Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі эфэктыўна скарыстаць дзяржаўную і незалежную прэсу падчас выбарчай кампаніі?


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Выбары – гэта ня толькі ўласна галасаваньне, але і працэс, даволі доўгі працэс. Грамадзтва павінна мець магчымасьць азнаёміцца і з асобамі кандыдатаў, і зь іх праграмамі. Як бы вы ацанілі пазыцыі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі на цяперашні час?”

(Карбалевіч: ) “Тыя ўмовы, якія прапанавала Цэнтральная выбарчая камісія, яны ня вельмі спрыяльныя для апазыцыйных кандыдатаў. Што датычна дзяржаўных СМІ, дык тыя дакумэнты, якія будуць надрукаваныя ў дзяржаўных выданьнях, яны ня надта вялікае значэньне будуць мець. Вопыт выбараў 1994 году паказаў, што праграмы кандыдатаў, надрукаваныя ў дзяржаўных газэтах, мелі, ну магчыма, адзін адсотак уплыву на рашэньне выбаршчыкаў ў дзень галасаваньня. Што датычна дзяржаўных тэлебачаньня і радыё, дык два разы па трыццаць хвілінаў – гэта вельмі мала для апазыцыйнага кандыдата, гэта сапраўды зусім няшмат. Прычым, гэта ж будзе рабіцца ў запісе, і тут могуць узьнікнуць вялікія праблемы. Нагадаю, што ў 1994 годзе было чатыры выступы для кожнага кандыдата. Як гэта можна выкарыстаць? Гэта ўжо праблема тэхналёгіі, задача PR-групаў – падтрыхтаваць належную форму выступаў. І тут шмат што залежыць ад вобразу, які імкнецца зрабіць каманда, ад стратэгіі. Калі, напрыклад, тэхнолягі лічаць, што ў адзінага кандыдата вельмі прывабная зьнешнасьць, дык тады ён павінен быць на экране як мага больш. Але калі тэхнолягі прыйдуць да высновы, што моц кандыдата вызначаецца камандай – тады можа прадставіць шмат “знакавых” асобаў. Магчымы і іншыя варыянты, кшталту відэаролікаў, набору кліпаў і гэтак далей. Усё залежыць ад прафэсіяналізму тэхнолягаў, ад рэсурсаў кеандыдатаў”.

(Старыкевіч: ) “Зразумела, што ўмовы, прапанаваныя апазыцыйным кандыдатам – гэта зьдзек. Бо сапраўды, з улікам таго, што ўжо фактычна сем гадоў ідзе ў дзяржаўных СМІ блякада ўсіх тых, хто мае іншы пункт гледжаньня, адрозны ад Лукашэнкі, і прапанаваць гадзіну эфіру, каб давесьці свае погляды – гэта вельмі мала. Ну але прыдзецца карыстацца гэтым, бо іншых варыянтаў пакуль не праглядаецца”.

(Навумчык: ) “Як у ідэале павінен быў бы скарыстаць адзіны кандадат гэтую гадзіну? Спадар Валер, Вы прыгадвалі відэаролікі?”

(Карбалевіч: ) “Прафэсійныя рэжысэры могуць стварыць вельмі прывабны вобраз кандыдата з дапамогай відэатэхнікі, відэаролікаў, набору кліпаў…Паказваць нейкія слоганы, нейкія кадры, якія б прывабна прадстаўлялі і самога кандыдата, і ягоную праграму, і тыя палітычныя сілы, якія за ім стаяць. Тут магчыма шмат варыянтаў. І паводле майго ўяўленьня, акцэнт варта рабіць на палітычнае апазыцыяваньне адзінага кандыдата, а не на асабістае. Па-другое, акцэнт трэба рабіць на нэгатыўную кампанію, на дыскрэдытацыю Лукашэнкі, у першую чаргу ягонай вінаватасьці ў зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў. Таму што значная частка электарату, асабліва ў правінцыі, проста ня мае інфармацыі пра тое, што робіцца ў краіне, што рабілася ў краіне апошнія гады”.

(Навумчык: ) “Валер Карбалевіч сказаў пра нэгатыўны акцэнт. Пытаньне да Аляксандра Старыкевіча: у якой ступені, Вам падаецца, вось гэты нэгатыўны акцэнт на асобе Лукашэнкі магчыма рабіць, калі мы кажам пра дзяржаўную прэсу. Мне здаецца, гэта, мякка кажучы, нерэальна”.

(Старыкевіч: ) “Я згодны з Валер’м, што мусім рабіць нэгатыўны акцэнт, бо ня выключана, што гэта будзе адзін з галоўных вынікаў выбарчай кампаніі, – тое, што ўдасца ў шэрагу людзей, якія не знаёмыя з незалежнай прэсай, пасеяць пэўныя сумненьні. Дзеля гэтага трэба давесьці да іх адпаведную інфармацыю і пра зьнікненьні вядомых палітыкаў, і пра сапраўдны стан эканомікі, і пра шмат што іншае. Але ўсё ж павінен існаваць балянс. Акрамя нэгатыву, павінныя прапаноўвацца нейкія станоўчыя палажэньні, каб не выклікаць зусім ня тую рэакцыю, на якую разьлічваем. Бо на адным нэгатыве таксама ня выедзем. Што ж тычыцца таго, як гэта рабіць празь дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, дык пазыцыя павінна быць вельмі жорсткая: “Вы нам далі толькі гадзіну, але гэтую гадзіну мы скарыстоўваем так, як лічым патрэбным”. Тое ж тычыцца і газэтнай плошчы. І таму варта, магчыма, частку той жа плошчы ў дзяржаўных газэтах аддаць не пад праграмы кандыдата, а пад належным чынам пададзеныя зьвесткі пра тыя ж “эскадроны сьмерці” ды некаторае іншае. Калі будуць адмаўляцца друкаваць ды трансьляваць – дык гэта, усё ж, скандал, досыць вялікі скандал, і я мяркую, што ён можа мець уплыў найперш унутры краіны (зразумела, што і міжнародны таксама). Будзе відавочна, што ўлада баіцца, і гэта будзе таксама вынік”.

(Навумчык: ) “Нагадаю, што маніторынг сродкаў масавай інфармацыі, якія будуць весьці назіральнікі ОБСЕ, ёсьць часткаю агульнага маніторынгу выбараў. І калі зафіксуюць няроўныя ўмовы ў СМІ – гэта адаб’ецца і на прызнаньні ці непрызнаньні саміх выбараў. Спадар Валер, Вы жадаеце нешта дадаць?”

(Карбалевіч: ) “Нэгатыўная кампанія – гэта на прафэсійным слэнгу адмыслоўцаў у выбарчай кампаніі азначае, што кампанія павінна весьціся як антытэза, як стварэньне вобразу “анты-Лукашэнкі”. Гэта не азначае, што толькі крытыкаваць Лукашэнку, але і менавіта ўвесь час параўноўваць нашага кандыдата з тым кандыдатам, які зьяўляецца галоўным праціўнікам. Вось у гэтым сэнс паняцьця “нэгатыўная кампанія”.

(Навумчык: ) “Нават ня будзем гэта называць “нэгатыўнай кампаніяй” у дачыненьні да Лукашэнкі, назавем гэта проста падачай аб’ектыўнай інфармацыяй пра тое, хто ёсьць Лукашэнка. Відавочна, што значна большыя магчымасьці ў “адзінага кандыдата” будуць не на дзяржаўных тэлебачаньні і радыё ці ва ўрадавых газэтах, а ў незалежнай прэсе. Ці не пераменшаная часам роля незалежнай прэсы з прычыны малых накладаў (а наклады сапраўды невялікія), але можа, тут маюць уплыў нейкія іншыя фактары?”

(Старыкевіч: ) “Думаю, роля вельмі абмежаваная, хаця б таму, што шмат людзей ніколі незалежную газэту яшчэ не трымалі ў руках. І калі атрымаецца зрабіць нешта кшталту “Общей газеты”, якая выходзіла ў Маскве ў жніўні 1991 году, і зрабіць масавым накладам, каб яна сапраўды апынулася ў кожнай паштовай скрыні, у кожнага выбаршчыка, дык эфэкт можа быць дастаткова істотны. Ну але я б тут адзначыў яшчэ адну рэч – адначасна дзіўную і звычайную, на жаль, звычайную для нас. Не заўсёды нават тыя магчымасьці, якія ёсьць, скарыстоўваюцца належным чынам. Так, некаторыя прыхільнікі Домаша не жадаюць распаўсюджваць газэты з матэрыяламі пра “эскадрон сьмерці” з тае прычыны, што агучыў іх Уладзімер Ганчарык”.

(Карбалевіч: ) “Мяркую, што незалежную прэсу эфэктыўна можна выкарыстоўваць з дапамогай рэзкага павелічэньня накладу. Існуе вельмі цікавая асаблівасьць масвай сьвядомасьці: газэтам давяраюць больш, чым улёткам. Таму лепш скарыстаць рэсурсы для стварэньня адмысловых выпускаў газэтаў, чым выпуску ўлётак. І асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць на рэгіянальную незалежную прэсу. Рэгіянальныя незалежныя газэты часам карыстаюцца ў правінцыі большай папулярнасьцю і вядомасьцю, чым цэнтральныя незалежныя выданьні”.

(Навумчык: ) “Колькі словаў пра тое, ці можна разьлічваць у гэтай выбарчай кампаніі на нейкую дапамогу з боку расейскіх тэлевізійных каналаў, якія, бясспрэчна, у Беларусі маюць вялікі уплыў?”

(Старыкевіч: ) “На расейскіх тэлеканалах можна тое-сёе зрабіць, але я б пакуль што не абмяркоўваў, як гэта будзе выглядаць тэхналягічна. Таму абмяжуюся тым, што скажу: шанцы ёсьць, а як яны будуць скарыстаныя – пабачым”.

(Карбалевіч: ) “Натуральна, што расейскія каналы трэба выкарыстоўваць і можна выкарыстоўваць. Але перадусім трэба адзначыць, што расейскія тэлеканалы ў любым выпадку. Нават пры любых палітычных устаноўках, ня будуць весьці поўнамаштабную беларускую выбарчую кампанію. Там ужо ўсе каналы – камэрцыйныя. Яны арыентаваныя на гледача, на яго сымпатыі. А расейскія гледачы наўрад ці зацікаўленыя ў тым, каб кожны дзень назіраць за тым, як ідзе перадбвыбарчая кампанія ў Беларусі. Апазыцыйныя кандыдаты ў любым выпадку могуць зьявіцца там толькі эпізадычна, у праграмах навінаў. Ды й тое ў тым выпадку, калі яны створаць нейкую інфармацыйную нагоду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG