Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць каго накіраваны дэкрэт Лукашэнкі аб дэклярацыі даходаў патэнцыйных кандыдатаў?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Апошнія дні ў выбарчай кампаніі адбылося некалькі значных падзеяў, якія даюць нам падставы паразважаць пра ўмовы правядзеньня прэзыдэнцкай кампаніі. У аўторак увечары Міжпартыйны цэнтар прыняў мэмарандум, у якім заклікаў распусьціць выбарчыя камісіі, створаныя вэртыкальлю.

Далей — падчас збору подпісаў у некаторых кандыдатаў пяцёркі й Зянона Пазьняка паўставалі даволі сур'ёзныя праблемы. Часам не пускалі зьбіральнікаў некуды; часам, як у выпадку зь Сямёнам Домашам, нейкія невядомыя раскідалі ўлёткі з заклікам галасаваць за Домаша — Домаш у адмысловай заяве ў Цэнтарвыбаркам заявіў, што прадстаўнікі ягонай ініцыятыўнай групы ня маюць дачыненьня да гэтых улётак. Пра падобныя правакацыі заяўляюць і сябры ініцыятыўных групаў Уладзімера Ганчарыка і Міхаіла Чыгіра.

Ну і нарэшце — сёньняшні дэкрэт Лукашэнкі "Аб абавязковым дэкляраваньні даходаў і маёмасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, яго блізкіх сваякоў, жонкі (мужа) і яе (яго) бацькоў і аб некаторых іншых мерах, накіраваных на правядзеньне адкрытых, свабодных і сумленных выбараў". Акрамя таго, што дэклярацыі павінны прадастаўляць жонка і дзеці, у гэтым дэкрэце сказана, што гэта павінны зрабіць родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі. Словам, калі бабуля нейкага прэтэндэнта няправільна запоўніць дэклярацыю, ейнага ўнука могуць зьняць з прэзыдэнцкай гонкі".

(Глод: ) "Для мяне зразумела, што дэкрэт носіць не юрыдычны, а палітычны характар. Калі б гэты дакумэнт рыхтаваўся як юрыдычны, ён ня меў бы столькі хібаў і недарэчнасьцяў. Раніцай я размаўляў зь некалькімі адмыслоўцамі ў галіне права, і яны зьвярнулі маю ўвагу на некалькі бязглуздых момантаў.

Вось толькі адзін. У дэкрэце гаворыцца, што дэкляраваць даходы павінны кандыдаты ў прэзыдэнты РБ. Але сёньня тыя 22 асобы, за якіх зьбіраюць подпісы іхныя ініцыятыўныя групы, — гэта пакуль толькі прэтэндэнты ў кандыдаты. Афіцыйна і юрыдычна яны стануць кандыдатамі толькі пасьля працэдуры іхнай рэгістрацыі. Але зь іншага боку, іх не зарэгіструюць, нават ня будуць разглядаць іхнай заяўкі, калі яны не прынясуць у ЦВК даведкі аб даходах. Але ж гэта нонсэнс.

Зразумела, дэкрэт — палітычны дакумэнт, падпісаны дзеля таго, каб стварыць перашкоды патэнцыйным прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы".

(Цыганкоў: ) "Аднак ён ня толькі палітычны, але яшчэ й ідэалягічны, безумоўна. Лукашэнка тут імкнецца выбудаваць тую ж самую схему, паводле якой ён перамог у 1994-м. Нібыта ён разам з народам, ён голы, у яго парваны пінжак (праўда, цяпер пінжакі ўжо нармальна пашытыя) — а ўсе астатнія маюць грошы, маёмасьць, яны банкіры, у іх дамы, якія аспрэчваюцца праз суд.

Гэтым дэкрэтам Лукашэнка ня толькі імкнецца прымусіць альтэрнатыўных канкурэнтаў нэрвавацца, але й стварае такое ідэалягічнае поле — я, маўляў, з народам, а іншыя кадыдаты, яны з багатых, яны намэнклятуршчыкі, яны зь іншых слаёў".

(Карбалевіч: ) "Сапраўды, тут ня толькі ідэалягічнае поле для барацьбы са сваімі канкурэнтамі, але й поле юрыдычнае. Гэткае шырокае поле для нерэгістрацыі непажаданых кандыдатаў, што проста жах.

Зразумела, калі кандыдат дэкляруе маёмасьць сваю і сваёй жонкі, зь якой ён вядзе агульную гаспадарку. Але як ён можа прымусіць дэкляраваць свае даходы і маёмасьць бацькоў, дзяцей, братоў і сясьцёр, і нават унукаў? У іх свае даходы, гаспадарка.

Добра яшчэ, калі ў яго нармальныя дачыненьні з усімі сваякамі. А калі яны дрэнныя? І як ён можа пракантраляваць правільнасьць гэтых дэклярацыяў? Тут ствараюцца такія магчымасьці для нерэгістрацыі непажаданага кандыдата, што проста можна разьвесьці рукамі.

Калі ж казаць увогуле пра тую сыстэму, тыя мэханізмы кантролю за выбарчай сытуацыяй з боку ўлады, то варта адзначыць наступнае. Перш за ўсё, мэханізм рэгістрацыі й перарэгістрацыі знаходзіцца цалкам у рукох рэжыму. Гэта выяўляецца і ў тым, што зарэгістравалі групы зь вельмі сумніўнымі з пункту гледжаньня закона падставамі.

Яшчэ адзін інструмэнт — гэта апрабаваныя падчас леташніх выбраў у "палату" абмежаваньні магчымасьцяў кандыдата займацца агітацыяй. Гэта забарона выкарыстоўваць уласныя матэрыяльныя сродкі, агітацыйныя матэрыялы падчас збору подпісаў. Гэта абмяжоўвае магчымасьці кандыдатаў і штурхае іх да парушэньняў, якія ўлада вельмі эфэктыўна выкарыстае".

(Цыганкоў: ) "Пры ўсіх недарэчнасьцях гэтага дэкрэту ягонае невыкананьне можа паслужыць падставай для нерэгістрацыі патэнцыйнага прэтэндэнта кандыдатам у прэзыдэнты. І фактычна дэкрэт накіраваны на тое, каб даць яшчэ больш юрыдычных падставаў ЦВК не рэгістраваць непажаданых кандыдатаў".

(Глод: ) "Варта ўзгадаць і чыньнік часу. Здаецца, часу быццам шмат, але ўявім, што ў кагосьці з кандыдатаў ёсьць сваякі на Камчатцы альбо ў Таджыкістане. Паспрабуй за гэты час прывезьці адтуль неабходныя паперы! Да таго ж у іншых дзяржавах іншыя формы запаўненьня неабходнай дакумэнтацыі. Дзе гарантыя, што, напрыклад, папера з Украіны будзе прынятая так, як патрэбна. І дзе гарантыя, што ўкраінцы пагадзяцца падпісаць дакумэнты па беларускай форме.

Тут шмат такіх недарэчнасьцяў, але менавіта на гэта і робіцца разьлік".

(Цыганкоў: ) "Мы паказалі, як улада праводзіць прэзыдэнцкую кампанію — зрэшты, тут няма ніякага сюрпрызу. Варта цяпер паразважаць, што могуць альтэрнатыўныя кандыдаты зрабіць, каб пераламіць сёньняшнія тэндэнцыі, каб падлік галасоў быў больш-менш справядлівым.

Мне здаецца, Міжпартыйны цэнтар робіць усё магчымае, каб вылучыць сваіх людзей у выбарчыя камісіі. Але гэта ня вельмі ўдаецца — улады трымаюць "кругавую абарону".

Тут трэба паразважаць, як павядзе сабе тая намэнклятура, што ўвайшла ў выбарчыя камісіі, у дзень "ікс", у дзень галасаваньня і падліку галасоў. Ці варта так адназначна сьцьвярджаць, што гэтыя людзі гатовыя будуць пайсьці на любыя фальсыфікацыі, якія загадае ўлада?"

(Карбалевіч: ) "Гэта будзе залежаць ад вельмі многіх чыньнікаў. У першую чаргу ад сытуацыі, якая будзе падчас галасаваньня. Ці змогуць альтэрнатыўныя кандыдаты дасягнуць такога рэйтынгу, які пераканае і насельніцтва, і намэнклятуру, і сяброў выбарчых камісіяў у тым, што перамога Лукашэнкі не гарантаваная? Ці змогуць альтэрнатыўныя кандыдаты дабіцца нейкага псыхалягічнага пералому ў грамадзтве?

Гэтыя чыньнікі сёньня пакуль што не вядомыя, як і чыньнік Масквы, дарэчы. Я думаю, што апазыцыйным кандыдатам і партыям трэба проста працаваць з тымі людзьмі, якія апынуліся ў выбарчых камісіях. Бо абсалютная іхная большасьць калі й будзе фальсыфікаваць вынікі выбараў, то толькі пад прымусам. Таму як нэўтралізаваць гэты прымус, гэта якраз і задача ўсіх суб’ектаў кампаніі.

Я хачу зазначыць, што любыя выбары — гэта вельмі небясьпечны пэрыяд для аўтарытарнай улады. Бо адбываецца масавая камунікацыя палітычнай часткі грамадзтва з усім астатнім насельніцтвам. 30 тысяч сяброў ініцыятыўных групаў пайшлі ў народ. Кантраляваць гэты працэс вельмі цяжка. Апазыцыйным сілам Беларусі выкарыстаць гэтую сытуацыю — вельмі спрыяльны момант".

(Глод: ) "Сапраўды, сябры выбарчых камісіяў — жывыя людзі, якія арыентуюцца ў палітычнай сытуацыі, і мне зразумела, што іхныя паводзіны будзе вызначаць абстаноўка, якая складзецца за дзень да выбараў і ў дзень галасаваньня".

(Цыганкоў: ) "Даўно заўважаная і даказаная адна цудоўная асаблівасьць беларускай намэнклятуры — яна заўсёды становіцца на бок пераможца, у самы патрэбны момант. Яна гэта зрабіла ў 1994-м, і, на жаль, падчас рэфэрэндуму 1996-га.

І безумоўна, калі гэтыя людзі будуць адчуваць, што Лукашэнка прайграе, калі паступяць такія знакі ад Масквы, намэнклятуры, ад усяго насельніцтва, яны зь вялікай радасьцю здадуць Лукашэнку, паколькі ў большасьці беларускай намэнклятуры ёсьць прыхаваная нянавісьць да гэтай асобы. Так што пры ўмове, калі альтэрнатыўныя кандыдаты будуць моцныя і будуць нейкія знакі, што яны перамагаюць, намэнклятура хутка пяройдзе на бок пераможцы".

(Глод: ) "Учора я размаўляў зь Міхаілам Марынічам, які цудоўна ведае становішча сярод чыноўнікаў. Дык вось, ён упэўнены, што тры чвэрці намэнклятуры зацікаўленыя ў тым, каб прыйшоў іншы чалавек, каб Лукашэнка не заставаўся пры сваёй пасадзе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG