Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганчарык і Домаш: шлях да адзінства.


Юры Дракахруст, Прага

Вызначэньне адзінага кандыдата ад дэмакратычнай кааліцыі сталася важнейшай падзеяй перадвыбарчай кампаніі. 3 жніўня Уладзімер Ганчарык і Сямён Домаш выступілі з сумеснай заяваю, у якой пацьвердзілі сваё адзінства і непарушнасьць рашэньня пра адзінага кандыдата. Аднак пэўныя супярэчнасьці паміж камандамі двух кандыдатаў тым ня менш застаюцца.

У чым палягаюць прычыны гэтых супярэчнасьцяў? У чым Уладзімер Ганчарык гатовы пайсьці насустрач пажаданьням прыхільнікаў Сямёна Домаша? Хто такі Ганчарык для выбаршчыкаў Домаша – толькі найменшае зло ў параўнаньні з Лукашэнкам ці выразьнік іх інтарэсаў?
На гэтыя пытаньні ў праграме “Беларусь выбірае” адказваюць кіраўнік тэхнічнага штабу Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова і кіраўнік перадвыбарчага штабу Сямёна Домаша Аляксандар Мелінкевіч.

(Дракахруст: ) “Вызначэньне адзінага кандыдата ад дэмакратычнай кааліцыі сталася важнейшай падзеяй перадвыбарчай кампаніі. Але падаецца, што поўнага адзінства няма. Пэўныя сумненьні і супярэчнасьці робяцца здабыткам галоснасьці. Некаторыя сябры каманды Сямёна Домаша ня толькі адмаўляюцца працаваць на карысьць Уладзімера Ганчарыка, але і заклікаюць Домаша працягваць барацьбу. Безумоўна, добраахвотнае зьняцьцё сваёй кандыдатуры нікому ня можа даставіць асалоды. Але чамусьці толькі сярод прадстаўнікоў каманды Домаша публічна выказваецца нязгода з рашэньнем пра адзінага кандыдата, у той жа час прадстаўнікі камандаў іншых сябраў “пяцёркі” такіх меркаваньняў не выказваюць.

Сп-ня Палевікова, чаму так адбываецца?

(Палевікова: ) “Можа, мой адказ будзе нечаканасьцю, але я іх вельмі разумею. Калі б здарылася наадварот і першым нумарам стаў Домаш, напэўна такое ж расчараваньне адчулі і сябры нашай ініцыятыўнай групы. Па-чалавечы гэта зразумела. Калі працуеш на чалавека, жывеш яго ідэямі, пачуцьцём каманды і ў адзін момант гэта ўсё разбураецца. Я ўдзячная і Сямёну Мікалаевічу, і ягонай камандзе, якая ў асноўным прыняла гэты сцэнар. У размовах пра супярэчнасьці больш чутак і інтрыгаў. Сямён Мікалаевіч паступіў вельмі мудра і годна. Ён ужо на другі дзень пасьля рашэньня пра адзінага кандыдата дэлегаваў вялікую прафэсійную групу для працы ў цэнтральным штабе і мы працуем разам. Мы правялі перамовы і з Аляксандрам Мелінкевічам, падчас якіх зьнялі некаторыя праблемы. Мы верым, што нашыя кандыдаты – мужная людзі і што яны дамовяцца”.

(Дракахруст: ) “Паводле Вашага меркаваньня, сп-ня Палевікова, прычына супярэчнасьцяў палягае, так бы мовіць, у чалавечым. Сп-р Мелінкевіч, ці згодны Вы з такім поглядам?”

(Мелінкевіч: ) “Сёньняшняя напружанасьць у колах беларускай дэмакратыі існуе таму, што мы разумеем, якая вялікая адказнасьць ускладзеная на нас усіх. Напружанасьць існуе яшчэ і таму, што нават маленечкая зьвестачка пра тое, што ў штабе Домаша ня ўсе пагадзіліся і ня ўсе ведаюць, як сябе паводзіць, адразу ж выклікае вялікія эмоцыі. Гэта абсалютна натуральны працэс. Я мяркую, што недахопам працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата быў недахоп празрыстасьці, адсутнасьць адказу на пытаньне, чаму перавага была аддадзена таму, а ня іншаму. Але сёньня ў нашым штабе гэтае пытаньне не падлягае дыскусіі, мы яго больш не абмяркоўваем, гэта ўжо пройдзены этап. Мы спрабуем зрабіць усё, каб Домаш з Ганчарыкам ня проста абняліся перад тэлекамэрамі і заявілі, што яны гатовыя працаваць разам. Самая вялікая праблема сёньня – каб вялікая колькасьць прыхільнікаў Домаша не фіктыўна, а актыўна працавала на кампанію, каб яны не апусьцілі рукі і верылі, што іх ідэі, іх інтарэсы будуць адстойвацца. Гэта ня простая праца, яна ня робіцца за адзін дзень, але мы рухаемся наперад і кожны дзень ёсьць пазытыўныя зрухі”.

(Дракахруст: ) “Мне здаецца, што ў сваім адказе Вы, сп-р Мелінкевіч, зрабілі намёк на тое, што праблема ня зводзіцца да чалавечых адносінаў, да чыйгосьці задавальненьні ці крыўды. Падаецца, што адна з прычынаў гэтых супярэчнасьцяў палягае ў тым, што Домаш і Ганчарык маюць розныя сацыяльныя базы, абапіраюцца на розныя сілы ў грамадзтве. І тут сапраўды мала, каб адзін чалавек проста паціснуў руку іншаму, трэба, каб прыхільнікі аднаго адчулі, што іншы кандыдат задаволіць іх патрэбы, іх патрабаваньні.

Сп-Мелінкевіч, у чым на Ваш погляд палягаюць адрозьненьні паміж прыхільнікамі Ганчарыка і Домаша, і ў чым палягаюць патрабаваньні да Ўладзімера Ганчарыка не асабіста нават Сямёна Домаша і нават не ягонай каманды, а тых людзей, якіх ён прадстаўляе?”

(Мелінкевіч: ) “Гэта сапраўды так: за абодвума кандыдатамі стаяць даволі розныя сацыяльныя групы, але гэта нават плюс, а ня мінус, бо кожны можа працаваць на сваім электаральным полі. Калі б яны йшлі паасобку і сябравалі паміж сабою, гэта таксама было б магчыма. Але ў сёньняшніх умовах, калі ёсьць дамоўленасьць, трэба, каб ішоў адзін, але вельмі важна, каб другі кандыдат, які здыме сваю кандыдатуру, быў увесь час побач з адзіным у публічных выступах. За Домашам стаяць людзі, для якіх важнымі зьяўляюцца лібэральныя і нацыянальна-дэмакратычныя каштоўнасьці, моладзь, дробны і сярэдні бізнэс. І гэтым людзям надзвычай важна ня толькі ўбачыць, што і Ўладзімер Ганчарык можа выканаць тое, што зьяўляецца іх інтарэсам, але і каб Домаш ўвесь час быў побач з Ганчарыкам у гэтай кампаніі. І пасьля таго, як мы пераможам, каб ён быў гарантам таго, што ўсё, што ім дорага, будзе выканана.

Тады людзі зразумеюць, што адзін з кандыдатаў сыходзіць дзеля добрай справы, дзеля Беларусі, бо мы не за ўладу змагаемся, а за будучыню нашых дзяцей. У Ганчарыка і Домаша ёсьць магчымасьць, працуючы кожны на сваім электаральным полі, ахапіць усіх, хто ў супраціве рэжыму”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Мелінкевіч, я папрашу Вас канкрэтызаваць Ваш адказ. Вы сказалі, што гэтыя людзі адстойваюць лібэральныя і нацыянальныя каштоўнасьці. У іх, наколькі я разумею, ёсьць пэўныя сумненьні, што іншы кандыдат выканае іх пажаданьні і патрабаваньні. А ў чым яны палягаюць?”

(Мелінкевіч: ) “Я мяркую, што калі абодва кандыдаты – і той, што застаецца, і той, што здымаецца, як мага часьцей будуць разам, ім важна казаць, што яны прадстаўляюць агульнадэмакратычны рух, і хаця абапіраюцца на крыху розныя сілы, выканаюць пажаданьні і тых, і іншых. Калі Домаш здымаецца і стаіць побач з Ганчарыкам, ён мусіць увесь час казаць: “Я застаюся, каб выканаць тое, што для вас дарагое”. Ганчарык будзе казаць тое ж самае свайму электарату”.

(Дракахруст: ) “Сп-ня Палевікова, Аляксандар адказаў вельмі дыпляматычна, можа, Вы адкажыце больш шчыра. На якія саступкі электарату Домаша гатовая каманда Ганчарыка, гатовы сам Уладзімер Ганчарык?”

(Палевікова: ) “Я яшчэ раз падкрэсьліваю – яны разумныя людзі, яны самі дамовяцца і растлумачаць гэта сваім камандам і свайму электарату. Ведаеце, у нас вельмі мала часу. Уладзімер Іванавіч выдатна разумее, што больш за ўсіх у “пяцёрцы” ахвяраваў менавіта Сямён Мікалавевіч. За ім стаіць каманда, якая рыхтавалася ня месяц і не поўгады. Накірунак працы ў каманды Домаша – гэта ў першую чаргу Гарадзеншчына, дзе ён працаваў і мае велізарную падтрымку”.

(Дракахруст: ) “Сп-ня Палевікова, Вы не адказваеце на пытаньне. Ёсьць людзі, якія падтрымліваюць Домаша, таму што яго меркаваньні адпавядаюць іх меркаваньням. І зараз шмат хто зь іх задае пытаньне: “Дзе гарантыі, што Уладзімер Ганчарык будзе выконваць гэтыя нашыя патрабаваньні, задаволіць нашыя інтарэсы?”

(Палевікова: ) “У любым дэмакратычным грамадзтве ёсьць людзі з рознымі меркаваньнямі, нельга ўсіх пастроіць і сказаць: “Ідзеце туды”. Але есьць мы – палітычныя партыі, грамадзкія рухі, прэтэндэнты. Пры штабе працуе Палітычная Рада, якая распрацоўвае праект пагадненьня паміж у першую чаргу “пяцёркаю”, якое падпіша адзіны кандыдат. Гэта будуць гарантыі ня толькі з боку адзінага кандыдата, але і з боку палітычных партыяў і рухаў. Мы мяркуем вынесьці яго на разгляд шырокага народнага форуму. Пакуль размова ідзе пра Кангрэс дэмакратычных сілаў, але магчыма форма зьменіцца, і гэты форум будзе аб’ядноўваць больш шырокае кола палітычных сілаў”.

(Дракахруст: ) “Зараз у Беларусі вельмі папулярныя параўнаньні з Югаславіяй. Летам мінулага году югаслаўскія дэмакраты пагадзіліся, што адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў стане Ваіслаў Каштуніца. На гэтае месца прэтэндавалі й іншыя надзвычай амбітныя палітыкі, і ў першую чаргу – лідэр Дэмакратычнай партыі Сэрбіі Зоран Джынджыч. Але ён саступіў Каштуніцу. Аднак калі Каштуніца быў прызнаны адзіным дэмакратычным кандыдатам, кіраўніком ягонага перадвыбарчага штабу стаў ягоны канкурэнт Зоран Джынджыч. У Беларусі адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў стаў Уладзімер Ганчарык. А кіраўніком ягонага штабу стаў ягоны прыхільнік Васіль Лявонаў, а не Сямён Домаш. Чаму?”

(Палевікова: ) “Гэта пытаньне да “пяцёркі”, якая прымала гэтае рашэньне. Нагадаю, што там прысутнічаў і Домаш. Нарэшце, у Югаславіі свой сцэнар, у нас – свой сцэнар”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Мелінкевіч, калі будзе рэалізаваны той сцэнар, які быў вызначаны 21 ліпеня, – рэгіструюць абодвух, Сямён Домаш здымае сваю кандыдатуру, адзіны кандыдат ад дэмакратычнай кааліцыі – Уладзімер Ганчарык, на Ваш погляд, што мусіць атрымаць за гэта Сямён Домаш ужо падчас перадвыбарчай кампаніі?”

(Мелінкевіч: ) “Гарантам добрай, сумленнай і супольнай працы можа быць дадатковае публічнае пагадненьне паміж Ганчарыкам і Домашам. Гэта нармальнае пагадненьне пра ўмовы, на якіх Домаш здымае сваю кандыдатуру. Паводле гэтага дакумэнту Домашу можа быць прапанаваная пасада прэм’ер-міністра з пашыранымі паўнамоцтвамі. І такая сытуацыя, калі адзіны кандыдат Уладзімер Ганчарык ідзе на выбары, маючы побач будучага прэм’ер-міністра, для прыхільнікаў Домаша гэта будзе знакам, што яны будуць мець уплыў на будучую палітыку”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Мелінкевіч, як Вы можаце растлумачыць выбаршчыку Сямёна Домаша, чаму ён мусіць галасаваць за Ганчарыка ня як за найменшае зло, а як за таго, хто будзе праводзіць лінію Домаша?”

(Мелінкевіч: ) “Можна ўмоўна назваць Ганчарыка левацэнтрысцкім кандыдатам, а Домаша – правацэнтрысцкім, але яны абодва дэмакратычныя кандыдаты. Агітаваць прыхільнікаў Домашга за Ганчарыка ня цяжка. Але для іх вельмі важна, каб у тых праграмах, што будуць рэалізоўвацца пасьля абраньня новага прэзыдэнта, іх інтарэсы былі ўлічаныя”.
XS
SM
MD
LG