Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазыка Ўсясьветнага банку і пэрспэктывы лібэралізацыі беларускай эканомікі.


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “26 верасьня ў Вашынгтоне было падпісанае пагадненьне аб прадастаўленьні Беларусі пазыкі Ўсясьветнага банку ў памеры 22.6 мільёны даляраў. Варта адзначыць, што гэта – першая пазыка, прадастаўленая Ўсясьветным банкам Беларусі з 1994 году. Зразумела, як кажуць, “адна ластаўка ня робіць вясны”, ды і грошы вельмі малыя. Тым ня менш гэта крок з боку міжнародных арганізацыяў, якія ўжо шмат гадоў не даюць Беларусі аніякіх крэдытаў. Сп-р Заіка, чым гэта можна патлумачыць?

(Заіка: ) “Беларусь выканала ўсе найбольш важныя пазыцыі, па якіх да яе былі прэтэнзіі: уніфікацыя абменнага курсу і ліквідацыя адміністрацыйнага кантролю над цэнамі, на чым настойваў Усясьветны банк. Але гэта можа і ня самае галоўнае. Пры прыняцьці рашэньня ўлічвалася і эканамічная дынаміка Беларусі, усё ж тэмпы росту станоўчыя. Да таго ж сытуацыя параўноўвалася з сытуацыяй у суседзяў. У Расеі і на Ўкраіне шмат праблемаў са зьнікненем грошай, карупцыяй, і рэалізацыя праектаў Усясьветнага банку далёка не дасканалая. Таму экспэрты і чыноўнікі банку вырашылі хаця б трошачкі грошай даць Беларусі. Бо, па-першае, яна ня мусіць быць ізгоем – яна краіна-удзельніца банку, і па другое – я упэўнены у гэтым на 90% – ніякіх палітычных матываў тут не было. Беларусь сапраўды марудна ідзе па шляху рэформаў, вельмі марудна. Але паводле шэрагу паказчыкаў вынікі ў яе лепш, чым у суседніх краінах. А калі так, то трэба крыху прастымуляваць”.

(Дракахруст: ) “Некалькі месяцаў таму на пасяджэньні Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ішла размова нават пра выключэньне Беларусі са складу заставальнікаў банку за антыдэмакратычную палітыку. Сп-р Махоўскі, чым можна патлумачыць гэтае адрозьненьне палітыкі Ўсясьветнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця?”

(Махоўскі: ) “Я мяркую, што зараз, пасьля выбараў, стаўленьне Захаду да Беларусі прынцыпова мяняецца. На жаль апазыцыя ня здолела заявіць пра сябе, як уплывовую сілу. І Захад разумее, што яму давядзецца працаваць з той уладаю, якая ёсьць. Але ёсьць і эканамічныя чыньнікі. Справа ў тым, што Беларусь пакрысе сапраўды выконвае тыя ўмовы, якія былі вылучаныя міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Апошняе рашэньне ўраду пра скарачэньне сьпісу сацыяльна-значных тавараў, на якія рэгулюцца цэны – гэта таксама крок у гэтым жа рэчышчы”.

(Дракахруст: ) “З вашых тлумачэньняў вынікае, што цяперашняя невялічкая пазыка Ўсясьветнага банку ня ёсьць дабрачыннасьць ці палітычны жэст. Усё ж такі беларускі бок у пэўнай ступені выканаў ўмовы. Усе міжнародныя фінансавыя арганізацыі настойваюць на больш шырокай лібэралізацыі эканомікі. І ў перадвыбарчай праграме Лукашэнкі, і ў яго інаўгурацыйнай прамове крокі ў гэтым накірунку абяцаліся. Сп-р Махоўскі, паводле Вашай інфармацыі, у чым будуць заключацца гэтыя крокі?”

(Махоўскі: ) “Здаецца, беларускі ўрад ужо сапраўды зразумеў, што жыць так, як мы жылі апошнія 7 гадоў, проста немагчыма. Эканоміка проста ня вытрымае. І рэформы сапраўды неабходныя. Лібэралізацыю мяркуецца параводзіць на дастаткова шырокім фронце. Можна прыгадаць, што ўрад зараз рыхтуе праект закону пра спрашчэньне працэдуры рэгістрацыі малых прадпрыемстваў, гэты прыгаданы пералік сацыяльна-значных тавараў, на якія адпускаюцца цэны, кіраўнік ураду абвесьціў, што бюджэт будзе перагледжаны ў бок скарачэньня выдаткаў, і гэта таксама спроба жыць па сродках. Нарэшце, зараз даволі актыўна праводзіцца акцыянаваньне беларускіх прадпрыемстваў. Прыкладам, на гэтым тыдні прайшло пасяджэньне рады акцыянераў заводу “Крыніца”, на якім было прынятае рашэньне пра павялічэньне статутнага капіталу, каб прыцягнуць на прадпрыемства інвэстара”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Заіка, а як бы Вы маглі ацаніць характар гэтай лібэралізацыі?”

(Заіка: ) “Я цудоўна ведаю тую намэклятуру, той склад Савета Міністраў, які ёсьць, які, у адрозьненьні ад піраміды Хеопса, ня мае свайго Хеопса. Я абсалютна ня веру ў нейкае жаданьне лібэралізаваць беларускую эканоміку нашымі чыноўнікамі. Яны дастаткова разумныя людзі, і яны перш за ўсё думаюць пра тыя наступствы лібэралізацыі, якія адаб’юцца на іх. Уся справа ў тым, што Беларусь проста не прайшла шлях канвэртацыі палітычнай ўлады у эканамічную, яна засталася замарожанай. У Расеі і на Ўкраіне хутка ўсё разьмеркавалі, сакратары абкамаў і гаркамаў сталі прэзыдэнтамі банкаў, багатымі людзьмі. Тут жа вакол Лукашэнкі склалася нейкая “чорная дзіра”. Людзі знаходзяцца ва уладзе, маюць доступ да інфармацыйных, уладных і іншых рэсурсаў. Але яны жабракі, абсалютныя жабракі з пункту гледжаньня наяўнасьці ўласнасьці. Таму атачэнеьне Лукашэнкі цісне на яго. Тым больш, што зрабіць канкурэнтнымі беларускія прадпрыемствы яны ня ў стане. МАЗ даводзіцца аддаваць нейкім хлопцам з “Сібалу”, гэтым “новым рускім”, наступным пасыплецца трактарны завод.

І вось тут бліжэйшае кола Лукашэнкі пачынае ціснуць на яго, каб як мага хутчэй пераразьмеркаваць паміж сабою хаця б самыя буйныя кавалкі ўласнасьці. Для гэтага і патрэбныя заявы пра лібэралізацыю. Хаця я ведаю, што за гэтым стаіць жаданьне цяперашняй беларускай намэнклятуры хутка правесьці прыватызацыі, пераразьмеркаваць акцыянэрны капітал і выхапіць кавалкі ўласнасьці.

Што да астатняга – занадта шмат часу, 10 гадоў прайшло, каб гаварыць пра лібэралізацыю. Па вялікім рахунку лібэралізацыя ўжо не зьяўляецца актуальнаю.

Што тычыцца Беларусі – я больш чым ўпэўнены, што гэтая лібэралізацыя патрэбная для таго, каб цяперашні кіруючы кляс спакойна канвэртаваў сваю палітычную уладу ў эканамічную. Што будзе рабіць Лукашэнка, што будуць рабіць усе гэтыя міністры, калі яны і далей, як усе гэтыя 10 гадоў, будуць сядзець і глядзець, як расейскі капітал будзе захопліваць беларускую маёмасьць? Не, я думаю, яны будуць мяняць адносіны да ўласнай краіны і да ўласнай эканамічнай палітыкі”.

(Дракахруст: ) “Некалькі дзён таму падчас свайго візыту ў Нямеччыну прэзыдэнт Расеі Пуцін заявіў, што далёка ня ўсё, што робіцца ў эканамічнай сфэры ў Беларусі, задавальняе Расею. Ён дадаў: “Агульнымі высілкамі мы будзем паляпшаць гэтую сытуацыю”. Сп-р Махоўскі, якую ролю можа адыграць расейская дзяржава ў тым, каб ўсё ж такі падштурхнуць лібэралізацыю эканомікі ў Беларусі, магчымасьць якой сп-р Заіка адмаўляе?”

(Махоўскі: ) “Я мяркую, што Расея можа адыграць істотную ролю. Нават не Расея, а хутчэй расейскі капітал, які прыйдзе ў Беларусь. Па расейскім досьведзе мы ведаем, што расейскія бізнэсмэны прызвычаіліся працаваць з уладаю, яны прызвычаіліся да таго, каб улада была для іх зручнаю. Пасьля маштабнага прыходу сюды расейскіх грошай можна чакаць, што гэтыя расейскія бізнэсмэны захочуць для сябе больш зручнага ўраду. І ўрад, які сфармаваны зараз, можна лічыць ў пэўным сэнсе “чарнавіком”. Калі сюды прыходзяць расейскія грошы, то і беларускі ўрад стане іншым, больш прарасейскім”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Заіка, на Ваш погляд , якое значэньне мае гэтая заява Пуціна?”

(Заіка: ) “Я ведаю, чаму Пуцін так гаварыў. Я ведаю Андрэя Іларыёнава і мяркую, што менавіта ён прапанаваў прэзыдэнту гэтыя тэзы ў ягоны выступ. Я ня думаю, што яны маюць стратэгічны характар. Я ня згодны з Андрэем Махоўскім, што беларускі ўрад стане больш зручным для расейцаў. Беларускі ўрад – гэта віртуальны шэраг асобаў, якія сядзяць на сваіх пасадах, але ня маюць амаль ніякай эканамічнай і распарадчай ўлады. А вось хто сюды прыйдзе – гэта вялікая загадка для саміх расейцаў.
Зараз высілкамі Пуціна расейскі фінасавы капітал бярэцца пад вельмі жорсткі кантроль. І дапусьціць, каб у Беларусі Беразоўскі ці хто іншы будавалі свае новыя імпэрыі – думаю, што Пуцін на гэта ня пойдзе.

Для мяне гэта вельмі цікавы момант: а хто канкрэтна, які расейскі капітал пойдзе сюды, як легітымна будзе праходзіць захоп Беларусі расейскім капіталам? Легітымна – з пункту гледжаньня ўхваленьня Масквою. Бо даць магчымасьць умацавацца тут “Сібірскому алюмінію” – гэта праблема, бо шэраг такіх бізнэс-груповак зьяўляюцца праціўнікамі ўлады Пуціна. Ён яшчэ не нанес ім ўдару, але праз паўгода-год гэты ўдар будзе нанесены.

Тут вялікая праблема для Лукашэнкі і ўсёй каманды беларускага прэзыдэнта – хто прыйдзе, як, з кім весьці дыялёг, на каго рабіць стаўку, і каму аддаць тое, што хацелася б прадаць падаражэй і павыгадней”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG