Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне інтэграцыйных настрояў у Беларусі: прычыны і наступствы.


Юры Дракахруст, Прага

У канцы мінулага тыдня Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прадставіў вынікі свайго чарговага кастрычніцкага апытаньня. Адна з важных зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці, зафіксаваная сацыёлягамі, – гэта падзеньне інтэграцыйных настрояў, якое назіраецца ўжо трэці месяц. У чым прычыны гэтых зьменаў, як яны зьвязаныя са стаўленьнем да прэзыдэнта Расеі, як паўплывала збліжэньне Расеі з Захадам на стаўленьне беларусаў да інтэграцыі?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом “Экспэртызы Свабоды” намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Уладзімер Дорахаў і сябра назіральнай Рады інстытуту, намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка.

(Дракахруст: ) “У канцы мінулага тыдня Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прадставіў вынікі свайго чарговага кастрычніцкага апытаньня. Адна з важных зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці, зафіксаваная сацыёлягамі – гэта падзеньне інтэграцыйных настрояў, якое назіраецца ўжо трэці месяц.
Сп-р Дорахаў, чым можна патлучачыць усплёск інтэграцыйных настрояў, які назіраўся вясной-летам гэтага году, падчас перадвыбарчай кампаніі, і іх цяперашняе зьмянншэньне?”

(Дорахаў: ) “Мне здаецца, што веснавое павелічэньне схільнасьці да інтэграцыі было зьвязанае з тым, што расейскія тэлеканалы і друк тады больш актыўна асьвятлілі перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі. Што тычыцца падзеньня інтэграцыйных настрояў бліжэй да восені, то мне падаецца, што гэта можна патлумачыць адсутнасьцю інтэграцыйных ініцыятываў. Звычайна кожны аб’яднаўчы пражэкт спараджаў пэўнае падвышэньне інтэграцыйных настрояў. А паколькі ў апошні час ніякіх такіх ініцыятываў не было, не было і росту інтэграцыйных памкненьняў. Гэтыя фактары ляжаць на паверхні, але яны даюць дастатковае тлумачэньне гэтым зьявам”.

(Дракахруст: ) “Ну а калі капнуць глыбей. Я хачу прыгадаць, што і напярэдадні выбарчай кампаніі і падчас яе інтэграцыйная тэма, тэма аб’яднаньня з Расеяй не была цэнтральнаю ў палітычных спрэчках. У гэтым было істотнае адрозьненьне перадвыбарчай кампаніі 2001 году ад кампаніі 1994 году. І тым ня менш чамусьці ўлетку адбыўся ўзьлёт інтэграцыйных настрояў, а на восень прыпала іх падзеньне. Сп-р Хадыка, якое Вашае тлумачэньне?”

(Хадыка: ) “Ваганьні колькасьці прыхільнікаў незалежнасьці і прыхільнікаў інтэграцыі ў розных яе формах адбываюцца не ўпершыню. Паводле дадзеных НІСЭПД у верасьні 1998 году колькасьць прыхільнікаў незалежнасьці пераваліла за палову, у той час як “інтэграцыяністаў” тады было 20%. Увесну і ўлетку гэтага году суадносіны былі адваротныя. Гэта паказвае, што такая каштоўнасьць, як незалежнасьць краіны, яе самастойнасьць, абсалютная для большасьці цывілізаваных народаў, на жаль у Беларусі зьяўляецца каштоўнасьцю адноснаю. І таму прычыны гэтых ваганьняў мы мусім шукаць у бягучых падзеях.

Відавочна, што рост колькасьці прыхільнікаў незалежнасьці ў верасьні 1998 году быў зьвязаны з расейскім дэфолтам. Гэтай вясною спакойнае разьвіцьцё падзеяў, заявы расейскіх дзеячоў аб добрых эканамічных пэрспэктывах падвысілі ў нас колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі.
А што да прычынаў падзеньня, то мне падаецца, гэта было часткова зьвязана з тым, што Пуцін даволі працяглы час “трымаў паўзу” і не выказваў публічнай і недвухсэнсоўнай падтрымкі Лукашэнкі. І для прыхільнікаў Лукашэнкі гэтая стрыманасьць была фактарам адмоўным, што і прымушала зьмяншацца колькасьць “інтэграцыяністаў”. На маю думку, працяг зьніжэньня іх колькасьці зьвязаны з тэрактамі ў ЗША і з пазыцыяй Расеі адносна вайны ў Афганістане, небясьпекаю пераносу канфлікту ў Расейскую Фэдэрацыю. Беларусы ўсё ж разумеюць, што цесныя сувязі з Расеяй у гэтай сытуацыі будуць пагражаць распаўсюджваньнем тэрарызму і на тэрыторыю Беларусі. Мне здаецца, што менавіта гэтым тлумачыцца зьніжэньне колькасьці насельніцтва, якое падтрымлівае ідэю далучэньня Беларусі да Расеі”.

(Дракахруст: ) “Паводле дадзеных апытаньняў апошніх двух гадоў інтэграцыйныя настроі ў Беларусі расьлі поруч з ростам сымпатыяў беларусаў да Ўладзімера Пуціна. Ужо больш чым два гады Пуцін у Беларусі значна больш папулярны палітык, чым Лукашэнка. Цяперашняе зьмяншэньне інтэграцыйных настрояў – ці суправаджаецца яно падзеньнем рэйтынгу Пуціна ў Беларусі? Сп-р Дорахаў, Вам пытаньне”.

(Дорахаў: ) “Паводле дадзеных нашых апытаньняў, стаўленьне беларускіх грамадзянаў да інтэграцыі і да асобы Пуціна наўпрост не зьвязаныя. Са жніўня колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі няўхільна зьніжаецца. І ў гэты ж час сымпатыі да Пуціна застаюцца прыблізна на адным узроўні. Напрыклад, у красавіку на пытаньне “Каго б Вы хацелі бычыць на пасадзе прэзыдэнта саюзнай дзяржавы?” прозьвішча Пуціна назвалі больш за 40% апытаных, а Лукашэнку – 24 %. У жніўні : адпаведна Пуціна – 34%, Лукашэнку – 28%. І увага – у кастрычніку, калі адбылося чарговае падзеньне колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі, у Пуціна паводле гэтага пытаньня рэйтынг вырас: за яго, як за прэзыдэнта саюзнай дзяржавы, выказаліся 38 %, тады як за Лукашэнку – 26 %. Мы бачым, што сымпатыі да інтэграцыі зьніжаюцца, а рэйтынг Пуціна нават крыху вырас”.

(Дракахруст: ) “І якое Вашае тлумачэньне гэтага парадоксу?”

(Дорахаў: ) “Магчыма, Пуцін выглядае ў вачах беларусаў сучасным лідэрам, лідэрам новай эпохі. Яго нельга, як Лукашэнку, назваць “унукам Сталіна”. Я мяркую, што на стаўленьне да Пуціна паўплываў яго трыўмфальны выступ у бундэстагу і ягоныя пасьпяховыя візыты на Захад”.

(Дракахруст: ) “Цікава, што падобны парадокс назіраецца і ў расейскай грамадзкай сьвядомасьці. Паводле апытаньняў, напрыклад, чачэнская вайна робіцца ў Расеі ўсё менш папулярнаю, а рэйтынг ініцыятара гэтай вайны – Пуціна, трымаецца непахісна, а то нават і расьце. Сп-р Хадыка, як Вы маглі б патлумачыць парадокс стаўленьня беларусаў да інтэграцыі і да Пуціна?”

(Хадыка: ) “Мне здаецца гэта натуральным. Як тое ня дзіўна, асоба, стаўленьне да яе – зьява больш складаная, шматгранная, чым дастаткова простая праблема стаўленьня да інтэграцыі. Камусьці падабаецца цьвёрдасьць Пуціна, зь якой ён падаўляе тэрарызм на Паўночным Каўказе, камусьці падабаюцца яго цяперашнія крокі ў бок заходняй дэмакратыі. І мне здаецца, што калі нам ня будзе пагражаць інтэграцыя, то сымпатыі беларусаў да асобы Пуціна, як чалавека дастаткова цывілізаванага, ва ўсялякім выпадку ў параўнаньні з нашым прэзыдэнтам, гэтыя сымпатыі ёсьць фактар станоўчы, а не адмоўны. Адмоўным ён можа стаць у тым выпадку, калі гэтыя тэндэнцыі будуць ісьці паралельна”.

(Дракахруст: ) “Пасьля тэрарыстычных актаў у ЗША ў расейскай палітыцы адбыліся істотныя перамены – хаця супярэчнасьці з Захадам і захоўваюцца, зараз Масква аддае перавагу супрацоўніцтву з Захадам, прынамсі, з ЗША. Як гэта адбіваецца на беларускай грамадзкай сьвядомасьці, на стаўленьні беларусаў да інтэграцыі?”

(Хадыка: ) “Пакуль на масавай сьвядомасьці гэта дастаткова выразна не адбіваецца, але на беларускай палітыцы ужо адбіваецца і дастаткова заўважальным чынам. Заявы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў наконт меркаванай лібэралізацыі эканомікі фактычна ідуць у рэчышчы расейскай палітыкі. З другога боку, нягледзячы на лукашэнкаўскую антызаходніцкую, антынатаўскую рыторыку, усё ж кіраўнік ягонай адміністрацыі, можа і скрозь зубы, у Варшаве быў вымушаны сказаць, што Беларусь далучаецца да антытэрарыстычнай кампаніі. Усё гэта гаворыць за тое, што раней ці пазьней і ў грамадзкай сьвядомасьці адаб’ецца перамена прыярытэтаў у расейскай палітыцы з ізаляцыянісцкай, гегеманісцкай на больш прагматычную”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Дорахаў, Вам тое ж пытаньне: як адбіваюцца зьмены ў дачыненьнях Расеі з Захадам на інтэграцыйных памкненьнях беларусаў?”

(Дорахаў: ) “Розныя групы насельніцтва бачаць у інтэграцыі зусім розныя рэчы. Прыхільнікі Лукашэнкі хочуць празь інтэграцыю ўвасобіць такім чынам сваю мару пра адраджэньне СССР, частка людзей лібэральных поглядаў спадзяецца, што інтэграцыя з больш дэмакратычнай Расеяй будзе садзейнічаць усталяваньню ў Беларусі заходніх каштоўнасьцяў. Цяперашняе імкненьне Расеі ўсталяваць саюзьніцкія адносіны з Захадам па-рознаму ўплывае на розныя групы насельніцтва. Тыя, хто хоча, каб і Беларусь была паўнавартасным сябрам эўрапейскага супольніцтва, рэагуюць на гэта станоўча. І для часткі зь іх саюз з Расеяй выглядае сродкам інтэграцыі Беларусі ў Эўропу, рэалізацыяй лёзунгу “Разам з Расеяй – у Эўропу”.

Для іншай часткі грамадзтва, больш кансэрватыўнай, для прыхільнікаў Лукашэнкі цяперашняя палітыка Расея выглядае як здрада іх ідэалам. Яны бачаць, што Савецкім Саюзам тут і ня пахне. І як аб’ядноўвацца з такой Расеяй супраць Захаду, калі яна якраз з Захадам?

Але агульны балянс гэтых тэндэнцыяў атрымліваецца не на карысьыь інтэграцыі. Дадзеныя апытаньня паказваюць, што стала менш прыхільнікаў толькі скрайніх формаў інтэграцыі. У цэлым прыхільнікаў інтэграцыі ня стала менш, стала менш прыхільнікаў паглынаньня Беларусі Расеяй. Для большасьці беларусаў ідэальным зараз бачыцца саюз з Расеяй пры захаваньні сувэрэнітэту абедзвюх дзяржаваў”.


XS
SM
MD
LG