Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі збору подпісаў: чаму засталіся толькі чацьвера?


Вядзе гутарку Юры Дракахруст


(Дракахруст: ) “Сёньня Цэнтарвыбаркам (ЦВК) падвеў вынікі збору подпісаў. Яны не адрозьніваюцца ад тых дадзеных, якія былі абвешчаныя адразу ж пасьля завяршэньня перадвыбарчай кампаніі: больш за 100 тысячаў падпісаў сабралі толькі Сяргей Гайдукевіч, Уладзімер Ганчарык, Сямён Домаш і Аляксандар Лукашэнка. Астатнія прэтэндэнты выбываюць з далейшай барацьбы. Пакуль яны працягваюць аспрэчваць высновы ЦВК, але безвынікова. Магчыма, рашэньне ЦВК не канчатковае, бо фармальна рэгістрацыі наагул можа працягвацца да 14 жніўня. Але падставы для пэўных высноваў ёсьць ужо зараз.

Чаму так адбылося, чаму з больш чым 20 прэтэндэнтаў да гэтага прамежкавага фінішу здолелі прыйсьці толькі чацьвёра? На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах пасьля збору подпісаў засталося ўсё ж 6 кандыдатаў, прычым двое зь іх - Дубко і Лукашэнка – ня мелі, як тады здавалася, такіх ужо моцных структураў, якія маглі б забясьпечыць збор подпісаў. Віталь, чаму зараз так атрымалася?”

(Цыганкоў: ) “Адказ здаецца відавочны: таму што тыя кандыдаты, якія не прайшлі, не сабралі неабходнай колькасьці подпісаў. Калі ўлічыць тых кандыдатаў, якія зараз сабралі па 80-90 тысячаў подпісаў, то агульная, сумарная колькасьць подпісаў будзе ня менш, а больш, чым у 1994 годзе. Зараз нашмат больш кандыдатаў падышлі да статысячнай мяжы. Але адбылося расьцягваньне, расьцярушваньне галасоў палітычна актыўных людзей на значна большую колькасьць камандаў
Я нагадаю, што ў 1994 годзе нават такі вядомы палітык, як Генадзь Карпенка, не сабраў неабходных 100 тысячаў подпісаў, яму не хапіла некалькі тысячаў. А з астатніх, акрамя сямёх, ніхто тады і блізка не падышоў да мяжы, неабходнай для рэгістрацыі. А зараз такіх “памежнікаў” было нашмат больш. Гэта значыць, што яны крыху пераацанілі свае сілы, пераацанілі сілы сваіх камандаў.

Я ня бачу тут ніякай змовы Цэнтарвыбаркаму. На мой погляд, наадварот – уладзе было б выгадна рэгістраваць як мага больш кандыдатаў.

Магчыма, кандыдаты пераацанілі актыўнасьць людзей, магчыма, недаацанілі фактар страху, які, што ні кажы, прысутнічае. Да таго ж колькасьць сябраў партыяў, якія складаюць палітычна актыўную частку грамадзтва, асабліва не павялічылася за гэтыя гады, і яны зараз таксама расьцярушыліся паміж камандамі розных кандыдатаў. І таму прэтэндэнты былі вымушаныя прыцягваць “навічкоў” у палітыцы. І як гавораць самі прадстаўнікі кандыдацкіх камандаў, гэтыя новыя людзі – студэнты ды іншыя – не апраўдалі тых надзеяў, якія на іх ускладаліся, яны ня здолелі працаваць так, як працуюць вопытныя палітычныя актывісты.

(Дракахруст: ) “Уладзімер, Віталь ўжо закрануў тэму змовы. А на Ваш погляд тое, што атрымалася , гэта вынік адбору кандыдатаў з боку ЦВК ці сапраўды вынік слабасьці большасьці кандыдацкіх камандаў?”

(Дорахаў: ) “Я, хутчэй, згодны зь меркаваньнем Віталя. У нас няма грунтоўных падставаў, каб казаць пра нейкую сэлекцыю. Да таго ж тое, што атрымалася, не зусім адпавядае вэрсіі пра штучны адбор, пра тое, што пытаньне падліку подпісаў кантралявалася. Справа ў тым, што вынік наўрад ці адпавядае мэтам улады. Улада магла быць зацікаўленая ў тым, каб “расчысьціць інфармацыйнае поле”, гэта значыць, убраць любыя альтэрнатывы Лукашэнку, акрамя адной, якую можна прадставіць як радыкала, прадстаўніка крайніх поглядаў. Каб выбар быў максымальна палярным – ёсьць Лукашэнка і ёсьць радыкальны дэмакрат. У гэтым сэнсе ідэальным варыянтам для ўлады была пара Лукашэнка - Пазьняк. Але гэтага не адбылося. Акрамя таго, у сьпіс тых, хто, паводле дадзеных цэнтарвыбаркаму, сабраў 100 тысячаў подпісаў, не патрапілі і прадстаўнікі так званай “трэцяй сілы” – я маю на ўвазе Міхаіла Марыніча і Леаніда Сініцына.

(Цыганкоў: ) “Я магу дадаць, што кандыдаты-няўдачнікі маглі самі не даваць падставаў для свайго “адсеву”. Калі б яны сабралі, прыкладам, па 150 тысячаў подпісаў, то наўрад ці ўлада пайшла б на тое, каб іх не рэгістраваць”.

(Дорахаў: ) “Калі сэлекцыя і ажыцьцяўлялася, то гэта было зроблена дастаткова далікатна, каб ня выклікаць гучных пратэстаў Захаду. Дэмакраты больш за ўсё бояліся, што ня будзе зарэгістраваны адзіны кандыдат. Тады ня выключаўся нават варыянт байкоту прэзыдэнцкіх выбараў. Але, як мы бачым, хутчэй за ўсё будзе зарэгістраваны і адзіны кандыдат, і яго асноўны дублер. І Захад ня будзе мець па меншай меры палітычных падставаў пратэставаць супраць такіх вынікаў рэгістрацыі».

(Дракахруст: ) “Нагадаю, што у мінулую суботу пяцёрка дэмакратычных кандыдатаў прыняла рашэньне, што адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў стане Ўладзімер Ганчарык. З гэтым пагадзіліся ўсе пяцёра, у тым ліку і Сямён Домаш. Так што цалкам верагодна, што непасрэдна ў перадвыбарчай кампаніі будуць удзельнічаць толькі трое: Гайдукевіч, Ганчарык і Лукашэнка. На Ваш погляд, як будзе разварочвацца перадвыбарчая барацьба ва ўмовах такой невялікай колькасьці кандыдатаў?”

(Дорахаў: ) “Наяўнасьць невялікай колькасьці кандыдатаў будзе спрыяць вырашэньню важнай задачы, якая стаіць перад дэмакратычным кандыдатам. Я маю на ўвазе інфармацыйны прарыў. Не сакрэт, што выбаршчыкі апроч ўсяго проста мала ведаюць пра дэмакратычнага кандыдата. Малая колькасьць кандыдатаў дае больш шанцаў дэмакратычнаму кандыдату прарвацца да выбаршчыка”.

(Дракахруст: ) “Віталь, а якое Вашае меркаваньне?”

(Цыганкоў: ) “На сакрамэнтальнае беларускае пытаньне “Хто, калі не Лукашэнка?” зараз зьявіўся адказ. Але я хачу выказаць перасьцярогу наконт таго, што шмат выбаршчыкаў у Беларусі яшчэ не гатовыя да такога жорсткага выбару “альбо-альбо”. Пастаўленыя перад такой альтэрнатываю – альбо адзіны дэмакратычны кандыдат альбо Лукашэнка, тыя, хто яшчэ ня вызначыў сваю пазыцыю, могуць ці выкрэсьліць абодва прозьвішчы ці ўвогуле не пайсьці на выбары. У нас людзі дагэтуль галасуюць не паводле халоднага разьліку, не прагматычна, а паводле прынцыпу “падабаецца - не падабаецца”.
І калі “балоту”, якое супраць Лукашэнкі, але ня ведае, за каго яно, не спадабаецца Ганчарык, то я баюся , што яно і ня будзе за яго галасаваць. Раней мне здавалася, што лепш было б, каб у першым туры было некалькі левых кандыдатаў, якія б расьцягнулі галасы гэтага “балота” і не далі б Лукашэнку выйграць у першым туры. Зараз сытуацыя мяняецца . Я ня ведаю, колькі зможа адцягнуць ад “балота” і ад Лукашэнкі Гайдукевіч. Але ў любым выпадку цяперашні расклад ускладае большую адказнасьць на Ганчарыка і на яго каманду: зараз трэба працаваць хутчэй, каб ён набіраў вядомасьць і здолеў забраць ня толькі пратэставы, дэмакратычны электарат, але і “балота”. Бо зараз за яго гэта ня зробіць ніякі іншы кандыдат”.

(Дорахаў: ) “Мне здаецца, што невялікая колькасьць кандыдатаў у пэўным сэнсе мадэлюе сытуацыю другога туру і гэта не на карысьць Ганчарыка як адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. І вось чаму. Калі б у першым туры былі кандыдаты “трэцяй сілы” – Марыніч, Сініцын, яны б набралі пэўную колькасьць галасоў і маглі б у другім туры пайсьці на нейкае пагадненьне з дэмакратычным кандыдатам, “перадаць” яму свае галасы. І гэта магло б паказаць грамадзтву, што супраць Лукашэнкі ня толькі шырокая дэмакратычная кааліцыя, якую афіцыйная прапаганда будзе прадстаўляць радыкаламі і нацыяналістамі, але і больш памяркоўная частка грамадзтва. Я хачу нагадаць, што дагэтуль прыкладна кожны пяты выбаршчык яшчэ ня вызначыўся, за каго ён будзе галасаваць, а кожны дзесяты гаворыць, што будзе выкрэсьліваць усіх. Мне падаецца, што хуткая палярызацыя перадвыбарчага поля, тое, што першы тур выбараў будзе фактычна мадэляваць другі, гэта не на карысьць дэмакратычнага кандыдата”.

(Дракахруст: ) “Віталь ужо закрануў праблему Сяргея Гайдукевіча. У свой час і ягоныя заявы, і ягоныя паводзіны ўспрымаліся гіранічна. Але што ёсьць, тое ёсьць: ён – адзін з чатырох кандыдатаў. І магчыма ад яго паводзінаў у пэўнай ступені будзе залежыць вынік выбараў. На Ваш погляд, якую ролю ён адыграе ў перадвыбарчай кампаніі?”

(Дорахаў: ) “Дадзеныя сацыялягічных апытаньняў паказваюць, што, па-першае, сп-р Гайдукевіч ні ў якой ступені не зьяўляецца фаварытам гэтай кампаніі, а па-другое, што ён не зьяўляецца супернікам дэмакратычнаму кандыдату, бо яго электарат – гэта не электарат дэмакратаў. Атрымліваецца так, што Гайдукевіч у гэтай кампаніі дзейнічае паводле алімпійскага прынцыпу: для яго галоўнае ня вынік, а удзел. Для яго найлепшы вынік – гэта максымальна выгадна “прадаць” магчымасьць удзелу у гэтай кампаніі, “прадаць” сабраныя ім подпісы. Ён шмат разоў абяцаў, што яго партыя пераможа і на мясцовых, і на парлямэнцкіх выбарах, але вынікі і ЛДПБ, і самога Гайдукевіча былі, мякка кажучы, сьціплымі. І яшчэ адзін правал, ужо на прэзыдэнцкіх выбарах, наўрад ці яго задаволіць. І падаецца, што найбольш выгадна для яго будзе зьняць сваю кандыдатуру да таго, як ён з трэскам праіграе”.

(Цыганкоў: ) “Уладзімер ужыў паліталягічны, фігуральны выраз “прадаць свае галасы”. У выпадку з Гайдукевічам, я лічу, гэты выраз можа атрымаць і літаральнае значэньне. І хутчэй за ўсё ён можа прадаць свае галасы Лукашэнку, а не дэмакратычнаму кандыдату. Сапраўды, убачыўшы, што атрымае ён няшмат, то, каб не прайграць ганебна, ён можа заклікаць сваіх выбаршчыкаў падтрымаць Лукашэнку. Я гэтага не выключаю”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG