Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму былі зарэгістраваныя асноўныя апазыцыйныя канкурэнты кіраўніка дзяржавы?


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Падчас перадвыбарчай кампаніі выказваліся перасьцярогі, што ўжо на этапе рэгістрацыі ўлада зробіць “выбары бяз выбараў”, пакінуўшы Аляксандру Лукашэнку спарынг-партнэра. Варта прыгадаць, што падчас выбараў у т.зв. “палату прадстаўнікоў” ня быў зарэгістраваны кандыдат Уладзімер Ганчарык – паводле Цэнтарвыбаркаму ён ня здолеў сабраць нават 1 тысячу подпісаў. Зараз было прызнана, што і Ўладзімер Ганчарык, і Сямён Домаш здолелі сабраць больш за 100 тысячаў подпісаў, і ніякіх сур’ёзных парушэньняў тут знойдзена не было. Таксама і сумнавядомы дэкрэт №20 пра дэкляраваньне даходаў кандыдатаў і ўсёй іх радні таксама ня стаў перашкодаю для рэгістрацыі рэальных апанэнтаў кіраўніка дзярждавы. Чаму ўлада гэтым разам не пайшла па тым шляху, па якім ішла пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты “палаты прадстаўнікоў”? Сп-р Статкевіч, якое Вашае меркаваньне”.

(Статкевіч: ) “Я мяркую, што ва ўлады не было шырокага поля для манэўру. Калі б адзіны кандыдат быў вызначаны ўзімку, тады б былі іншыя сцэнары. Было б падрыхтавана некалькі кандыдатаў нібыта апазыцыйных, але праўрадавых, улады зрабілі б ўсё магчымае, каб яны сабралі неабходную колькасьць подпісаў і не зарэгістравалі б адзінага сапраўды апазыцыйнага кандыдата. Тое, што адбылося, мы прагназавалі, бо ведаем, што такое зьбіраць подпісы. Мы, праўда, меркавалі, што будзе яшчэ Сініцын.

Наколькі мне вядома, улады не чакалі такой малой колькасьці прэтэндэнтаў, хаця яны да гэтага таксама прыклалі руку – гэта “выключэньне” таго ж Сініцына і Машэравай. Але было спадзяваньне на вялікую колькасьць прэтэндэнтаў, што дало б магчымасьць правесьці пэўны адсеў, найбольш моцных можна было б выключыць. Зараз засталіся толькі два апазыцыйных кандыдаты. Не зарэгістраваць аднаго – гэта гарантавана забясьпечыць адзінства апазыцыі. Не зарэгістраваць абодвух – відавочна безальтэрнатыўныя выбары.
Магчыма, што сябры і саюзьнікі з Расеі параілі, каб альтэрнатыва ўсё ж была, і паставілі гэта ўмоваю прызнаньня выбараў Масквою. Па сутнасьці ў Лукашэнкі не было выбару. Рэгістрацыя абодвух апазыцыйных кандыдатаў выглядае цалкам лягічнай, бо застаецца апошняе спадзяваньне, што дэмакраты, як заўжды, перасварацца, застануцца і Ганчарык, і Домаш, і гэта дасьць Лукашэнку магчымасьць перамагчы ў першым туры зь вялікаю перавагаю.

Акрамя таго, трэба ўлічваць, што мы зрабілі пэўныя высновы з парлямэнцкіх выбараў. Калі ўвосень 70% нашых кандыдатаў, якія пазначалі партыйнасьць, не былі зарэгістраваныя, то на паўторных выбарах была рэгістрацыя ўсіх. І тэхналёгіі распрацавалі адпаведныя, і каманды навучыліся. Так што, каб не зарэгістраваць прэтэндэнтаў, давялося б ужываць самыя грубыя мэтады і гэта прывяло б да непрызнаньнея выбараў ужо на гэтым этапе”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Цыганкоў, сп-р Статкевіч ужо акрэсьліў магчымыя чыньнікі, якія не далі ўладзе пайсьці на нерэгістрацыю рэальных канкурэнтаў кіраўніка дзяржавы. Але я хачу прыгадаць, што на апошніх выбарах у Казахстане ўлада зьняла з рэгістрацыі галоўнага канкурэнта Нурсултана Назарбаева – Фелікса Кулава, і гэта ня выклікала велізарных узрушэньняў ні ў Расеі, ні на Захадзе, ні сярод саміх казахстанцаў. Чаму, на Ваш погляд, беларуская ўлада пайшла на рэгістрацыю канкурэнтаў Лукашэнкі?”

(Цыганкоў: ) “Тут варта прыгадаць, што Беларусь знаходзіцца ў Эўропе, і гэта – не агульныя словы. Гэта спараджае пэўнае стаўленьне да Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці, як пісаў Кіплінг: “Захад – ёсьць Захад, Усход – ёсьць Усход”. І калі часам гавораць пра “падвойныя стандарты”, то гэта вынік таго, што да Беларусі ставяцца, як да эўрапейскай краіны, і падыходзяць да яе з эўрапейскімі патрабаваньнямі. У Сярэдняй Азіі ўзровень дэмакратыі зусім іншы, традыцыі зусім іншыя, і тое, што даруецца ім, ня можа быць даравана ў Эўропе.

Улада робіць з намі тое, што мы ёй дазваляем. У дадзеным выпадку зьбег шэрагу абставінаў: унутраных, расейскіх, заходніх – не дазволілі ўладзе зрабіць тое, што яна, магчыма, і хацела б.

Што да параўнаньня з парлямэнцкімі выбарамі, то там было шмат прэтэндэнтаў, шмат кандыдатаў. І адмова ў рэгістрацыі камусьці, нават самаму вядомаму ня можа параўнацца з адмоваю ў рэгістрацыі аднаму з чатырох кандыдатаў у прэзыдэнты. У народнай сьвядомасьці парлямэнцкія выбары – гэта крыху несур’ёзная гульня, гэта ня самая галоўная падзея ў жыцьці дзяржавы. Перад Аляксандрам Лукашэнкам стаіць двайная задача: выйграць гэтыя выбары і адначасна дамагчыся іх міжнароднага прызнаньня. Калі будзе стаяць пытаньне – альбо адно, альбо іншае, ён зразумела выбярэ перамогу без прызнаньня. Але ў ідэале ён хацеў бы дасягнуць абедзьвюх мэтаў”.

(Дракахруст: ) “Мы ўжо закранулі пытаньне пра міжнароднае прызнаньне выбараў. Падаецца, што тут у кроках улады назіраецца пэўная супярэчнасьць З аднаго боку яна рэгіструе сваіх рэальных канкурэнтаў, і тым самым спрыяе прызнаньню выбараў, з другога боку, яна ўпарта адмаўляецца запрашаць назіральнікаў зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, рызыкуючы непрызнаньнем. Сп-р Статкевіч, як Вы можаце гэта патлумачыць?”

(Статкевіч: ) “Улада спрабуе намацаць мінімальны набор патрабаваньняў, выкананьне якіх дазваляла б захоўваць шанец на прызнаньне. Нават калі запрашэньне для назіральнікаў будзе накіраванае крыху пазьней, шанец на прызнаньне выбараў захоўваецца. Відавочна, што назіральнікаў імкнуцца запрасіць як мага пазьней, каб не было назіраньня за выкарыстаньнем інфармацыйнай прасторы Беларусі. Да прыезду назіральнікаў мы кожны дзень будзем бачыць па тэлевізары ўсё той жа знаёмы твар: уборачная, вываз арганікі на палі, вучэньні і г.д. А назіральнікаў запросяць тады, калі яны змогуць убачыць якога-небудзь 20 жніўня, як Ганчарык атрымае свае паўгадзіны тэлеэфіру. Так што тут ідзе гульня на мяжы фолу – ўлада ўзважвае, што мінімальна можна аддаць, каб захаваць шанцы на прызнаньне, але і не згубіць шанцы на ўтрыманьне ўлады”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Цыганкоў, а якое Вашае меркаваньне?”

(Цыганкоў: ) “Я згодны з тым, што ідзе сапраўды вельмі небясьпечная гульня на мяжы фолу. Сэнс гэтай гульні ў тым, каб цягнуць да апошняга. А там рабіць выбар з двух варыянтаў: ці запрасіць міжнародных назіральнікаў у самыя апошнія дні, ці запрасіць так позна і з такімі парушэньнямі, што назіральнікі АБСЭ самі адмовяцца ад паездкі. Тады можна будзе іх жа ў гэтай адмове і абвінаваціць, і спадзявацца на назіральнікаў з СНД ды іншых краінаў, запрошаных адмыслова.

Я хацеў бы прыгадаць, што легітымнасьць – гэта не фармальная законнасьць, а прызнаньне ўласным народам права кіраўніцтва на ўладу, згода выконваць загады гэтага кіраўніцтва. Для Аляксандра Лукашэнкі важней менавіта гэтая ўнутраная легітымнасьць. Таму менавіта і былі зарэгістраваныя ўсе 4 кандыдаты, інакш было б няёмка перад уласным народам. Іншая справа, калі камусьці не даюць выступіць, не даюць грошай, калі ў аднаго ёсьць усё, а ў іншых нічога – гэта тое, што ня так кідаецца ў вочы, як адмова ў рэгістрацыі.
Закон, Канстытуцыю гэтая ўлада парушала шмат разоў, але нейкае ўласнае, хай і зусім не эўрапейскае, разуменьне справядлівасьці ў яе ёсьць. Яно, зразумела, надзвычай скрыўленае, але ў такіх момантах, як рэгістрацыя кандыдатаў, яно спарацоўвае.

(Дракахруст: ) “Сп-р Статкевіч, а што Вы думаеце на гэты конт?”

(Статкевіч: ) “На мой погляд, тут справа не ў пачуцьці справядлівасьці гэтай каманды, кляну, а адчуваньне іх лідэрам пачуцьця справядлівасьці грамадзтва. І яму трэба ня толькі захаваць уладу, але і імкнуцца зрабіць гэта так, каб простыя людзі, на якіх імкнецца абапірацца гэты рэжым, ня здолелі папракнуць яго, што ён згуляў несумленна”.
XS
SM
MD
LG