Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Mагчыма ўвесь час усіх саджаць — бабы новых нараджаюць”.


Віталь Цыганкоў, Менск

Чаму Аляксандар Лукашэнка праводзіць чыстку сярод дырэктарскага корпусу? Ці сапраўды кіраўнікі прадпрыемстваў уяўляюць нейкую пагрозу для ўлады і зьяўляюцца патэнцыйнымі лідэрамі новай апазыцыі?

(Цыганкоў: ) “Затрыманьне дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава — адна з найбольш гучных падзеяў у ланцугу падобных затрыманьняў і арыштаў.

Нагадаю, за апошнія тыдні ў Беларусі распачалі дзясяткі крымінальных справаў супраць буйных прамыслоўцаў і дырэктароў прадпрыемстваў. У гаспадарчых злачынствах абвінавачваюць дырэктароў рынкаў, дырэктара гомельскага радыёзаводу Анатоля Кірыкава, начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманька, дырэктара вытворчага аб’яднаньня “Атлант” Леаніда Калугіна. У лістападзе Аляксандар Лукашэнка пасьля першых арыштаў заявіў, што “на чарзе яшчэ чалавек пятнаццаць”.

Навошта Аляксандру Лукашэнку гэтая чыстка сярод дырэктарату? Няўжо дырэктарскі корпус нясе нейкую пагрозу для кіраўніцтва краіны? Ці гэта больш паказальна-ідэалягічны акт?”

(Лявонаў: ) “Я лічу,што менавіта гаспадарчы актыў сёньня прадстаўляе найбольшую пагрозу для ўлады. Бо палітычная апазыцыя, тая, якая ёсьць, на жаль, ня здольная вельмі сур’ёзна паўплываць на палітычны працэс, на зьмену ўлады. Менавіта намэнклятура можа зрабіць тое, што трэба зрабіць у Беларусі.

Гэта галоўная прычына, чаму пайшлі гэтыя арышты. Гэта сталінская “справа лекараў” — так бы я коратка сказаў”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Івашкевіч, ці згодны вы з тым, што сёньня дырэктарат сапраўды ёсьць пагрозай для ўлады? Тут, канечне, адразу ўзьнікаюць сумневы й сустрэчныя пытаньні — якую пагрозу, у чым яна выяўлялася? Калі яна ёсьць, чаму дырэктарат дасюль ня выказаў сваёй апазыцыйнасьці ці хаця б актыўнасьці?”

(Івашкевіч: ) “Я дапускаю, што Лукашэнка можа бачыць патэнцыйную пагрозу ў апазыцыйных настроях намэнклятуры, але я скептычна стаўлюся да таго, што яна нешта здольная зрабіць, нейкія дзеяньні. Прынамсі, пабачым бліжэйшым часам, ці здольныя яны хаця б абараніць саміх сабе? Ці знойдзецца хаця б адзін дырэктар, які выступіць у падтрымку свайго сябра, якога пацягнулі пад крымінальную справу.

Нааагул, я ведаю, што распачалі больш як 700 крымінальных справаў на кіраўнікоў прадпрыемстваў у Беларусі. Іх усяго каля 4 тысяч, і ўсе маўчаць... Не, на кухні яны, відаць, абураюцца, але публічна ўсе маўчаць. Саюзы і асацыяцыі прамыслоўцаў маўчаць. Нават невядома, як той жа апазыцыі кінуцца на дапамогу, бо дырэктары за той дапамогай не зьвяртаюцца. І можна нарвацца, што прыйдзеш дапамагаць, а табе скажуць: “Сыдзі, нацыяналіст, ты толькі перашкаджаеш нам сваёй дапамогай”.

Таму я ня ведаю, якая тут яўная пагроза для рэжыму. А мэты затрыманьня Лявонава — па-першае, яшчэ раз застрашыць дырэктарскі корпус, і па-другое, Лукашэнка рыхтуецца да нейкага варыянту прыватызацыі, і трэба дырэктарат паставіць на месца, каб яны і ня думалі браць удзел у гэтай прыватызацыі”.

(Цыганкоў: ) “Працягнем тэму магчымай “апазыцыйнасьці” дырэктарата. Нагадаю, пасьля выбараў Лукашэнка абяцаў з усімі “разабрацца” і ў гэтым сэнсе выконвае свае абяцаньне — разьбіраецца. У многіх камэнтарах кажуць, што гэта акт застрашваньня дырэктарскага корпусу. Таксама кажуць, што Лукашэнка, пачаўшы барацьбу зь нейкай сацыяльнай групай, не супакоіцца, пакуль не расьцісьне патэнцыйных лідэраў гэтай групы, патэнцыйных лідэраў апазыцыі.

У мяне, шчыра кажучы, такія меркаваньні выклікаюць вялікія сумневы. Калі Міхаіл Лявонаў ці хто іншы з прамыслоўцаў мог стаць патэнцыйным лідэрам нейкай новай апазыцыі, чаму дагэтуль ён (ці хто іншы з дырэктарату) ніяк не выяўляў сваёй апазыцыйнасьці ці хаця б незадаволенасьці.

І дзе гарантыя, што той іншы дырэктар МТЗ, які прыйдзе наўзамен Лявонава, ня стане таксама небясьпечным проста з-за сваёй пасады, свайго ўплыву як кіраўніка найбуйнейшага прадпрыемства?

Спадар Васіль Лявонаў, ці былі ў вас як у даверанай асобы адзінага кандыдата Ўладзімера Ганчарыка нейкія кантакты зь Міхаілам Лявонавым — ці можна ўвогуле знайсьці нейкія сьляды ягонай апазыцыйнасьці?”

(Лявонаў: ) “Ведаеце, зараз, калі Лявонаў за кратамі, распавядаць нейкія зьвесткі было б нямэтазгодна. Таму я б устрымаўся ад камэнтароў на тэму, хто калі з кім меў якія кантакты.

Аднак, выслухаўшы папярэдняга суразмоўцу, хачу сказаць, што ў мяне яшчэ больш умацоўваецца ўражаньне, што дырэктарат сёньня — галоўная апазыцыя для ўлады. Дырэктары бачаць, куды ідзе справа, дырэктары бачаць катастрофу. Яны павінны думаць, ім тут жыць, працаваць, у іх тут дзеці й родныя. А вось у якім выглядзе гэта будзе, якія дзеяньні будуць — гэта ўжо іншае пытаньне. Я ня думаю, што ўсё будзе вырашацца на мітынгах, на якія ніхто ня ходзіць, на жаль, сёньня.

Вось уявіце — Міхаіл Лявонаў абвяшчае сабе кандыдатам у прэзыдэнты. За ім стаіць магутны калектыў трактарнага, на трактарны працуе яшчэ каля ста тысяч працаўнікоў. Другія заводы яго падтрымалі б. Што б рабіў Лукашэнка?.. Іншая справа, што Лявонаў не сумеў, не хапіла ў яго рашучасьці прыняць такое рашэньне. Гэта ўжо іншы бок справы...”

(Цыганкоў: ) “Мне ўсё ж здаецца, што мае права на жыцьцё эканамічная вэрсія таго, што адбылося. Першы яе аспэкт — гэта падрыхтоўка да магчымай прыватызацыі, у якой могуць узяць удзел і расейскія алігархі. Другі аспэкт — сёньняшні эканамічны стан прадпрыемстваў. За тры месяцы пасьля выбараў даходы працоўных Беларусі зьменшыліся — з улікам інфляцыі прыблізна на чвэрць. Зараз, калі нарастае незадавальненьне рабочых, трэба яго пераключыць на дырэктарскі корпус.

Спадар Івашкевіч, як паводле вашых назіраньняў, рабочыя ставяцца на кіраўнікоў сваіх прадпрыемстваў? Каму яны больш давяраюць — сваім дырэктарам ці Аляксандру Лукашэнку? Вядома, што Міхаіл Лявонаў даволі жорстка абыходзіўся зь незалежным прафсаюзам МТЗ. Ён яго цкаваў і ў выніку разграміў, можна сказаць. Ці ёсьць у рабочых прычыны абараняць Лявонава?”

(Івашкевіч: ) “Справа ня ў тым, што Лукашэнка хоча пераключыць незадавальненьне на дырэктараў. А пытаньне ў тым, што дырэктарат павінен быў бы перанакіраваць гэтае незадавальненьне на Лукашэнку. Як гэта было ў 1991-м годзе, калі паднялі цэны, і людзі прыйшлі выказваць абурэньне дырэктару. А тады дырэктарат іх паслаў на плошчу — “ідзіце да Кебіча”.

Але зараз нашыя дырэктары ня сьмеюць гэтага рабіць. Вось ужо некалькі разоў трактарны выхадзіў, перакрываў вуліцы,але ніхто з адміністрацыі не сказаў ім — мы нічога не вырашаем, ідзеце да Лукашэнкі.

Галоўны праціўнік у сьвядомасьці рабочага — гэта ягонае начальства, якое прымушае працаваць, пазбаўляе прэміі, не дае заробак... І каб рабочы ўсьвядоміў, што вінаваты не дырэктар, але вышэйшая ўлада, гэты дырэктар павінен сам яму пра гэта сказаць. І прынамсі, не давіць тыя сілы на заводзе, якія замест дырэктара могуць гэта сказаць — напрыклад, Свабодны прафсаюз.

Атрымліваецца так, што нашыя дырэктары, як падпанкі. Самі ліжуць талеркі з-пад пана, затое перад падначаленымі распускаюць свае вусы і бізуном ляскаюць па сьпінах, паказваючы, якія яны самі паны”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Лявонаў, як Вам падаецца — ці не эканамічная вэрсія апошніх арыштаў?”

(Лявонаў: ) “Вы маеце рацыю ў тым, што такую мэту ставяць, і ўлады над гэтым працуюць, каб усё накіраваць на дырэктараў. Але я не лічу, што ўсе рабочыя такія, што нічога не разумеюць. Ня так шмат часу патрэбна, каб яны зразумелі, хто сапраўды вінаваты.

Хаця я не выключаю, што даць адказ, колькі на трактарным альбо на аўтамабільным за ці супраць дырэктараў, сёньня немагчыма. Людзі баяцца, і яны ня скажуць усёй праўды. Але я не лічу, што яны бяздумна, без канца будуць падтрымліваць уладу — гэта ня можа быць”.

(Цыганкоў: ) “Ваш прагноз на тэму “Хто наступны”? Я маю на ўвазе не канкрэтныя прозьвішчы, а сацыяльныя групы. Можа, чынавенства?”

(Лявонаў: ) “Я думаю, вэртыкаль. Там ёсьць ворагі Лукашэнкі”.

(Цыганкоў: ) “Там рэальныя ворагі Лукашэнкі ці гэта прапаганда будзе зь іх “ляпіць” ворагаў?”

(Лявонаў: ) “Там ёсьць і рэальныя ворагі — Лукашэнка гэта добра ведае. Вядома, будзе і прапаганда “ворагаў” рабіць, але нямала і сапраўдных ворагаў. Яны проста баяцца альбо ня лічаць мэтазгодным пакуль рабіць нейкія захады”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Івашкевіч, ваш прагноз — хто наступны?. Як увогуле будзе разьвівацца гэтая сытуацыя? Немагчыма ж увесь час усіх саджаць, павінна быць нейкая лёгіка, мэта...”

(Івашкевіч: ) “...Магчыма ўвесь час усіх саджаць — бабы новых нараджаюць. У кожнага дырэктара ёсьць свой галоўны інжынэр — мяняй бясконца. Сталінскія рэпрэсіі паказалі, што гэта можа цягнуцца дзесяцігодзьдзямі. Любы дыктатарскі рэжым у першую чаргу робіць чыстку ўладнай структуры, бо там небясьпечная апазыцыя. Адкрытая апазыцыя — гэта адкрыты фронт, зь ім лёгка ваяваць. А дыктатары найбольш баяцца здрады, бо самі здраднікі. Яны мяркуюць па сабе і душаць магчымую здраду. Таму я думаю, што чысткі ва ўладных структурах, у той жа вэртыкалі непазьбежныя”.

(Цыганкоў: ) “Заканчваючы нашу размову, варта пагадзіцца зь меркаваньнем, што арышты дырэктарату, відаць, працягнуцца. Цяперашняя ўлада ня можа існаваць бяз гучных палітычных кампаніяў, бяз пошуку вінаватых. На гэты раз чарга дайшла да кіраўнікоў прадпрыемстваў. Хто будзе наступным — чынавенства, вэртыкаль? — пытаньне дастаткова рытарычнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG