Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе прапагандысцкая лібэралізацыя на Беларускім тэлебачаньні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Людзі, якія дзеля прафэсійнай неабходнасьці альбо зь іншых прычынаў глядзяць праграму БТ "Рэзананс", былі надзвычай зьдзіўленыя апошнім ейным выпускам.

Гэты "Рэзананс" кардынальна розьніўся ад папярэдніх. ЗША, якія рыхтуюцца да ваеннай акцыі ў Афганістане, былі паказаныя амаль як міратворцы. У сюжэце пра Кітай выказвалася радасьць з нагоды разьвіцьця рынкавых мэханізмаў у гэтай краіне. У камэнтарах пра новы беларускі ўрад акцэнт быў зроблены на неабходнасьць лібэралізацыі эканомікі.

Акрамя таго, вядучы "Рэзанансу" Зімоўскі паведаміў, што праграма будзе закрытая, але можа адрадзіцца пад новай назвай.

Іншыя факты. Вось ужо некалькі тыдняў пасьля выбараў не выходзяць у эфір сумнавядомыя перадачы гэтак званага праваабаронцы Яўгена Новікава і рэжысэра Юр'я Азаронка. Разам з тым дасюль не прызначылі кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Ці значыць гэта, што на Беларускім телебачаньні будуць пэўныя зьмены? І калі будуць, то якія?"

(Чаркасава: ) "Мне падаецца, што ад перамены месцаў складнікаў сума не мяняецца. Рэч ня ў тым, хто прыйдзе на пасаду старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Хто б сёньня туды ні прыйшоў, ён у любым выпадку будзе выконваць загад таго, хто будзе стаяць над ім. А ў нас адзін старшыня над усімі старшынямі. Таму ня так і важна, хто будзе гэты чалавек.

А што да лібэралізацыі, то я ня веру, што гэта надоўга. Таму што могуць быць нейкія адступы, а на самой справе ўсё застанецца, як і было.

Што да Зімоўскага: "маўр зрабіў сваю справу — маўр памрэ", але потым адродзіцца ў новым абліччы. Такія людзі заўсёды патрэбныя ўладзе".

(Міндлін: ) "Першая хваля лібэралізацыі на БТ адбылася напрыканцы 1994 году, калі існавала студыя "Палітыка", дзе я працаваў. І я ўзгадваю сваю першую размову з Рыгорам Кісялём, які паставіў задачу, каб былі прадстаўленыя ўсе думкі й пункты гледжаньня, што існуюць у грамадзтве. Але потым была вельмі драматычная гісторыя, калі нават тэлефанаваў сам Лукашэнка пасьля некаторых праграмаў студыі, у прыватнасьці, пасьля праграмы "Кулюары", якую падрыхтаваў Віталь Цыганкоў.

Хваля лібэралізацыі сьціхла ў траўні 1995-га, перад рэфэрэндумам, і больш не ўзьнікала. Зараз, на маю думку, адбываецца нешта падобнае. Але мы ня ведаем сапраўдных намераў уладаў, таму што (я тут згодны зь Веранікай) усе праблемы, пэрспэктывы і задачы БТ трэба шукаць у будынку на К.Маркса, 38. Там вырашаецца лёс БТ.

Наконт канкрэтных праграмаў. Ну ня будзе "Рэзанансу", будзе нейкая іншая праграма. Час шалёнай чорнай прапаганды мінуў — яна сваю справу зрабіла. Зараз трэба ўпрыгожваць імідж..."

(Чаркасава: ) "Прапаганда стане шэрай".

(Міндлін: ) "Так. Магчыма, будуць таксама нейкія іншыя фарбы. Аднак цікава, хто будзе ўвасабляць твар улады на БТ: адыёзныя Зімоўскі і Казіятка, Новікаў і Азаронак альбо даволі лібэральны і прафэсійны журналіст Ігар Філіпенка. Вось пабачым".

(Цыганкоў: ) "Вы кажаце, ня мае вялікага значэньня, хто будзе кіраўніком Белдзяржтэлерадыёкампаніі. З аднаго боку, сам Аляксандар Лукашэнка нядаўна чарговы раз прызнаўся, што ён будзе ажыцьцяўляць непасрэдны ідэалягічны кантроль за дзейнасьцю тэлебачаньня. Зь іншага, у таго ж Лукашэнкі багата справаў і бяз гэтага. Сьмешна прыпускаць, што кіраўнік дзяржавы будзе сачыць за накірункам і тэкстамі нейкіх канкрэтных перадачаў — гэтыя функцыі будуць выконваць іншыя людзі.

І самі супрацоўнікі БТ, і многія палітыкі ўсё ж надаюць значэньне таму, хто будзе кіраўніком "першага нацыянальнага". З прыходам, напрыклад, Валер'я Скварцова пэўныя надзеі зьявіліся, хаця я, прызнаюся, не заўважыў, каб нешта зьмянілася ў самім телебачаньні, акрамя надзеяў. Такім чынам, ці мае нейкае значэньне ў сёньняшніх умовах асоба кіраўніка БТ? Яна важная толькі як нейкі палітычны сымбаль ці мае значэньне і для якасьці працы БТ?"

(Чаркасава: ) "Хутчэй толькі як сымбаль. Валеры Скварцоў паспрабаваў нешта зрабіць на БТ і вельмі хутка "згарэў". Як гавораць супрацоўнікі тэлебачаньня, ён да пачатку працы прайшоў мэдычную камісію, якая паказала, што ён цалкам здаровы. 50 дзён працы хапіла, каб ён памёр.

Але справа ў тым, што гэтыя людзі ў любым выпадку робяцца закладнікамі. Калі б, напрыклад, Скварцоў пражыў далей і паспрабаваў рабіць рэальныя рэформы, яго спынілі б усё роўна — калі б ягоныя рэформы пагражалі нейкім чынам ідэалягічнай накіраванасьці тэлебачаньня".

(Цыганкоў: ) "Зь іншага боку, акрамя некалькіх палітычных праграмаў, астатнія ня маюць дачыненьня да палітыкі. Можа, размову варта весьці ня толькі пра ідэалёгію, а пра якасьць БТ. Тут можа што-небудзь зьмяніць асоба кіраўніка кампаніі?"

(Міндлін: ) "Я лічу, што ня трэба перабольшваць ролю старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі ў разьвіцьці БТ. І вось чаму. Любое сучаснае тэлебачаньне грунтуецца на чатырох кітах. Першы — гэта журналістыка, якая ўключае ў сябе інфармацыю, аналітыку, публіцыстыку. Другі кіт — відовішча, шоў, забаўляльныя праграмы, фільмы. Трэці — сучасны мэнэджмэнт. Чацьверты — гэта так званы hi-tech, высокія тэхналёгіі.

Сёньня на БТ ніводнага з гэтых чатырох складнікаў не існуе. Няма журналістыкі — ёсьць прапаганда. Няма відовішча, бо яно патрабуе вялікіх інвэстыцыяў. Няма мэнэджмэнту — ёсьць архаічная сыстэма кіраваньня, якая чакае грошай ад бюджэту, якую ўвогуле не цікавіць, як гэтыя грошы зарабіць, не цікавіць рынак гледачоў. Таму гэтая сыстэма кіраваньня ня ў стане стварыць каштоўны сучасны тэлевізійны прадукт. І чацьвертае — няма hi-tech, бо сёньня тэхнічная база БТ — гэта "салянка зборная".

Як можна пры любым старшыні, пры любой камандзе будаваць сучаснае тэлебачаньне, калі ўсяго гэтага не існуе? У грамадзтве мусіць быць палітычны рынак, каб былі групы ціску, зацікаўленыя адлюстроўваць уласныя інтарэсы на тэлебачаньні. І па-другое, павінна быць канкурэнтнае асяродзьдзе ў эканоміцы".

(Цыганкоў: ) "То бок атрымліваецца даволі сумная выснова, паколькі гэтага пакуль няма, і ня бачна прыкметаў, што будзе".

(Міндлін: ) "Магчыма, зьявіцца 2-3 добрыя праграмы. Творчы чалавек у любым выпадку будзе рэалізоўваць свае магчымасьці. Але гэта нічога ня значыць. Няма сыстэмнага падыходу — ня будзе і добрага каналу".

(Чаркасава: ) "Добрыя прафэсіяналы туды таксама ня пойдуць, бо там працаваць зараз не даюць. Усе думкі, што зараз там выказваюцца, сканчваюцца тым, што ім не даюць ходу, і праграмы зачыняюць. Прафэсіяналы, якія там раней працавалі, таксама сыходзяць.

Цяпер многія супрацоўнікі БТ скардзяцца, што няма дзе працаваць. Але хто хацеў, даўно знайшоў. Трываць жа, калі аб цябе выціраюць ногі маладыя хлопчыкі — Рыбакоў, Хрусталёў, мне здаецца, гэта проста брыдка. Да таго ж ніводзін сапраўдны прафэсіянал, які за гэтыя гады сышоў з БТ, нікуды прафэсійна ня зьнік".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, часам на БТ узьнікае абурэньне намесьнікамі старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Рыбаковым і Хрусталёвым, але ў мяне ўражаньне, што гэта вельмі такое кухоннае абурэньне. Яны не патрабуюць творчай свабоды, зьмены ўмоваў працы, а асноўнае патрабаваньне — "прыбярыце гэтых двух Ягораў, і ўсё ў нас будзе нармальна". Гэта, па-мойму, кажа пра пэўнае заніжэньне ўзроўню патрабаваньняў супрацоўнікаў БТ".

(Міндлін: ) "Я скажу не пра творчы, прафэсійны, а пра грамадзянскі патэнцыял. Увогуле, усё ідзе ад гэтага. Я нагадаю 1997 год, калі быў арыштаваны Павал Шарамет. Практычна ніхто з нашых калегаў, што працуюць на дзяржаўным тэлебачаньні, не ўзьняў свой голас у абарону Шарамета.

Лёгіка сёньняшняга рэжыму наступная — калі ты не на 100 адсоткаў зь ім, то ты ненадзейны. І вось прыйшоў час, калі яны сталі ненадзейныя".

(Цыганкоў: ) "Хачу ўсё ж вярнуцца да магчымай лібэралізацыі на БТ. Мне здаецца, што Аляксандру Лукашэнку зараз патрэбная пэўная ідэалягічная лібэралізацыя.

Калі ісьці на рэформы ў эканоміцы дастаткова небясьпечна, то ў прапагандысцкай сфэры ўсё павярнуць ня так і складана. Нават ня трэба мяняць кадры. Тыя ж зімоўскія і казіяткі проста разьвярнуцца ў іншы бок, у той, які ім пакажуць. Зрэшты, няцяжка іх і замяніць, каб не псавалі новы імідж улады.

А ўлада хоча наладжваць стасункі з Захадам, неяк весьці размову з расейскім алігархамі. Таму патрэбная калі ня новая, то хаця б зьмененая ідэалягічная плятформа. На вашую думку — для гэтых новых патрабаваньняў улада возьме тых самых супрацоўнікаў БТ, ці з-за праблемаў прафэсійнасьці кадраў ўлада вымушаная будзе зьвяртацца да недзяржаўных журналістаў?"

(Чаркасава: ) "Я думаю, што Зімоўскі, Казіятка ды іншыя — вельмі гнуткія людзі, якія з задавальненьнем забясьпечаць усё, што патрабуе ад іх улада, выканаюць любы сацыяльны заказ. Яны неаднойчы ўжо дэманстравалі гэта. Людзі збоку там не спатрэбяцца".

(Міндлін: ) "За гэтыя некалькі гадоў на БТ адбылося падзеньне інтэлектуальнага прафэсійнага ўзроўню. Гэта праблема — ці здольныя гэтыя людзі вырашыць новыя ідэалягічныя задачы, якія ставіць улада. Гэта не вырашаецца так проста. Здаецца, усё роўна трэба ісьці на нейкія рэформы ў палітычным і эканамічным жыцьці".

(Чаркасава: ) "Тэлебачаньне — гэта толькі люстэрка, якое адлюстроўвае тое, што робіцца ў грамадзтве. Калі грамадзтва такое, якое мы зараз маем, тэлебачаньне ня здолее быць лепшым за грамадзтва, якое яно паказвае".
XS
SM
MD
LG