Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за апошнімі прызначэньнямі Мясьніковіча, Брыгадзіна, Рыбакова?


Вядучы Валер Каліноўскі, Менск

(Каліноўскі: ) "Сёньня пятніца, згодна зь беларускай завядзёнкай апошніх гадоў — кадравы дзень. Аляксандар Лукашэнка зрабіў цэлы шэраг прызначэньняў, якія можна назваць знакавымі — прызначэньні на так званыя ідэалягічныя пасады.

Самае дзіўнае зь іх — прызначэньне былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхаіла Мясьніковіча на пасаду прэзыдэнта Нацыянальнай Акадэміі навук. Раней гэтая пасада была выбарнай. Адмыслова пад гэтае прызначэньне А.Лукашэнка прыняў дэкрэт, якім скасаваў ранейшую акадэмічную дэмакратыю.

Другое прызначэньне, якога чакалі — кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, якім стаў 29-гадовы Ягор Рыбакоў. Акрамя таго, Пётар Брыгадзін зрабіўся новым міністрам адукацыі, ёсьць іншыя прызначэньні.

Колькі словаў пра прызначаных кіраўнікоў. Міхаіл Мясьніковіч 1950 году нараджэньня, скончыў Берасьцейскі інжынэрна-будаўнічы інстытут. Інжынэр, другая спэцыяльнасьць — эканаміст. У 1998 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму стварэньня рынкавай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусі. Працаваў спачатку на розных гаспадарчых і партыйнай пасадах. Апошняя пасада — кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Пётар Брыгадзін — 1949 году нарадэжэньня, закончыў БДУ, гісторык, доктар навук, працаваў у камсамольскіх органах і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, у тым ліку прарэктарам. Апошняя пасада — рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце.

Ягору Рыбакову 29 гадоў, журналіст, працаваў у газэце "Магілёўскія ведамасьці". За часам кіраўніцтва на БТ Рыгора Кісяля, былога рэдактара гэтай жа газэты, Рыбакоў прыйшоў на тэлебачаньне адразу на кіраўнічую пасаду. Апошняя пасада — першы намесьнік старшыні БДТРК. Зь ягоным імем зьвязаныя скандалы — падзел рэклямнага рынку, канфлікт з кампаніяй НТВ, а таксама рэформы БТ і адхіленьне ад эфіру дзясяткаў журналістаў.

Відавочна, што гэтыя зьмены неад'емныя ад пасьлявыбарнага пераўтварэньня дзяржаўнага кіраўніцтва і беларускага грамадзтва ўвогуле. Самым нечаканым з новых прызначэнцаў ёсьць новы прэзыдэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч.

Я зьвяртаюся да супрацоўніка Акадэміі навук, вядомага гісторыка Івана Саверчанкі: як успрынялі ў Акадэміі новага прэзыдэнта, ці сапраўды лічаць гэта спробай ціску на вальнадумства навукоўцаў, зьнішчэньнем дэмакратычных традыцыяў? Чаго чакаюць ад Мясьніковіча?"

(Саверчанка: ) "Сапраўды, прызначэньне Міхаіла Мясьніковіча было нечаканым для супрацоўнікаў Акадэміі. Гэтае прызначэньне парушае традыцыйную схему дэмакратычнага абраньня прэзыдэнта Акадэміі.

Цяпер прапанаваная новая схема, новая мадэль кіраваньня фундамэнтальнай навукай. Ці будзе гэта добра, ці будзе кепска — час пакажа. Цяпер могуць прапанаваць і андропаўскія мэтады навядзеньня дысцыпліны.

Прызначэньне Мясьніковіча на пасаду прэзыдэнта я ацэньваю вельмі й вельмі асьцярожна. Ён не працаваў у акадэмічнай сыстэме, і наўрад ці ён ведае ўсе структурныя, функцыянальныя аспэкты, ведае мэханізмы функцыянаваньня акадэмічнай навукі.

Мы стаім перад сур'ёзным выбарам. Які гэта выбар будзе, якім шляхам пойдзе Акадэмія, якая канцэпцыя будзе ўзятая за аснову — час пакажа".

(Каліноўскі: ) "Відаць, пытаньне толькі ў тым, хто будзе абіраць гэты шлях — дзяржаўная ўлада ці самі навукоўцы. Пытаньне да Ўладзімера Глода. Ва ўсім свеце акадэміі ды ўнівэрсытэты маюць права на самакіраваньне, на вызначэньне свайго шляху ў творчым і навуковым пошуку. Беларусь і тут ужо зрабілася выключэньнем. Чаму на гэткі крок пайшло беларускае кіраўніцтва?"

(Глод: ) "Адказ на гэтае пытаньне можна шукаць у рэчышчы вядомага выказваньня Аляксандра Лукашэнкі — што ён "сваю краіну за цывілізаваным светам не павядзе". Сёньня, мне здаецца, Лукашэнка чарговы раз паказаў, хто ёсьць гаспадаром у Беларусі. Увогуле сумневу ў гэтым не было і раней, але ўсё ж сфэра навукі заставалася бадай адзінай, дзе нейкія дэмакратычныя атрыбуты хаця б і зьнешне, але захоўваліся.

Цяпер па сутнасьці разбуранае апошняе. Лукашэнка цудоўна разумеў, што новыя прызначэньні выклічуць адмоўную рэакцыю. Але яго гэта фактычна не турбуе. Як захацеў, так і зрабіў.

Мне падаецца, што сёньня Лукашэнка паказаў галоўнае — ніякай лібэралізацыі ў дачыненьнях зь беларускай інтэлігенцыяй, як навуковай, так і творчай, ня будзе. І спадзяваньні некаторых інтэлігентаў — што выбары адбыліся, што Лукашэнка сказаў пра нейкія палёгкі, пра лібэралізацыю — гэтыя спадзяваньні ня спраўдзіліся".

(Каліноўскі: ) "Спадар Глод, магчыма, тут усё прасьцей: Лукашэнка звольніў Мясьніковіча з папярэдняй пасады і трэба было падшукаць яму іншае месца, якое адпавядала б ягонаму статусу ў грамадзтве, каб ён не пайшоў у апазыцыю. Вось і выбралі яму такую пасаду — кіраваць Акадэміяй навук".

(Глод: ) "На мой погляд, тут усё значна глыбей. Мне падаецца, што сёньня Лукашэнка зрабіў вельмі важны крок для ўсталяваньня сваёй асабістай улады.

Няма сакрэту, што на прэзыдэнцкіх выбарах моладзь Лукашэнку не падтрымала, і найбольш яскрава гэтая тэндэнцыя выявілася сярод студэнтаў. І Лукашэнка адразу адрэагаваў на гэта вельмі востра. БДУ, які меў самастойны статус, зноў вярнулі ў Міністэрства адукацыі. Выходзіць, што спачатку разьлічыліся з унівэрсытэтам, цяпер узяліся за ўсё міністэрства.

Я думаю, невыпадкова новым міністрам адукацыі прызначылі менавіта Брыгадзіна — чалавека, які ўвесь час займаўся ідэалёгіяй. Мне падаецца, што ён прызваны Лукашэнкам, каб выправіць менавіта ідэалягічны бок выхаваньня студэнтаў ва ўсёй Беларусі.

Мяркую, што гэта бізун у навуцы — акадэмічнай і студэнцкай, бізун у ідэалёгіі (я маю на ўвазе прызначэньне Рыбакова), і гэта ёсьць яскравай прыкметай таго, што Лукашэнка пачаў барацьбу за захаваньне сваёй улады. барацьбу з моладзьдзю, барацьбу з інтэлігенцыяй".

(Каліноўскі: ) "Спадар Саверчанка, вы асабіста ведаеце Пятра Брыгадзіна — ці сапраўды здольны ён на больш жорсткую пазыцыю, чым ягоны папярэднік Васіль Стражаў?"

(Саверчанка: ) "Спадар Глод, як журналіст, мае права хлёстка крытыкаваць, але я станоўча ацэньваю назначэньне міністрам адукацыі Пятра Брыгадзіна. Гэта сур'ёзны перагляд канцэпцыі нацыянальнай адукацыі.

Пётар Брыгадзін будзе праводзіць нацыянальную палітыку ў сфэры нацыянальнай адукацыі. І гэта я вам заяўляю як сябар БНФ, як чалавек, які даўно змагаўся за ўкараненьне нацыянальнай канцэпцыі адукацыі ў нашай краіне.

Гэта ня ёсьць помстай Лукашэнкі міністру Стражаву. Матывацыя палягае зусім у іншым. Я спадзяюся, што Пятру Брыгадзіну ўдасца ліквідаваць у сыстэме адукацыі татальную карупцыю, асабліва ў сыстэме вышэйшай адукацыі. Спадзяюся, што ён здолее ўвесьці беларускамоўныя плыні ў сыстэме ВНУ, пра што ён ня раз пісаў і заяўляў у сваіх навуковых артыкулах, у публічных прамовах на пасадзе рэктара Акадэміі кіраваньня.

Я спадзяюся, што ён здолее памяняць сваіх намесьнікаў і кіраўнікоў упраўленьняў, якія да сёньняшняга дня вызначалі палітыку ў сыстэме адукацыі".

(Глод: ) "Я хацеў бы ня столькі запярэчыць, колькі дадаць, што таксама чуў пра спадара Брыгадзіна шмат добрага. Адзінае, што мяне насьцярожвае: я ўзгадваю ролю Брыгадзіна ў стварэньні Партыі згоды. На вялікі жаль, гэтая партыя развалілася, і абсалютная большасьць функцыянэраў, якія стваралі гэтую партыю, перайшлі на службу да Лукашэнкі".

(Каліноўскі: ) "Ведаеце, я згодны з Вамі, што Брыгадзін — сымпатычны чалавек. Магчыма, і Мясьніковіч — і як чалавек, і як спэцыяліст — добры. Але ўсе яны працуюць у пэўнай сыстэме, якую ўзначальвае Аляксандар Лукашэнка. І яшчэ адзін сымпатычны малады чалавек узначаліў Беларускую тэлевізію.

На мінулым тыдні А.Лукашэнка прыехаў на тэлевізію, сустракаўся з прадстаўнікамі калектыву і хацеў яго ўжо прызначыць тады. Але ў той дзень яму паскардзіліся адхіленыя Рыбаковым ад эфіру журналісты, якіх даволі шмат. Яны абвінавацілі Рыбакова ў злоўжываньнях. Лукашэнка паабяцаў разабрацца... Цяпер, выходзіць, ужо Рыбакоў будзе разьбірацца з тымі, хто скардзіўся на яго Лукашэнку".

(Глод: ) "Мабыць, сапраўды гэта так. Але зараз я б не хацеў казаць пра гэтыя разборкі — на мой погляд, прызначэньне Рыбакова кладзецца ў тую канву, пра якую я казаў — гэта яшчэ адно расчараваньне.

Чаму? Бо на сустрэчы, пра якую Вы ўзгадвалі, Валер, Лукашэнка шмат казаў пра адно — што ў яго ёсьць моцнае жаданьне стварыць новую беларускую тэлевізію, фактычна й называліся тэрміны гэтага — з новага году. Ну, ня ведаю, што можа зрабіць у гэтым сэнсе Рыбакоў... Ці можа Рыбакоў як кіраўнік гэтай арганізацыі стварыць новую беларускую тэлевізію? Баюся, што гэткае спадзяваньне вельмі цяжка, а можа, і ўвогуле немагчыма ажыцьцявіць".

(Саверчанка: ) "Прызначэньне Ягора Рыбакова ёсьць найбольш, можа, адыёзным, як мне падаецца, проста дзікім. Гаворка не пра тое, што ён "магілёўскі" ці "малады", гаворка пра тое, што ён не прафэсіянал — у яго адсутнічае прафэсійны густ, прафэсійная этыка, прафэсійныя веды. Ён няздатны ствараць высокаякасны інфармацыйны прадукт, ён няздатны стварыць умовы, каб журналісты стваралі высокаякасны нацыянальны інфармацыйны прадукт..."

(Каліноўскі: ) "Ну, відаць, трэба прызнаць, што спадар Рыбакоў мае пэўныя якасьці, за якія Аляксандар Лукашэнка яго і падтрымаў, і прызначыў. Такія ж самыя якасьці напэўна мае і Пётар Брыгадзін, і Міхаіл Мясьніковіч — яны цудоўна выконваюць распараджэньні й праводзяць гэтую кіраўнічую лінію на месцах, за якія адказваюць — нягледзячы на тое, ці то яны працавалі ў партыйнай сыстэме, як Мясьніковіч, або працавалі ва ўнівэрсытэце, як Брыгадзін, або зусім нядаўна займаліся незалежнай журналістыкай, як спадар Рыбакоў...

Пабачым, якія будуць іхныя першыя крокі. Хаця мы можам іх і прагназаваць".
XS
SM
MD
LG