Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будуць вучыцца афіцэры войску Іраку. Якія наступствы для нашай краіны і для сьвету можа мець гэтае навучаньне?


Алег Грузьдзіловіч, Менск



(Грузьдзіловіч: ) "У Беларусь прыехалі для навучаньня ў вайсковай акадэміі ірацкія афіцэры. Яны будуць засвойваць майстэрства проціпаветранай абароны на славутым комплексе С-300.

Такім чынам, калі ўвесь сьвет яднаецца дзеля барацьбы з тэрарызмам, Беларусь пачынае працаваць на ўзмацненьне Іраку — краіны, якую падазраюць у датычнасьці да тэрарызму. Ня выключана, што Ірак можа апынуцца на супрацьлеглым баку ў барацьбе з гэтым злом. Беларусь рызыкуе выглядаць здрадніцай і яе могуць з той прычыны чакаць дрэнныя наступствы. Ці згодны вы з такім жорсткім прысудам беларускаму супрацоўніцтву з Іракам?"

(Статкевіч: ) "Я думаю, што сапраўды могуць быць дрэнныя наступствы для Беларусі. Не ўпершыню Беларусь спрабуе знайсьці сваё месца на рынку ваенных паслугаў. Гэта тычыцца і гандлю зброяй, прычым ў асноўным мы рээкспартуем расейскую зброю і тым краінам, якім прыстойная краіна зброю не прадасьць. За камісійныя, пэўна, мы гэта робім.

Мы знайшлі сваё месца (ці яшчэ шукаем) на так званым рынку вайсковага навучаньня і навуковых вайсковых распрацовак. Беларускія адмыслоўцы звычайна працуюць ў тых краінах, якія некалі атрымалі ці куплялі расейскую зброю, прыкладам, сыстэмы кіраваньня проціпаветранай абароны.

Нашы супрацоўнікі вайсковых інстытутаў і ваеннай акадэміі зараз займаюцца ўдасканаленьнем гэтай тэхнікі, прыкладам, у Кітаі ды Індыі. Займаемся мы таксама і навучаньнем афіцэраў з гэтых краінаў.

Але, мне здаецца, тут перайшлі ўжо нейкую мяжу. Бо калі ЗША пашыраюць сьпіс арганізацыяў, якія могуць быць замешаныя ў арганізацыі тэрактаў 11 верасьня, у яго ўжо пачынаюць уключаць ня толькі "Аль-Каеду", але таксама "Хамас", "Хезбала" ды тыя арганізацыі, якіх падтрымлівае Ірак, то нашая краіна можа апынуцца ў вельмі цяжкой сытуацыі".

(Грузьдзіловіч: ) "Дарэчы, сёньня ўжо зьявіліся абвяржэньні зьвестак пра вучобу ірацкіх афіцэраў. Першай з абвяржэньнем выступіла амбасада Іраку ў Беларусі, потым далучылася Міністэрства абароны Беларусі. Але аўтар сёньняшняй публікацыі ў "Белорусской деловой газете" Андрэй Махоўскі мяркуе, што гэта проста ня вельмі ўдалая спроба схаваць сакрэт, які стаў вядомы. Андрэй, якія вы маеце доказы сапраўднасьці інфармацыі пра ірацкіх навучэнцаў?"

(Махоўскі: ) "Па-першае, гэта ня вельмі разумная пазыцыя Міністэрства абароны Беларусі, таму што схаваць гэтую інфармацыю вельмі цяжка. Усё ж 20 чалавек будуць вучыцца ў Менску, Менск не такі й вялікі горад. Да таго ёсьць шмат дакумэнтаў, што пацьвярджаюць гэтыя зьвесткі. І вучэбныя пляны, і запрашэньні ірацкім афіцэрам зь іхнымі пашпартнымі зьвесткамі, і копіі кантракту. І ўрэшце, я іх бачыў у менскім аэрапорце, калі яны прыляцелі, і там іх, дарэчы, сустракалі прадстаўнікі беларускага Міністэрства абароны".

(Грузьдзіловіч: ) "Андрэй, ці вы далучаецеся да жорсткіх ацэнак вайсковаму супрацоўніцтву Беларусі з Іракам?"

(Махоўскі: ) "Я мог бы з пэўнасьцю сказаць адно: гэта нясвоечасова — менавіта зараз ірацкім вайскоўцам прыехаць у Менск вучыцца. А што да юрыдычнага боку пытаньня, то, на мой погляд, тут няма ніякага крыміналу, яны могуць вучыцца у Беларускай вайсковай акадэміі. Пра гэта ішлі афіцыйныя перамовы, ірацкія пасланцы наведвалі акадэмію, вывучалі ейны ўзровень. Таму з фармальнага пункту гледжаньня я не разумею, чаму такая рэакцыя Міністэрства абароны?"

(Грузьдзіловіч: ) "А чаго шукае Беларусь у супрацоўніцтве з Іракам? Грошай ці ўсё ж нейкіх палітычных выгодаў?"

(Махоўскі: ) "Гэта збольшага, безумоўна, грошы. Праўда, менавіта гэты кантракт — не вялікія грошы. Але трэба ўлічваць, што Беларусь гандлюе з Іракам, і гандлюе добра. Таму я мяркую, што беларускае кіраўніцтва пабаялася пакрыўдзіць кіраўніцтва Іраку, адмовіўшы ў прыёме ірацкіх афіцэраў".

(Грузьдзіловіч: ) "Спадар Статкевіч, Вы пэўны час выкладалі ў вайсковай акдэміі. Там сапраўды могуць навучыць абыходзіцца з комплексам С-300? І другое пытаньне, якое вынікае зь першага — ці ёсьць у іракцаў такі комплекс, які яны плянуць вывучаць?"

(Статкевіч: ) "Так, у вайсковай акадэміі даўно вядзецца абучэньне на гэтым комплексе, ёсьць і вучэбныя пляны, і добрыя выкладчыкі. Да гэтага часу не было ніякіх зьвестак, каб у Іраку былі такія комплексы. У іх на ўзбраеньні былі больш старыя комплексы — С-75, С-125, а сучасных не было.

Між іншым, гэта звычайная практыка — перш як закупіць новае ўзбраеньне, краіна рыхтуе адмыслоўцаў. І я баюся, што пасьля гэтага навучаньня Ірак будзе купляць гэтыя комплексы расейскай вытворчасьці празь Беларусь. Гэта ізноў прыцягне ўвагу да нашай краіны, ня ў лепшым сьвеце выставіць яе перад цывілізаванай супольнасьцю. І тут магчымыя нават эканамічныя і палітычныя цяжкасьці для нашай краіны".

(Грузьдзіловіч: ) "Мікалай, а чым на вашую думку пагражае сытуацыі ў сьвеце новы віток беларуска-ірацкіх дачыненьняў?"

(Статкевіч: ) "Непасрэдных пагрозаў я ня бачу, бо ўсё ж гаворка пра абарончую зброю. Але такая ўжо псыхалёгія ў часткі арабскіх лідэраў, што калі яны купляюць новую цацку, то пачынаюць лічыць сябе вельмі моцнымі, і ім цяжка ўстрымацца ад спакусы не паспрабаваць гэтую цацку на справе.

І таму я баюся, што калі пасьля навучаньня закупяць гэтую тэхніку, то гэта можа прывесьці да больш жорсткай пазыцыі Іраку.Зьменшыцца страх перад магчымымі авіяцыйнымі ўдарамі Іраку, яны нават могуць актывізаваць падтрымку экстрэмісцкіх рухаў".

(Грузьдзіловіч: ) "Беларусь часта крытыкуюць за тое, што яна несамастойная на міжнароднай арэне, вядзе марыянэтачную палітыку, робіць тое, што выгадна Расеі.

Да нядаўніх тэрактаў у Нью-Ёрку падавалася, што Расея ня супраць дачыненьняў Беларусі з Іракам Расея. Цяпер нешта можа ў гэтым зьмяніцца? Ці варта чакаць умяшальніцтва ў гэтую справу Расеі — дакладней, загаду спыніць такое супрацоўніцтва?"

(Махоўскі: ) "Не, мяркую, ня трэба шукаць нейкай вялікай палітыкі. Нагадаю, кантракт з Іракам абмяркоўвалі недзе з траўня, калі сюды прыяжджала ірацкая дэлегацыя. Проста так супала, што зараз даводзіцца гэты кантракт выконваць. Менавіта зараз, калі такая складаная міжнародная абстаноўка".

(Статкевіч: ) "Я думаю, Расея спрабуе атрымаць найбольш выгодаў ад становішча, што склалася пасьля выбухаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Яна ўжо імкнецца заняць нейкую трэцюю ролю. Пакуль, на мой погляд, Расея ня будзе замінаць кантактам Беларусі ды Іраку. Яна можа ўмяшацца толькі тады, калі атрымае просьбу Амэрыкі, бо за выкананую просьбу амэрыканцам прыйдзецца разьлічвацца. А так яна будзе спакойна глядзець на гэта, каб яшчэ і Ірак быў удзячны, што не перашкаджаюць зносінам зь Беларусьсю. Але калі Буш папросіць ці нешта паабяцае, прыкладам, ў галіне проціракетнай абароны, то, мабыць, і дадуць загад спыніць кантакты".

(Грузьдзіловіч: ) "То ці варта чакаць пагаршэньня стаўленьня да Беларусі ці нават санкцыяў з прычыны актывізацыі беларуска-ірацкага вайсковага супрацоўніцтва? Якімі, на вашую думку, павінны быць дачыненьні Беларусі з арабскім сьветам зараз, пасьля тэрактаў?"

(Махоўскі: ) "Мне падаецца, што простых санкцыяў з боку Захаду да Беларусі за гэтую гісторыю ня будзе, бо няма ніякіх фармальных падставаў. Але ёсьць яшчэ нефармальныя нейкія кантакты, дык вось яны будуць пагаршацца. Заўсёды можна знайсьці фармальную падставу, каб накласьці санкцыі.

На жаль, адрозна ад многіх іншых краінаў Беларусь ці то ня здолела, ці то не захацела выкарыстаць шанец на паляпшэньне дачыненьняў з ЗША і Захадам. Пасьля тэрактаў, калі ўся міжнародная супольнасьць неяк аб'ядналася, Беларусь засталася ўбаку. І Аляксандар Лукашэнка не даехаў да амэрыканскай амбасады, а замест гэтага прымаў лібійскую вайсковую дэлегацыю, і вось зараз гэтая гісторыя. Вельмі шкада".

(Статкевіч: ) "Перакананы, што гэтая гісторыя будзе ўплываць на рэпутацыю краіны. А рэпутацыя краіны — найперш грошы, інвэстыцыі. Якімі павінны быць дачыненьні Беларусі з арабскім сьветам? Ня думаю, што такая невялікая па памерах краіна мусіць праводзіць у гэтым складаным рэгіёне палітыку, якая кардынальна адрозьніваецца ад большасьці разьвітых, цывілізаваных і багатых краінаў. Бо ўяўныя нейкія прыбыткі ад кантактаў з краінамі-ізгоямі ўрэшце абярнуцца стратамі".

(Грузьдзіловіч : ) "Але прадаўшы комплекс С-300, можна атрымаць да мільярда даляраў..."

(Статкевіч: ) "Так. Комплекс С-300 ёсьць вельмі дарагой цацкай. Хаця яна і ня столькі каштуе, усё залежыць ад камплектацыі. Але тут мы будзем, мабыць, скарыстаныя ў ролі пасярэдніка, я сумняюся, што Расея наўпрост прадасьць такія комплексы Іраку. Але ж афіцэры вучацца. Як тады Ірак атрымае гэтыя комплексы? Мабыць, праз нашыя камісійныя паслугі? Асноўныя грошы тады пойдуць нейкім расейскім вытворцам.

Як вынік — зноў будзе нейкі прыбытак, які скарыстаюць на нашую шматлікую міліцыю ці яшчэ на што... Але ж потым гэта ўсё роўна выйдзе бокам, бо калі праз нас такі комплекс пойдзе і зь ягонай дапамогай саб'юць хоць адзін амэрыканскі самалёт, вось тады сапраўды можам даскакацца".
XS
SM
MD
LG