Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вакол зьняцьця Сямёнам Домашам сваёй кандыдатуры на прэзыдэнцкіх выбарах.


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Сёньня Сямён Домаш урачыста падпісаў заяву ў Цэнтарвыбаркам пра зьняцьцё сваёй кандыдатуры з прэзыдэнцкай гонкі. Такім чынам Уладзімер Ганчарык сапраўды стаў адзіным кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Чакалася, што сп-р Домаш абвесьціць пра зьняцьцё сваёй кандыдатуры 20 жніўня, падчас свайго выступу па тэлебачаньні. Але гэтага не адбылося, хаця падчас свайго выступу сп-р Домаш і заклікаў выбаршчыкаў галасаваць за Ўладзімера Ганчарыка. Некаторыя акцэнты ў выступе сп-ра Домаша дазвалялі меркаваць, што ён яшчэ нейкі час будзе працягваць удзел у прэзыдэнцкай гонцы і скарыстае яшчэ адзін прадастаўлены яму выступ па тэлебачаньні. Але не абылося і гэтага. Чым можна патлумачыць, што зьняцьцё кандыдатуры адбылося менавіта сёньня? Алег, як Вы мяркуеце?”

(Грузьдзіловіч: ) “Я падзяляю меркаваньні тых, хто бачыць у гэтым кроку пасьлядоўнасьць Домаша. Гэта лягічны крок пасьля закліку галасаваць за Ганчарыка, які прагучаў у яго ўчорашнім тэлевыступе. Ён выклаў сваю праграму, а галоўнае – засяродзіў увагу на тым, што зьмена рэжыму стала зараз канцэпцыяй уратаваньня краіны і нацыі.
Я параўнаў бы ягоны крок са збросам адпрацаванай ступені ракеты. Зразумела, можна было б яшчэ пачакаць, скарыстаць магчымасьць яшчэ раз выступіць па тэлебачаньні, але тады на Ганчарыка лёг бы большы цяжар крытыкі, ён бы ня здолеў пазбавіцца ад “адпрацаванай ступені”. Зараз Ганчарык атрымлівае дадатковае паскарэньне і ўсё цяпер будзе залежаць ад яго”.

(Дракахруст: ) “Уладзімер, а якое Вашае меркаваньне?”

(Дорахаў: ) “Перш-наперш я хачу адзначыць, што крок Сямёна Мікалаевіча Домаша зьяўляецца актам высокай грамадзянскай мужнасьці. Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі палітык такога высокага ўзроўню ахвяраваў сваімі амбіцыямі дзяля агульнай мэты. Я лічу, што ўчорашні выступ Домаша па тэлебачаньні не зьяўляўся памылкаю. Паводле ўсіх сацыялягічных паказчыкаў Сямён Домаш, калі ня меў перавагу над Уладзімерам Ганчарыкам, то прынамсі не саступаў яму. Сп-р Домаш мусіў нейкім чынам падзякаваць сваім выбаршчыкам, тым людзям, якія працавалі ў яго камандзе. Гэтыя людзі павінныя былі ўбачыць канкрэтны вынік сваёй працы. Што тычыцца другога выступу, то ў ім ужо не было неабходнасьці. Час для зьняцьця кандыдатуры быў абраны аптымальна”.

(Дракахруст: ) “Я дазволю сабе прапанаваць сваё меркаваньне. Справа ў тым, што 22 жніўня Цэнтарвыбаркам накіроўвае на друк выбарчыя бюлетэні. І калі б Домаш ня зьняў сваю кандыдатуру менавіта сёньня, цалкам магчыма, што ЦВК так і пакінуў бы ў бюлетэні ўсе 4 прозьвішчы”.

(Грузьдзіловіч: ) “Мне здаецца, што ўсё ж галоўная прычына, што ён гэта зрабіў 21 жніўня, а фактычна – 20 жніўня, гэта тое, што ён старанна і вельмі ўдала стварае вобраз новых палітыкаў, палітыкаў, якія мусяць прыйсьці на зьмену цяперашняму рэжыму і Лукашэнку. Гэтая пасьлядоўнасьць мусіць пераканаць выбаршчыкаў, што сканчаецца пэрыяд нявызначанасьці і няпэўнасьці, калі не вядома, што будзе далей. Усе 7 гадоў пры Лукашэнку гэта было менавіта так. А тут узьнікае іншы стыль. Людзі заявілі, што яны згодныя аб’яднацца – яны аб'ядналіся. Адзін сказаў, што здыме сваю кандыдатуру – ён зьняў кандыдатуру, паведаміўшы пра гэта сваім выбаршчыкам, ні на дзень не пратрымаўшы няпэўнасьць сытуацыі. Зараз ёсьць адзін кандыдат, яго можна вельмі добра “раскручваць”, што і зроблена”.

(Дорахаў: ) “Я б хацеў адзначыць яшчэ адзін момант. У адпаведнасьці з пагадненьнем пра ўзаемныя абавязкі Сямён Домаш мусіць узначаліць палітычную раду штабу Ўладзімера Ганчарыка. Тут варта прыгадаць югаслаўскі досьвед: цяперашні прэм’ер Сэрбіі Зоран Джынджыч у мінулым годзе ўзначальваў штаб адзінага кандыдата на прэзыдэнта Ваіслава Каштуніцы. Тое ж самае ў Беларусі. Ідзе час, Сямён Домаш мусіць ісьці працаваць у штаб Ганчарыка, ня проста дэманстраваць зацікаўленасьць у перамозе, а рабіць усё для перамогі адзінага кандыдата”.

(Дракахруст: ) “Шмат прыхільнікаў Сямёна Домаша і некаторыя аналітыкі выказвалі меркаваньне, што варта было ўсё ж абодвум дэмакратычным кандыдатам ісьці на выбары, “адрываючы” ад Аляксандра Лукашэнкі як мага больш электарату і не даючы яму перамагчы ўжо ў першым туры. Ці падаюцца вам слушнымі гэтыя меркаваньні? Алег Груздзіловіч, Вам слова”.

(Грузьдзіловіч: ) “Можна, зразумела, і зараз разважаць пра тое, лепш было ісьці аднаму ці абодвум. Але цягнік ужо пайшоў. Я думаю, што сёньня падчас тэлевыступу Ганчарыка мы і атрымаем адказ , варта ці ня варта было Домашу здымаць кандыдатуру. Ганчарык мусіць сёньня выступіць, як двуасобны кандыдат, ягоны патэнцыял мусіць вырасьці ўдвая. У яго ёсьць магчымасьць паказаць, што ён адзін варты двух.
Я згодны са сп-ром Дорахавым ў тым, што шмат будзе залежаць і ад Домаша. Ён ня мусіць адысьці ў цень гэтак жа, як адышлі Чыгір, Марыніч і іншыя, хто ня здолеў прайсьці этап рэгістрацыі. Домаш мусіць выкарыстоўваць той патэнцыял, які за ім ужо стаіць, дапамагаць Ганчарыку на пасадзе кіраўніка палітычнага камітэту ягонага штабу. Учора Домаш зрабіў добрую заяўку на гэта. Калі праца гэтак жа будзе праводзіцца далей, то будзе плён”.

(Дракахруст: ) “Уладзімер, Ваш Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў праводзіць сацыялягічныя апытаньні. З пункту гледжаньня вынікаў гэтых апытаньняў лепш было б, каб кандыдаты ішлі ўдвох, ці каб ішоў адзін кандыдат?”

(Дорахаў: ) “Больш шанцаў, калі ідзе адзін кандыдат. Справа ў тым, што электарат Домаша – больш схільны да кампрамісу, ён больш гатовы перайсьці да Ганчарыка. Электарат Ганчарыка ўтрымлівае менш людзей з дэмакратычнымі поглядамі, чым электарат Домаша. Есьць і іншы момант, псыхалягічны. Зараз галоўнае – не дапусьціць перамогі Лукашэнкі ў першым туры. Для гэтага ў яго мусіць быць ясная альтэрнатыва. Наш народ успрымае палітыку праз асобаў. Таму патрэбны адназначны адказ на пытаньне: “Калі не Лукашэнка, то хто?”

(Дракахруст: ) “Крок Сямёна Домаша ў значнай ступені грунтуецца на пагадненьні, падпісаным паміж адзіным кандыдатам Уладзімерам Ганчарыкам і шырокай грамадзянскай кааліцыяй. Сп-р Ганчарык даў абяцаньне, што ў выпадку сваёй перамогі ён прызначыць Сямёна Домаша кіраўніком ўраду з шырокімі паўнамоцтвамі. Мінюст пасьпяшаўся абвесьціць гэтае пагадненьне антыканстытуцыйным. Але тут ёсьць і іншае пытаньне – наколькі гэтае абяцаньне выканальнае?
У некаторых краінах сапраўды існуюць моцныя прэм’ер-міністры, але гэта звычайна адбываецца там, дзе кіраўнік ураду – прадстаўнік большасьці ў парлямэнце. Тады ягоныя шырокія паўнамоцтвы зразумелыя, бо крыніца ягонай ўлады ёсьць воля не прэзыдэнта, а парлямэнцкай большасьці. Але такі статус прэм’ера Ганчарык ня мог паабяцаць Домашу, бо не вядома, якой будзе большасьць у новым парлямэнце і ці захоча яна бачыць на чале ўраду менавіта сп-ра Домаша. Калі ж гаворка пра прыкладна цяперашні беларускі (ці расейскі, ці украінскі) варыянт, то ў гэтых умовах прызначэньне прэм’ера – гэта воля прэзыдэнта. І наколькі магчымыя тут шырокія паўнамоцтвы? Алег, Вашае меркаваньне?”

(Грузьдзіловіч: ) “Калі пытаньне толькі пра выканальнасьць, то мой адказ станоўчы. У нашых умовах гэта магчыма. Іншая справа, што потым сытуацыя можа зьмяніцца. Мы ўжо ў нашай размове зьвярталіся да досьведу Югаславіі. Зараз там пайшлі непаразуменьні паміж прэзыдэнтам Каштуніцам і прэм’ерам Сэрбіі Джынджычам. Такое можа быць калі-небудзь і у нас. Але гэта – не галоўнае. Галоўным мне падаецца тое публічнае абнародваньне дамоўленасьці пра прэм’ера – зараз ці не галоўнае слабое месца апазыцыі, гэтае пагадненьне мусіла заставацца паміж Домашам і Ганчарыкам”.

(Дорахаў: ) “Я згодны з Алегам, што пагадненьні такога кшталту ня варта абнародаваць. Калі іх абнародуюць, узьнікае больш пытаньняў, чым адказаў. Што тычыцца іх выканальнасьці, то гэта будзе залежаць ад добрай палітычнай волі Ўладзімера Ганчарыка. Сямён Домаш прадэманстраваў сваю добрую волю, зьняўшы сваю кандыдатуру. Зараз – чарга Ганчарыка. Калі ў яго будзе такая добрая воля, можна будзе абысьці шэраг перашкодаў, якія ляжыць у сфэры канстытуцыйнага права. У пагадненьні пра ўзаемныя абавязкі характар канстытуцыйнай рэформы акрэсьлены ў самым агульным пляне. Хутчэй за ўсё маецца на ўвазе схема так званай паўпрэзыдэнцкай рэспублікі, калі існуе моцны прэзыдэнт і моцны прэм’ер-міністар. Яшчэ раз паўтаруся: калі будзе добрая воля з боку Ганчарыка, калі людзі, якія здолеюць перамагчы, будуць памятаць пра маштаб задачаў, адчуваць меру адказнасьці перад выбаршчыкамі, то ўсе гэтыя пытаньні, мне падаецца, будуць вырашаныя ў рабочым парадку”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG