба сказаць, што мы заўсёды на зімовых Алімпійскіх гульнях заставаліся й застаемся сярод тых, хто даганяе, ці ў ролі тых спартоўцаў, якія спадзяюцца на нейкі цуд, на няўдачу суперніка. Так было з Грышыным, так было з хакейнай зборнай”.

(Карней: ) “Можа хтосьці ня згодны з такой радыкальнай высновай? Спадар Глод?”

(Глод: ) “Мне здаецца, Аляксандар Пуціла вельмі дакладна распавёў пра тое, што адбываецца ў беларускай камандзе. І адзін мэдаль Грышына — гэта і ёсьць суадносіны паміж ягоным посьпехам і разьвіцьцём зімовых відаў спорту ў Беларусі. Калі пачаліся Алімпійскія гульні, я даваў прагноз, што ўвогуле мэдалёў для Беларусі ня будзе, і сыходзіў больш з псыхалягічнага гледзішча.

У савецкі час быў такі выраз: “сустрэчны плян”. Давайце ўзгадаем дзень сёньняшні: міністар спорту абяцае тры мэдалі. Лукашэнка кажа: “Не, трэба пяць”. Ну нельга людзей вось так накручваць і ехаць на спаборніцтвы. Тым больш: адкуль гэтыя пяць мэдалёў? Адкуль тры? Біатлён? Мы ведаем, што гэта такое: там трэба яшчэ й бегчы. Нашыя хлопцы не бягуць. Хтосьці з журналістаў добра пажартаваў: у біатлёне Беларусь — партызанская рэспубліка, маўляў, добра хлопцы страляюць. Але ж біатлён ня толькі стральба, але й бег”.

(Карней: ) “Калі ласка, Віталь Цыганкоў: ці Алімпіяда для беларусаў правальная?”

(Цыганкоў: ) “Беларуская зборная засталася той жа, што й была чатыры гады таму. Ніводнага новага твару (я маю на ўвазе зборную па біатлёне), проста гэтыя ж людзі пасталелі яшчэ на чатыры гады. Адкуль у іх могуць узяцца лепшыя вынікі? Таму тыя тры–пяць мэдалёў, якія акрэсьлівалі спартовыя чыноўнікі ды кіраўніцтва дяржавы — гэта была абсалютна нерэальная задача.

Пагаджуся зь іншымі нашымі ўдзельнікамі: адзін мэдаль — гэта якраз адпавядае разьвіцьцю зімовых відаў спорту на сёньня ў Беларусі. Час ужо звыкнуцца, што ў зімовым спорце Беларусь маленькая краіна, дзе адзін–два мэдалі пры цяперашнім разьвіцьці спорту — гэта максымум, і не ўспрымаць гэта як нейкую страшную паразу, але як штосьці адэкватнае”.

(Пуціла: ) “Я лічу, што краіна, што сябе паважае, ня будзе выстаўляць максымальную колькасьць людзей у тых дысцыплінах, дзе мы наогул ня маем традыцыяў. Мы маем дасягненьні ў фрыстайле, біатлёне. Але лыжнае двухбор’е, скачкі з трампліну... Навошта везьці спартоўцаў на Алімпійскія гульні, ведаючы, што ніякіх вынікаў быць ня можа?

Сапраўды, тая постсавецкая сыстэма назаўжды засталася ў нашых функцыянэраў: як мага больш беларусаў прадставіць на Алімпіядзе, ніяк не разглядаючы пры гэтым фінансавыя магчымасьці краіны”.

(Карней: ) “Сёлетнія алімпійскія гульні беспрэцэдэнтныя па колькасьці скандалаў, значная частка якіх прыйшлася на долю беларусаў. Узгадаю толькі тэзысна: праблемы з расейцамі з нагоды выступаў у беларускай камандзе экс-расейскіх лыжніц; рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі са словамі пра “плявок у душу” ў гісторыі з біатляністамі, які быццам пазбавілі харчаваньня; пазбаўленьне акрэдытацыі шэфа місіі Яраслава Барычкі (і ў зьвязку з гэтым таямнічая допінгавая гісторыя вакол нашай адзінай прадстаўніцы ў шорт-трэку Юліі Паўловіч). Скандал вакол невяртанца, скакуна Андрэя Лыскаўца.

Пэўна, яшчэ нейкія закулісныя скандалы стануць набыткам галоснасьці ўжо пасьля Алімпіяды. Ці не зашмат для аднаго разу і для адной каманды? Ці можа, арганізатары сапраўды, як кажуць, няроўна дыхаюць у наш бок?

Да таго ж, ці могуць адбіцца на беларускай камандзе заявы Расейскага Алімпійскага камітэту, які на знак пратэсту супраць перадузятага судзейства заявіў пра намер ледзьве не пакінуць Солт-Лейк-Сыты і прапануе ладзіць альтэрнатыўныя гульні з удзелам пакрыўджаных на амэрыканцаў нацыяў?

Зноў жа асоба Хуана Антоніё Самаранча, які быццам дастаткова ляяльна ставіўся да расейскіх выступоўцаў, і пасьля ягонага адыходу ад справаў новае кіраўніцтва гэтую пазыцыю зьмяніла радыкальна?”

(Глод: ) “Найперш хачу зьвярнуць увагу, што гэта сапраўды першыя гульні пры новым прэзыдэнце Міжнароднага Алімпійскага Камітэту. І мне думаецца, што гэты новы чалавек, адносна малады чалавек, які прыйшоў у кіраўніцтва, спрабуе многае зрабіць па-новаму.

Колькі можна казаць пра гэты допінг? Тое, што пачалі правяраць спартоўцаў непасрэдна перад стартам — гэта вельмі добра; лічу, раней трэба было пачынаць! І мне здаецца, калі казаць пра расейскую зборную, усё ж яны выхаваныя на своеасаблівых адносінах з МАК, а фактычна са спадаром Самаранчам, які колькі гадоў узначальваў гэтую арганізацыю. Для Расеі існавалі пэўныя паслабленьні, а да гэтага хутка прывыкаюць. А калі ставяць у роўныя ўмовы, то гэта выклікае пратэст.

Датычна судзейства? — магчыма, яно ў пэўнай ступені не было аб'ектыўным, але я хачу падкрэсьліць адну дэталь. Усе кажуць: вось, дапамагаюць Злучаным Штатам, дапамагаюць Канадзе. Так, дапамагаюць. Але не таму, што гэта ЗША, а таму што Алімпіяда праходзіць у ЗША. Праходзіла б яна ў Фінляндыі, судзьдзі дапамагалі б у нейкай ступені фінам. Праходзіла б у Сэуле — яны б дапамагалі карэйцам. Пэўныя сымпатыі да гаспадароў заўсёды ёсьць. І рабіць з гэтага нейкую палітычную падзею зусім ня варта”.

(Карней: ) “Спадар Цыганкоў, вы згодныя, што ўсё залежыць ад месца правядзеньня Алімпіяды?”

(Глод, удакладняючы: ) “Ня ўсё, а шмат што!”

(Цыганкоў: ) “Ад месца, натуральна, многае залежыць. Але неяк атрымліваецца, што і летняя Алімпіяда ў Атланце, на думку бальшыні алімпійцаў, была ня самая ўдалая паводле арганізацыі... Фактар арганізацыі, судзейства не такі значны ў агульнай выніковай табліцы мэдалёў.

Здаецца, што сваю адносную няўдачу расейская зборная, расейскія чыноўнікі якраз спрабуюць аднесьці да нейкіх хітрыкаў супраць Расеі, нэгатыўнага стаўленьня да Расеі. Але калі ўзяць нават гэтыя, нібыта спрэчныя моманты; калі вярнуць гіпатэтычна страчаныя мэдалі й аддаць іх расейцам, усё роўна зборная Расеі не падымецца вышэй за чацьвертае месца ў агульным камандным заліку.

І вось гэта для сьвядомасьці расейцаў вельмі балюча — бачыць, што яны ня першыя, нават ужо не другія. Гэта менавіта тая ж самая постсавецкая сьвядомасьць, якая ў Расеі яшчэ мацнейшая, чым у Беларусі, не дазваляе ўспрыняць факт: Расея ня першая дзяржава ў алімпійскім руху”.

(Карней: ) “Аляксандар, вы згодны, што скандалы выгадныя найперш краінам, якія выступаюць слабей, чым плянавалі загадзя?”

(Пуціла: ) “Напэўна, ёсьць і такі момант. Што ж датычыцца прэзыдэнта МАК Жака Рагэ, я лічу, што ён падуладны ўсім эмоцыям амэрыканцаў (ці арганізатараў), іхным патрабаваньням. Магчыма, наконт допінгу Ўладзімер Глод і мае рацыю.

Аднак абсалютна абсурдная сытуацыя, калі два залатыя мэдалі ўручаюцца канадыйскім і расейскім фігурыстам: так пачынаюцца ўзаемныя крыўды, нават варожасьць. Да таго ж, гэта проста страшны прэцэдэнт на будучыню. Жак Рагэ на гэтай Алімпіядзе значна сапсаваў сваю рэпутацыю, займеўшы рэпутацыю непрынцыповага чалавека.

Рагэ ня тое каб прымаў бок канкрэтнай каманды ці краіны. Наадварот, ягоныя дзеяньні быццам былі нябачныя. Ён з усім згодны. Згаджаецца з адхіленьнем расейскай лыжнай каманды ад старту, згаджаецца з уручэньнем двух залатых мэдалёў. Гэта не ўпрыгожве новага прэзыдэнта МАК, і рабіць такое на пачатку кар’еры нельга. Адносна ж усіх скандалаў... Ёсьць усё ж момант палітычны ў тым, што робіцца са спартоўцамі”.

(Глод: ) “Ну, я тут не магу пагадзіцца з Аляксандрам, бо мне здаецца, новы прэзыдэнт МАК стаў закладнікам той сытуацыі, якую атрымаў. Памятаеце, калі шмат гадоў панаваў у Алімпійскім камітэце Самаранч: усе гэтыя скандалы вакол грошай, хабараў. Фактычна МАК не рэфармаваў, не зьмяняў сыстэму судзейства, сыстэму адзнакаў.

Сапраўды, у фігурным катаньні ўсё вырашае адзін голас, але зараз паступіла прапанова вельмі слушная: павялічыць колькасьць арбітраў, і вынікі, якія яны пакажуць, браць ня ўсе, а паводле “прапановы” кампутара. Такім чынам, зьняць вось гэты асабісты погляд. І гэта трэба было рабіць значна раней. Самаранч, на вялікі жаль, усё ж працаваў у рэжыме застою. І зараз новы прэзыдэнт МАК сутыкнуўся з “спадчынай” былога кіраўніка”.

(Карней: ) “Я бачу, мае што дадаць спадар Цыганкоў. Калі ласка, Віталь”.

(Цыганкоў: ) “Спорт адыходзіць ад тых алімпійскіх ідэалаў, якія былі калісьці абвешчаныя П’ерам дэ Кубэртэнам. Спорт зараз — гэта бізнэс і палітыка. Зрэшты, палітыкай ён быў заўсёды. Здавалася, пасьля “халоднай вайны” ўжо ня будуць, як некалі пісаў Чынгіз Айтматаў, “кожную закінутую шайбу лічыць перавагай сваёй сыстэмы” — на жаль, гэта засталося.

А падзеі апошніх гадоў — сапраўды, гэта далучэньне спорту да бізнэсу: калі дыктуюць некаторыя правілы ўжо тэлекампаніі, зноў жа “public relations”, калі некаторыя спартоўцы думаюць, як найлепш выйсьці ў прафэсійнае жыцьцё пасьля перамогі на Алімпіядзе. Усё гэта, безумоўна, уплывае на спорт, і як гэтага пазбавіцца, цяжка сказаць.

Вялізныя грошы спартоўцам плацяць, разьвіваецца фармацэўтычная індустрыя, і кажуць, што найлепшыя дасягненьні ня ў тых, хто больш прымае допінг, а ў тых, хто навучыўся раней яго выводзіць. Ці ёсьць гэта чысты спорт?”

(Пуціла: ) “Я хацеў бы дадаць: у нас няма сёньня нічога чыстага і сумленнага. Няма чыстай палітыкі, няма чыстай эканомікі, няма нават чыстай культуры. У спорце тое ж самае. Ня трэба з гэтым мірыцца, аднак перамагчы сыстэму, якая ўся пабудаваная на грошах, цяжка.

Але й ляснуць дзьвярыма — таксама ня выйсьце. Я маю на ўвазе пляны Расеі пакінуць Алімпіяду, ці як той кіраўнік расейскага Алімпійскага камітэту Леанід Цягачоў заяўляў пра нейкія свае альтэрнатыўныя гульні сярод пакрыўджаных — гэта ні да чаго добрага таксама не прывядзе”.

(Цыганкоў: ) “На маё глыбокае перакананьне, гэта ад самага пачатку быў блеф. Расейцы нават калі нешта падобнае і ўчынілі б, то ня ведалі б, як выйсьці з той сытуацыі, якую самі сабе стварылі”.

(Карней: ) “Будзем спадзявацца, што ўсе гэтыя скандалы замкнуцца ў коле гэтай Алімпіяды і ня выйдуць надалей, на пэрспэктыву. Мы цягам Алімпіяды ўжо ўздымалі пытаньне адносна стымуляваньня нашых спартоўцаў.

Плянавалася, што пасьпяховы выступ будзе адзначаны буйнымі сумамі ад імя дзяржавы. Шчодрасьць зьнешне ўражвае — 60 тысяч даляраў за золата дазволілі сабе зусім нешматлікія нацыянальныя алімпійскія камітэты, нават і сярод вельмі багатых краінаў.

Але адна справа, напрыклад, Нямеччына, спартоўцы якой болей за 30 разоў падымаліся на п’едэстал, і зусім іншае — калі рэальна сваё майстэрства прадэманстраваў толькі адзін спартовец, як у нас. Вось такія зьнешне шырокія жэсты — яны ад таго, што дзяржаўныя чыноўнікі самі ня вераць, што спартоўцы здольныя да барацьбы за найвышэйшыя месцы? Прынамсі, з такімі выступамі, як у Солт-Лейк-Сыты дзяржава ніколі ня будзе ў мінусе... Ці згодныя вы з такой пастаноўкай пытаньня?”

(Пуціла: ) “Я мяркую, калі б зборная Беларусі па хакеі заняла трэцяе месца, гэта было б недаспадобы нашым функцыянэрам. Бо за трэцяе месца належыць уручыць 22,5 тысяч даляраў кожнаму, як гэта было з камандай гімнастак у Сыднэі. Такім чынам, прыйшлося б адным хакеістам выкласьці мільён даляраў. Таму, пэўна, ня ўсе функцыянэры перажывалі за нашую каманду — ёсьць і такі аспэкт.

Што тычыцца непасрэдна ганарару, то ён нават вышэйшы, чым у больш заможнай (я так лічу) Расеі. У іх — 50 тысяч за золата, у нас на 10 тысяч болей. Але калі няма здароўя, няма добрай хуткасьці, дакладнасьці ў чымсьці, то й наўрад ці грошы дапамогуць. Я лічу, што ўсё ж гэта занадта шырокі жэст: 60 тысяч даляраў за золата для спартоўцаў, якія і так не пакрыўджаныя ў нашай дзяржаве”.

(Карней: ) “У якасьці рэмаркі. Калі б тыя ж хакеісты падняліся на больш высокую прыступку, выдаткі наогул былі б страшэнныя?”

(Пуціла: ) “Так, 37 тысяч за другое, за першае, я ўжо казаў, 60 тысяч. Я так мяркую, з прэзыдэнтам узгадняліся гэтыя сумы, і што было б — я ня ведаю. Карацей кажучы, толькі заўзятарам выгодна і радасна, калі нашыя спартоўцы перамагаюць, а для функцыянэраў гэта залішні галаўны боль”.

(Карней: ) “Сапраўды, па колькасьці скандалаў мы значна пераўзышлі колькасьць мэдалёў. Чаму так? Можа адзін з сакрэтаў няўдалых выступаў нашых спартоўцаў у тым, што абсалютная бальшыня, як гэта ні жорстка гучыць, адслужыла свой спартовы тэрмін? Зь якім вынікам з Алімпіяды ў Алімпіяду бегаюць адныя і тыя ж ногі — мы ўжо пераканаліся.

Зь іншага боку, ёсьць вэтэраны і ў іншых камандах — тая ж Бэльмонда, Форсбэрг, Нойманава. Яны не хапалі шмат зорак, як некалі, але іхныя выступы не былі правальнымі. У чым справа: няма дзе трэніравацца, няма стымулаў, жаданьня? Чаму, калі біатляністы добра страляюць, то абавязкова дрэнна бегаюць? Чаму такі парадокс беларускі?”

(Пуціла: ) “Я адразу хачу сказаць, што ня толькі ўзроставыя спартоўцы ў нас дрэнна выступаюць, але й маладыя, якія дэбютавалі ў Нагана. Зараз яны прыехалі ў ЗША й паказалі яшчэ горшы вынік. 22–23 гадовыя лыжнікі, канькабежцы, скакуны з трампліну ці двухборцы — зусім іхныя вынікі не растуць. Чаму? — цяжка сказаць”.

(Карней: ) “Спадар Глод, ваша меркаваньне адносна так званых спартовых турыстаў?”

(Глод: ) “Мабыць, уплывае на такі слабы выступ і тое, што ёсьць вялікая спакуса ўзяць спартоўцаў збоку: з Расеі, з Украіны, зь іншых краінаў СНД. Сапраўды, навошта “карачыцца”, навошта працаваць, навошта недасынаць, перабегваць? Калі можна набыць гатовага спартоўца, зрабіць яму беларускі пашпарт і накіраваць яго на Алімпіяду.

Але мы пераканаліся, што з такога падыходу нічога на гэтых Алімпійскіх гульнях не атрымалася. І будзе слушна, калі гэты ўрок нашыя спартовыя функцыянэры прымуць да ведама і адмовяцца ад такой фрмы “закупу” спартоўцаў з суседніх краінаў з далейшым уручэньнем ім беларускага пашпарту”.

(Карней: ) “Ну і нарэшце, Віталь Цыганкоў. Пэўна, апошняе слова”.

(Цыганкоў: ) “У Беларусі шмат “адаптаваных” спартоўцаў зь іншых краінаў — гэты факт яшчэ раз даказвае, што для беларускіх спартовых чыноўнікаў галоўнае вынікі, мэдалі, паказчыкі. Не разьвіцьцё спорту, не выхаваньне сваіх талентаў, пачынаючы ад дзіцячага спорту, а толькі нешта паказное. Лепей купіць Цупер ва Ўкраіне, Нагейкіну ды іншых у Расеі, і спадзявацца, што яны пакажуць нейкі вынік.

Што да “спартовых турыстаў”... Менавіта адзін зь іх, скакун з трампліну Андрэй Лыскавец паказаў і паводзіў сябе як турыст. Заняў месца другое ці трэцяе з краю па выніках спаборніцтваў і застаўся ў ЗША, як ён выказаўся, “падзарабіць”. Натуральна, ніякай палітычнай падкладкі тут няма, чалавек мо нешта да канца не зразумеў. Але пытаньне: навошта было браць на Алімпіяду турыста, які й адчуў сябе менавіта ў такой ролі?

З маладых наогул мы бачым толькі фрысталістаў, якія паказваюць дастойныя вынікі, і беларуская школа фрыстайлу сапраўды мае свой гонар і пэрспэктывы. Хакеісты, на жаль, усе каля 33–35 гадоў. І гэты “цуд на лёдзе”, які здарыўся... Вельмі будзе крыўдна, калі ён не пацьвердзіцца.

Нагадаю, беларусы трапілі ў групу “Б” усясьветнага чэмпіянату, і будзе не зразумела, калі паўфіналісты Алімпіяды ня выйдуць з групы “Б”. А гэта насамрэч магчыма, бо бальшыня хакеістаў на мяжы адыходу ад вялікага спорту, а там будзе вельмі жорсткая канкурэнцыя, усе будуць біцца, бо ўсе зборныя прыблізна аднаго ўзроўню. Немагчыма будзе выкласьціся толькі ў адным матчы, і таму вельмі трывожыць, што ў беларускай зборнай толькі некалькі чалавек маладзейшыя за 25 гадоў. Што будзе далей зь беларускім хакеем — зараз цяжка сказаць”.

(Карней: ) “Хачу падхапіць — і з усім зімовым беларускім спортам таксама. Думаю, выкажу агульнае меркаваньне, што пасьля цырымоніі афіцыйнага закрыцьця Алімпійскіх гульняў нам будзе нечага не хапаць. Якія б вынікі ні прадэманстравалі сучасныя куміры (пацьвердзілі, ці наадварот, ня спраўдзілі ўскладзеных чаканьняў), што б ні хавалася за (часам) дзіўным судзействам, але адчуваньне нечага куды большага, чым традыцыйны пазаштатны чэмпіянат, прысутнічала цягам усіх двух тыдняў.

Дзякуй, што знайшлі час завітаць да нас і падзяліцца слушнымі думкамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG