Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская намэнклятура: самастойная сіла альбо сэгмэнт улады?


Юры Дракахруст, Менск

(Дракахруст: ) “Чым ёсьць беларуская намэнклятура, беларуская ўладная кляса? Ці гэта суб’ект палітыкі – сіла, якая мае свае інтарэсы і здольная іх адстойваць, ці гэта звычайны інструмэнт альбо нават зброя ў руках кіраўніка дзяржавы – ня больш? Пытаньне гэтае не акадэмічнае, адказу на яго вымагае ня толькі апошняя прэзыдэнцкая кампанія. Наўрад ці прырода беларускага грамадзтва, а адпаведна і прырода беларускай намэнклятуры прынцыпова зьменяцца за наступныя некалькі гадоў. І таму адказ на пытаньне пра характар беларускай намэнклятуры – гэта ў пэўнай ступені і прагноз будучых выбараў: і мясцовых, і парлямэнцкіх, і прэзыдэнцкіх. Што ёсьць беларуская намэнклятура?”

(Карбалевіч: ) “Мне здаецца, што адзін зь вялікіх мітаў, які існуе ў палітычным жыцьці беларускага грамадзтва – уяўленьне, што намэнклятура гэта сапраўды суб’ект палітыкі, сур’ёзная палітычная сіла. Прэзыдэнцкія выбары паказалі, што гэта міт, што намэнклятура – проста інструмэнт у руках Лукашэнкі і больш нічога. І адна з памылак апазыцыі – гэта спроба рабіць на падтрымку намэнклятуры амаль што галоўную стаўку. Нават стратэгія выбарчай кампаніі была падпарадкаваня ідэі заваяваць падтрымку намэнклятуры. І нават адзіны кандыдат падбіраўся такім чынам, каб ён падабаўся ня столькі электарату, колькі менавіта чыноўніцтву. І была тэза, што вынікі выбараў у Беларусі залежаць не ад падтрымкі народу, а ад падтрымкі намэнклятуры. Мне здаецца, гэта была памылка, і прэзыдэнцкія выбары гэта яскрава паказалі.

Я лічу, што намэнклятура можа стаць палітычнай сілай толькі пры пэўных умовах: пры сур’ёзным палітычным крызысе, калі ўлада Лукашэнкі стане няпэўнай, тады намэнклятура зможа ператварыцца ў самастойную палітычную сілу. Але толькі пры такой умове. У нармальнай, спакойнай сытуацыі яна не зьяўляецца палітычнай сілай, суб’ектам палітыкі”.

(Акудовіч: ) “З аднаго боку, я пагаджаюся, а здругога – у мяне іншае гледзішча. Мне здаецца, калі вы падзялілі Лукашэнку і намэнклятуру, то мэтадалягічна не зусім карэктна гэта зрабілі. Лукашэнка ёсьць фігурай, якая пэрсаналізуе намэнклятуру. Яна не існуе як нешта асобнае, у частках, у нейкіх лідэрах. І толькі ў такой цэласнасьці намэнклятура існуе і зьяўляецца суб’ектам. Як толькі мы спрабуем нешта вырваць з гэтага суб’екта і спрабуем гэта нагрузіць значэньнем суб’ектнасьці, то хутчэй гэтае вырванае ня ёсьць суб’ектам намэнклятуры, а зьяўляецца ўжо суб’ектам палітыкі ці чагосьці іншага.

З майго гледзішча, беларуская намэнклятура ёсьць, бясспрэчна, суб’ектам, але такім, які ў сваёй суб’ектнасьці можа выступаць толькі як татальнае цэлае: ад Лукашэнкі да апошняга чыноўніка”.

(Дракахруст: ) “Шмат казалася пра несправядлівы, сфальсыфікаваны характар прэзыдэнцкіх выбараў. Здаецца, што за пэўны час да дня выбараў намэнклятура ўзважыла ўсе чыньнікі: і настрой народу, і пазыцыю Масквы, і сілу ўлады, і сілу апазыцыі, і зрабіла выснову: пераможа Лукашэнка. І прйшоўшы да такой высновы намэнклятура пачала спаборнічаць паміж сабой у ляяльнасьці, выдаючы абсалютна дзікія, сфальшаваныя вынікі выбараў. Чаму можна лічыць, што праз 5 гадоў сытуацыя будзе прынцыпова іншай, што і тады ня будзе гэтага моманту ісьціна, калі намэнклятуршчыкі ад Менску да апошняга сельсавету ня вырашаць для сябе, хто пераможа, і ня вырашаць працаваць менавіта на гэтага чалавека. І ці не атрымаецца так, што і ў 2006 годзе гэтае датэрміновае галасаваньне намэнклятуры і ня вызначыць на самой справе вынікі выбараў?”

(Акудовіч: ) “Калі ўсё больш-менш будзе разгортвацца так, як яно ідзе, то мы будзем мець той самы варыянт, што мела Расея. Гэта значыць, Лукашэнка падбярэ сабе з намэнклятуры кандыдата і праз выбары зробіць яго прэзыдэнтам. Прычым кандыдата, які дасьць яму гарантыі бясьпекі. Але сцэнары тут могуць быць больш тонкія. Можа, будзе зроблена так, што намэнклятура як быццам сама абярэ сабе намэнклятурнага кандыдата. Гэта нескладана зрабіць. Гэтая намэнклятурная кандыдатура можа нават быць нейкім чынам у апазыцыі. Вось мы кажам, што намэнклятура ня стала ў апазыцыю прэзыдэнту на гэтых выбарах. А, уласна кажучы, кім ёсьць наша сёньняшняя дэмакратычная апазыцыя, як не гуртам былых намэнклятурных дзеячоў? Шарэцкі, Грыб, Ганчарык, Домаш і г.д. Дак вось: калі толькі з намэнклятуры хтосьці пераходзіць у апазыцыю, ён перастае быць намэнклятурай. Але зь іншага боку сёньня ўсімі струтурамі апазыцыі кіруе ў прынцыпе тая ж самая намэнклятура. І мы маем сытуацыю, калі адна частка намэнклятуры кіруе дзяржаўнымі структурамі, другая частка кіруе апазыцыйнымі дэмакратычнымі структурамі”.

(Дракахруст: ) “Значная частка аналітыкаў абмяркоўвае, ці варта было палітычнай апазыцыі мець справу з намэнклятурай на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах. У адным з Вашых артыкулаў Вы задалі адваротнае пытаньне: “А ці варта было намэнклятуры мець справу з дэмакратычнай апазыцыяй? Наколькі я разумею, Вы лічыце, што на наступных выбарах яна ўжо будзе гуляць сама? Валер Карбалевіч, як Вам падаецца магчымасьць такой чыста намэнклятурнай гульні?”

(Карбалевіч: ) “Якія прыкметы існаваньня намэнклятуры як самастойнай палітычнай сілы мы можам убачыць? Калі гэта самастойная палітычная сіла, то мы павінны бачыць нейкі рух, дзеяньні, рашэньні. А зараз я іх папросту ня бачу. Калі казаць пра прэзыдэнцкія выбары, то можна прыгадаць толькі дзеяньні спадара Марыніча, якія спрабаваў парушыць адзінства намэнклятуры і ўступіць у саюз з апазыцыяй. Але якраз дзеяньні Марыніча – гэта тое выключэньне, якое пацьвярджае правілы. Ніякіх іншых прыкметаў існаваньня намэнклятуры як самастойнай палітычнай сілы я ня бачу. І калі нейкія кухонныя перамовы, кулюарная гульня ідзе, яна на паверхню не выходзіць. І калі няма зьнешніх прыкметаў, дык я і раблю выснову, што няма самастойнай палітычнай сілы”.

(Дракахруст: ) “Валяньцін, Валер прыгадаў два, на мой погляд, розных вызначэньні: кухонная і кулюарная. Сапраўды, і намэнклятура, і інтэлігенцыя сядзіць на сваіх кухнях, і ад іх размоваў мала што мяняецца. Але што да кулюарнай палітыкі, то гэта справа сур’ёзная. І думку Валера можна падсумаваць так: паколькі намэнклятура ня ўдзельнічае ў публічнай палітыцы, то значыць, яна ня ўдзельнічае ні ў якой палітыцы. Ці згодны Вы з гэтым?”

(Акудовіч: ) “Па-першае, я згодны з тым, што Вы разьвялі два паняцьці. Дарэчы, паміж імі вялізная адлегласьць: адна рэч на кухні казаць пра нешта, іншая – у кулюарах. Кулюары – гэта ўжо палітыка, з кулюараў пачынаюцца палацавыя перавароты.

Намэнклятура, сапраўды, можа стаць рэальнай, самастойнай палітычнай сілай толькі ў выпадку, калі вярхоўная ўлада аслабне. І тады ці праз палацавы пераварот, ці празь нейкі іншы мэханізм яна мяняе адну асобу на другую. Як замянілі Хрушчова. Для мяне намэнклятура ёсьць суб’ектам, але разам з тым, хто яе пэрсаніфікуе: з Лукашэнкам. Але калі браць Вашыя падыходы, то тут намэнклятура можа стаць суб’ектам, але не намэнклятурным, а палітычным, асобным – толькі ў выпадку, калі адзін сэгмэнт яе – вярхоўны – аслабне ці будзе няздольны сцэмэнтаваць намэнклятуру як цэлае. У іншым выпадку яна самастойна сваю гульню гуляць ня будзе, бясспрэчна”.
XS
SM
MD
LG