Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд мастакоў: "быць на кароткім павадку ўлады - ня той час"


Валянціна Аксак, Менск

Вынікі зьезду ў нашай менскай студыі абмяркоўваюць вядомая мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч і знаны мастак Аляксей Марачкін.
Праграму вядзе Валянціна Аксак.

(Аксак: ) "Ці задаволеныя вы абое вынікамі зьезду?"

(Трыгубовіч: ) "Вынікі зьезду ў выглядзе абраньня старшыні — гэта толькі шанец на тыя зьмены, якія даўно трэба ў гэтым Саюзе правесьці".

(Марачкін: ) "Я асабіста і мае сябры задаволеныя тым, што мы выбралі дэмакратычна настроенага мастака Ўладзімера Басалыгу. Вось гэтыя тры гады пакажуць, у якім кірунку мы пойдзем. Таму што за дзесяць гадоў кіраўніцтва спадара Генадзя Буралкіна зьявілася авой як шмат праблемаў".

(Трыгубовіч: ) "Але тым ня менш, я хачу сказаць і словы ўдзячнасьці спадару Буралкіну за тое, што ён кіраўваў Саюзам у гэтыя даволі складаныя, цяжкія дзесяць гадоў. За гэтыя гады ён здолеў зрабіць і шмат карыснага для Саюзу мастакоў у цэлым. Дзякуючы ў многім і ягоным стараньням маёмасьць мастакоў засталася ва ўладаньні Саюзу".

(Аксак: ) "Некаторыя выступоўцы заклікалі ўдзельнікаў зьезду абмяркоўваць не матэрыяльныя праблемы, а праблемы дачыненьняў творцаў і ўлады. Гэтыя дачыненьні апошнія дзесяць гадоў былі розныя, але з кожным днём яны ўсё пагаршаліся. Я маю на ўвазе творцаў дэмакратычнага накірунку.

Ужо гадоў пяць, як існуюць праблемы ў суполкі "Пагоня" са штогадовымі традыцыйнымі выставамі, праблемы з закупам іхніх твораў, праблемы наагул з правам рэалізаваць свае творчыя і грамадзянскія пазыцыі. Як вы лічыце, у сувязі са зьменай кіраўніцтва Саюзу гэтыя дачыненьні мастака і ўлады будуць мяняцца? Калі так, то ў які бок?"

(Марачкін: ) "Я думаю, што гэта будзе відаць блізкім часам, і калі хочаце, нават у бліжэйшы тыдзень. Калі атрымаў такую пасаду Ўладзімер Басалыга і ня здолее знайсьці рашэньне праблемы наконт друкаваньня каталёгу нашае суполкі "Пагоня" ў выдавецтве "Прынцім" — паміж гэтым выдавецтвам і Саюзам мастакоў заключана пагадненьне аб тым, што яны павінны друкаваць каталёгі й альбомы для мастакоў — калі ён ня здолее вырашыць гэтую праблему, будзе відавочна, што спадзяваньні ня спраўдзіліся. Чаму? Бо калі мы падалі наш каталёг, макет, і калі дырэктар гэтай фірмы ўбачыў бел-чырвона-белыя сьцягі, Быкава, Зянона Пазьняка і гэтак далей, ён катэгарычна адмовіўся друкаваць. Вось на чым праверыцца Ўладзімер Самойлавіч у бліжэйшы час".

(Трыгубовіч: ) "Пачынаючы прыкладна ад 1980 году я была на ўсіх зьездах Саюзу мастакоў, і мушу адзначыць, што на гэтым зьезьдзе гаворка ішла ў асноўным пра пытаньні гаспадарчыя, адміністрацыйныя і толькі ў двух ці трох выступах закраналіся праблемы творчыя. Гэта сьведчыць пра тое, што, па-першае, матэрыяльнае жыцьцё мастакоў пагоршылася нагэтулькі, што ім не да высокіх матэрыяў, а трэба вырашыць, як выжыць у гэтых умовах, а па-другое, што вось гэтыя ветры, якія дзьмуць (я маю на ўвазе перабудову эканомікі) ужо і гэтую частку мастакоў закранулі.

Калі на мінулых зьездах вылучаўся кандыдат на пасаду старшыні ад суполкі "Пагоня" — аднойчы гэта быў спадар Аляксей Марачкін, сёлета ён другі раз прэтэндаваў на гэтую пасаду, аднойчы гэта быў спадар Мікола Купава — зала рэагавала на гэта вельмі абвострана, вельмі шмат было выкрыкаў зь месцаў і выступленьняў супраць. На гэты раз вылучэньне адбылося абсалютна спакойна. Прэтэнзіяў да таго, што той ці іншы кандыдат на пасаду старшыні мае палітычную арыентацыю, якая пярэчыць сучаснай уладзе ў Беларусі, ня выклікаў аніводзін выступ".

(Аксак: ) "Пра што, уласна, сьведчаць і вынікі галасаваньня, якое праводзілася ў два туры, паколькі спачатку было ажно шэсьць кандыдатаў. У першым туры Ўладзімер Басалыга, дэмакратычны кандыдат, набраў 97 галасоў, Аляксей Марачкін набраў 56 галасоў. А ў другім туры, калі галасаваньне было ўжо паміж Уладзімерам Басалыгам і Георгіем Лойкам, прадстаўніком намэнклятуры, то раскладка галасоў была наступная: на карысьць Уладзімера Басалыгі — 183, на карысьць Георгія Лойкі — 131".

(Марачкін: ) "Я б хацеў дадаць, што тут арыентацыя нашых мастакоў у большасьці правільная. Ну нельга ж галасаваць за чалавека, які хваліцца тым, што зрабіў выставу ў расейскай Дзяржаўнай Думе і яго падтрымліваў Селязьнёў. Нельга галасаваць за чалавека намэнклятурнага характару, каторы, прабачце, піша даносы. Я згодзен з Валянцінай Андрэеўнай, што гэтым разам зьезд праходзіў спакойна і разважліва.

Але я не магу пагадзіцца з тым, што прыкметы часу занадта адчуваліся на нашым зьезьдзе. І зноў жа, частка мастакоў, каторым ня тое, што чужая нашая беларуская культура — яны абыякава да гэтага адносяцца — і тут праявіла сябе. З другога боку, зьнешняя атрыбутыка зьезду мастакоў таксама насьцярожвае. Ну скажам, статут у адрозьненьні ад мінулых гадоў быў надрукаваны на расейскай мове, мандат, каторым мы галасавалі ўвесь час — таксама надрукаваны па-расейску".

(Аксак: ) "Вось вы сказалі, што сапраўды было шмат трывожных момантаў на зьезьдзе, і мне здаецца, што да гэтых жа трывожным момантаў можна аднесьці й выніковую рэзалюцыю зьезду, бо ў цэлым яна прасякнутая духам савецкіх часоў. У прыватнасьці, у ёй гаворыцца пра тое, што трэба зьвяртацца да дзяржаўных структураў з просьбаю аднавіць практыку дзяржзамоваў, аднавіць у Міністэрстве культуры аддзел выяўленчага мастацтва, гэткі адмысловы кантрольны орган. Такая рэзалюцыя з новым дэмакратычным старшынём — як яна можа быць выкананая? Што атрымаецца ў гэтай сытуацыі?"

(Трыгубовіч: ) "Разумееце, Валянціна, мы ўсе яшчэ савецкія людзі. Адныя больш, іншыя — менш. І таму гэтая рэзалюцыя гэткая кампрамісная: уключалі ўсё, што хтосьці прапаноўваў, з рэдкімі выключэньнямі... Дайце людзям магчымасьць працаваць, дайце ім, урэшце, творчую свабоду!"

(Аксак: ) "Так, але гэта ўжо залежыць не ад мастакоў, не ад Саюзу мастакоў, а ад эканамічнага і палітычнага курсу ўлады".

(Трыгубовіч: ) "І ад той улады, да якой яны зьвяртаюцца і просяць".

(Аксак: ) "Спадар Аляксей, вы вылучалі сваю кандыдатуру на пасаду старшыні. А што б вы хацелі зрабіць у Саюзе мастакоў, калі б былі абраныя старшынём?"

(Марачкін: ) "Мне здаецца, што ў першую чаргу трэба, каб старшыня Саюза мастакоў быў творцам, і што прафэсіяналаў для арганізацыйнае працы ён павінен набраць. І каб ён быў аўтарытэтам. Я не хачу ні ў якім разе казаць, што Басалыга — гэта не аўтарытэт. Але мне здаецца, што я больш радыкальна вёў бы палітыку нашага Саюзу, бо наш Саюз улады трымаюць на кароткім павадку. Якраз улады правакуюць гэты падзел паміж намі і іншымі групоўкамі. Гэта датычыцца нават і прэмій, і званьняў: Заслужаны, Народны... Суполка "Пагоня" катэгарычна заявіла яшчэ 5-6 гадоў таму назад, што трэба скасаваць усе гэтыя званьні, бо яны ствараюць нездаровую атмасфэру сярод мастакоў. Няхай будуць нейкія прэміі, нешта іншае. Незадарма кіраўнік Рэспублікі трымае ўсе гэтыя фонды ў сваіх руках, фонды заахвочваньня маладых талентаў".

(Аксак: ) "Гэткім чынам, зробім выснову. Паводле вашага выступу выглядае, што ўсё ізноў жа залежыць ад улады, а не ад таго, хто кіруе мастакамі ў Саюзе ды якая іхная пазыцыя — палявела яна, паправела ці стала цэнтрыскай. Ці згодныя вы з гэткай высновай?"

(Трыгубовіч: ) "Я ня згодная з вашым пэсімізмам. Па-першае, на зьездзе пераважалі людзі старэйшага ўзросту, моладзі на зьедзе было мала, як на маю думку зацікаўленага назіральніка. А паколькі я стала кантактую з мастакамі, то я ведаю, што моладзь думае шмат у чым па-іншаму. І маладыя людзі — прынамсі, большая іх частка — ня ходзяць і ня просяць: "Дайце тое, дайце гэта," — у гэнай улады, якая ня хоча іх бачыць, слухаць і прымаць. Яны шукаюць спосабу станаўленьня сваёй творчай асобы іншымі шляхамі. Хай сабе гэтыя шляхі бываюць часам яшчэ больш пакручастыя".

(Марачкін: ) "Я б хацеў дадаць, што некаторай частцы моладзі наагул не патрэбны гэты Саюз, не патрэбныя тыя майстэрні. Ня ўсім, але частцы. Таму што яны сябе вольна адчуваюць, выязджаючы за мяжу. Там працуюць, заключаюць кантракты, прыязджаюць сюды свабоднымі эканамічна і творча людзьмі. І для іх такая арганізацыя — гэта атавізм. Да таго ж, быць на кароткім павадку ва ўлады, спадзявацца на тое, што ўлада нам усё дасьць, і дабівацца ад улады — ужо ня той час".
XS
SM
MD
LG