Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчы сэлектар. Ці дапаможа сёлетні ўраджай збожжа Лукашэнку на выбарах?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Тэма сёньняшняй "Экспэртызы" — сэлектарная нарада, якую правёў Аляксандар Лукашэнка ў праблемах збору ўраджаю. Для чаго спатрэбілася гэтая нарада кіраўніку дзяржавы? Нагадаю, такія сэлектары Лукашэнка праводзіць даволі даўно, але сёлета гэта ўжо другая нарада.

Здаецца, усім зразумела, што на такіх нарадах, калі людзі сядзяць перад тэлеэкранам, калі яны напружаныя, нэрвовыя, сур'ёзныя пытаньні не вырашаюцца. Яны вырашаюцца ў рабочым парадку ў кабінэтах чыноўнікаў, у адпаведных структурах.

Які ўплыў можа мець гэтае перадвыбарчае шоў? Як людзі ўспрымаюць такія імпрэзы? Спадар Ярашук, вы ня раз бралі ўдзел у падобных нарадах. Скажыце, як чыноўнікі, што там прысутнічаюць, ацэньваюць такія нарады. Ці яны лічаць, што там нічога ня вырашыцца, ці ўскладаюць нейкія надзеі на такія "сэлектары"? Які псыхалягічны настрой пануе падчас такіх імпрэзаў?"

(Ярашук: ) "Апошні раз я браў удзел у такой нарадзе сёлета ў красавіку, і ня раз браў удзел у такіх нарадах, калі працаваў першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму.

Што адчуваюць чыноўнікі падчас такіх нарадаў? Канечне, ніхто сур'ёзна ня лічыць, што тут вырашаюцца нейкія глябальныя пытаньні сельскагаспадарчай кампаніі. Больш за тое, думка нейкага канкрэтнага кіраўніка толькі пра адно — каб яго не зачапілі, не паднялі, каб не прыйшлося трымаць адказ і гуляць незайздросную ролю "хлопчыка для біцьця". Вось і ўсё".

(Цыганкоў: ) "Зразумела, аднак, што такія шоў найперш наладжваюцца ня столькі для чыноўнікаў, колькі для тэлегледачоў. Алег, які, на вашую думку, палітычны ўплыў маюць такія шоў?"

(Грузьдзіловіч: ) "Паводле маіх назіраньняў, Лукашэнка рабіў усё магчымае, каб пашырыць кола людзей, на якіх будзе дзейнічаць гэтая імпрэза, гэтае шоў. Таму ён некалькі разоў казаў, што трэба сялянам выплаціць грошы, каб яны маглі перад школай апрануць дзетак, што трэба наладзіць адмысловыя кірмашы, сплаціць людзям грошы за здадзенае раней малако й мяса. Такім чынам рабілася ўсё, каб зацікавіць ня толькі тых, каго непасрэдна тычыцца ўборка ўраджаю.

Перакананы, што прэзыдэнцкія PR-шчыкі заўважылі й падказалі яму, што падобныя шоў усё больш стамляюць гледачоў, эфэкт ад іх ўсё меншы і трэба шукаць нейкі новы выгляд такіх мерапрыемстваў. Вось гэта і рабіў Лукашэнка і, безумоўна, ён крыху падыме свой рэйтынг сярод людзей, якія вагаюцца. Але на тых, каму ён надакучыў, хто ня бачыць пэрспэктываў у краіне з такім стылем кіраваньня, — на іх ягоныя словы не падзейнічалі.

Таму мне здаецца, што галоўнай мэтай Лукашэнкі было не пераканаць яшчэ некалькі адсоткаў выбаршчыкаў, што ён найлепшы, а супакоіць чынавенства. Ён відавочна заігрываў з чынавенствам, падладжваўся пад начальнікаў, ад якіх будзе залежаць вынік галоўнага мерапрыемства году. Маецца на ўвазе зусім ня ўборка, а выбары".

(Ярашук: ) "Вядома, гэтая нарада насіла канкрэтны палітычны перадвыбарчы характар. Але я хачу дадаць вось што. Камандна-адміністратыўную сыстэму, у якой мы знаходзімся, можна ўявіць у выглядзе піраміды, вяршыняй якой зьяўляецца такая нарада. Чалавек, які ўвасабляе камандна-адміністратыўную сыстэму, па-іншаму сябе паводзіць ня можа. Ён вымушаны падтрымліваць ілюзіі ў людзей, што толькі ён у гэтай краіне ўсе ведае і вырашае.

На жаль, гэта вялікая драма нашага народу, які дагэтуль не ўсьведамляе, што ў канчатковым выпадку ён сам каваль свайго шчасьця — як і няшчасьця".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, у сёньняшняй эканамічнай сыстэме, як гэта ні парадаксальна, але такія сэлектары, можа, і патрэбныя. Калі Лукашэнка зьдзіўляўся падчас нарады, чаму няма ніякіх прэтэнзіяў, некаторыя абласныя кіраўнікі прызнаваліся, што праблемы былі, але яны былі вырашаныя падчас падрыхтоўкі сэлектарнай нарады. Як выказаўся кіраўнік Менскай вобласьці Дамашкевіч, гэтая нарада падштурхнула рашэньне многіх пытаньняў. То бок фактычна прызналі, што толькі пад пагрозай такіх нарадаў чыноўнікі й могуць вырашаць праблемы самастойна. А бяз гэтага, без накачкі, без публічнага прачуханца праблемы не рашаюцца.

Гэта значыць, у Беларусі дзейнічае такая сыстэма ўлады, якая па-іншаму, бяз пугі і без пагрозы адставак, не працуе. Без сэлектарных нарадаў, бяз штодзённых выездаў шматлікіх чыноўнікаў на палеткі ўраджаю, відаць, не зьбярэш. Як казаў Васіль Старавойтаў, няма ніводнага спосабу прымусіць калгасьніка працаваць лепш.

Зьвярну ўвагу на словы Лукашэнкі, які чарговы раз заявіў падчас нарады, што "мы не паддаліся на мамэнтальны націск нашых апазыцыянэраў і апанэнтаў, мы не пайшлі на разбурэнье буйных, буйнатаварных калектыўных гаспадарак, мы іх захавалі і, я ўпэўнены, яны яшчэ доўга будуць служыць нашаму народу".

(Ярашук: ) "Тут адразу трэба ўдакладніць — ніхто не разбураў буйнатаварныя гаспадаркі, напрыклад, у Расеі ці Ўкраіне, ці нават у былой ГДР. Мы, людзі, якія выступаюць за перамены ў сельскай гаспадарцы, мы ўсе настойваем на тым, каб захаваць буйную таварную вытворчасьць.

Хай нават ён называецца калгас, калі ўжо гэтае слова так многім даспадобы. Хай і будзе калгас, але хай там будзе ўласьнік. Патрэбная эканамічная матывацыя, эканамічны інтарэс. Толькі ў гэтым выпадку можна спадзявацца на тое, што сельская гаспадарка, якая сёньня стратная, і ўвогуле вёска, якая дэградуе, маюць нейкія пэрспэктывы".

(Цыганкоў: ) "Але відавочна, што захаваньне калгасаў у сёньняшняй форме, калі калгасьнікі бяспраўныя, ня маюць нічога свайго, не разьвіваецца іхная грамадзянская сьвядомасьць — менавіта захаваньне, замарожваньне такой сытуацыі і выгаднае ўладзе".

(Грузьдзіловіч: ) "Згадаю, летась на падобнай нарадзе Лукашэнка заяўляў, што больш такіх сэлектараў ён ладзіць ня будзе, маўляў, дасьць магчымасьць сялянам самім распараджацца сваёй працай. Але ўсё зноў паўтарылася, відавочна — з палітычных прычынаў. Як можна гаварыць пра нейкія эканамічныя прычыны, калі на нарадзе ні разу не прагучала слова "фэрмэр", быццам фэрмэраў ня тычыцца ўборка.

Толькі крыху закранулі тэму прыватных сядзібаў сялянаў — пра яе згадалі толькі кіраўнікі Гарадзенскай і Віцебскай абласьцей. А збольшага новыя, сучасныя формы гаспадараньня цалкам абышлі ўвагай. Было відавочна, што сытуацыя з увядзеньнем новых формаў гаспадараньня трымаецца ў замарожаным стане, а ўся сельская гаспадарка рэгрэсуе. Пра гэта сьведчаць лічбы.

Глядзіце, Лукашэнка прагаварыўся, што 1 500 камбайнаў не працуюць. Кіраўнікі абласьцей з радасьцю паведамлялі, што ўдалося прыдбаць 20-30 новых камбайнаў, і для недасьведчаных людзей гэта выглядала як нейкая перамога, але для адмыслоўцаў зразумела, што калі па краіне не працуе 1 500 камбайнаў — гэта каляпс усёй сыстэмы. У такіх умовах не імпрэзы на тэлебачаньні трэба ладзіць, а тэрмінова выпраўляць становішча. Але мы ўсе пабачылі, што ніхто гэтага рабіць не зьбіраецца".

(Цыганкоў: ) "Прывяду яшчэ некалькі меркаваньняў, чаму Лукашэнку спатрэбілася гэтая нарада. Па-першае, вядома ж, тут ён адчувае сябе як рыба ў вадзе, яму падабаецца гэтая роля гаспадара краіны, які ўсё бачыць і ведае. Па-другое, у гэтым годзе сапраўды, у адрозьненьні ад трох мінулых гадоў, у краіне будзе сабраны адносна нядрэнны ўраджай, і Лукашэнку хочацца прысабечыць гэтую перамогу.

Ну і трэцяе, перадвыбарчы аспэкт. Хлеб, ураджай — гэтыя паняцьці нясуць заўсёды нейкі станоўчы аспэкт. Лукашэнка ня толькі нікога не здымаў, ён ні на кога ня сварыўся. Хваліў і чыноўнікаў, і шараговых мэханізатараў за іхную гераічную працу, усім дзякаваў. Прапагандысцкае поле выбудоўвалася відавочна — пакуль іншыя там змагаюцца за ўладу, я займаюся справай, прыношу хлеб народу".

(Грузьдзіловіч: ) "Я дадам чацьвертую мэту, яна мне падаецца вельмі істотнай. Лукашэнка прагаварыўся, што яму патрэбны стратэгічны запас хлеба. Ён сказаў, што немагчыма больш хадзіць з працягнутай рукой, маючы на ўвазе, відаць, леташнюю сытуацыю, калі куплялі збожжа, у тым ліку і ў Чэхіі. Цяпер пастаўленая задача — гэтага пазбегнуць.

Чаго баяцца? Відаць, Лукашэнка прадбачыць міжнародную ізаляцыю, калі нават хлеба не прададуць. А гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ён пойдзе на нейкія гвалтоўныя захады дзеля захаваньня ўлады. Тады трэба будзе хаця б год пратрымацца на сваіх запасах, адсюль і гаворка пра дадатковы мільён тонаў хлеба. Відавочна, Лукашэнка ставіцца да гэтага вельмі сур'ёзна , таму й сілавікоў на гэтую сэлектарную нараду прывёў, каб яны сваім выглядам дэманстравалі, што гэта вельмі сур'ёзна, што гэта ня проста нейкае шоў".

(Ярашук:) "Толькі адна рэмарка. Справа ў тым, што сёлетні ўраджай чакаецца ня большы, чым у мінулым годзе. Зараз ураджайнасьць ніжэйшая, як летась. Тады мы сабралі 4,8 мільёна тон. Я як спэцыяліст магу адказна сказаць, што наўрад ці сёлета будзе больш — 5 мільёнаў, але ня больш.

Таму ўсе гэтыя рапарты, траскатня, што ў Менскай вобласьці 2 з паловай мільёны тон — мне сьмешна становіцца. Хаця вы ведаеце, што гэта сьмех скрозь сьлёзы.

Любая камандна-адміністратыўная сыстэма выклікае такія агідныя зьявы як паказуха, прыпіскі. У дадзеным выпадку мы маем яскравы прыклад".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG