Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што насамрэч стаіць за выбухам у расейскай амбасадзе?


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Якія акалічнасьці маглі б сьведчыць на карысьць таго, што выбух на тэрыторыі расейскай амбасады мог быць справакаваны афіцыйным Менскам, іншымі словамі, якая ў гэтым выгада для Лукашэнкі?”

(Грузьдзіловіч: ) “Першае, гэта вельмі нязручнае месца для экспэрымэнтаў. Тут трэба дакладна ведаць, што можа быць далей. Там вакол усюды міліцыянты, відэакамэры, там тры амбасады ў адным месцы, таму той, хто кідае нейкую рэч праз плот у расейскую амбасаду, павінен добра ведаць, што яго праз некалькі сэкунд схопяць. Значыцца, гэта павінен быць чалавек вельмі дасьведчаны, добра падрыхтаваны. Па-другое, ужо зараз афіцыйныя зьвесткі вельмі разыходзяцца з тымі, што ёсьць у сапраўднасьці. Напрыклад, улада зараз сьцьвярджае, што выбухнула граната, прычым адна. Насамрэч было два выбухі, і кажуць, што гэта, магчыма, выбуховыя пакеты. Не разьбітыя шыбы ні ў амбасадзе, ні ў доме насупраць – што ж гэта за граната? Вось гэтыя нестыкоўкі і паказваюць, што нешта ў вэрсіі ўладаў не спрацоўвае”.

(Дракахруст: ) “Тут варта зьвярнуць увагу на тыя магчымасьці, як улада можа выкарыстаць гэты інцыдэнт. Ня варта забывацца, што менавіта сёньня пачынаецца саміт СНД, і ў гэтым сэнсе Лукашэнка мае падставы чакаць ад ікраўнікоў дзяржаваў СНД падтрымкі – хаця б ня як кандыдат у прэзыдэнты, але як улада, якая вось замагаецца і церпіць ад тэрору. У першы чарод гэтая падтрымка, зразумела, чакаецца ад расейскага боку. І тут такі сымбалічны факт, што падчас гэтага саміту Лукашэнка і Пуцін мусяць закласьці першы камень у падмурак новага будынку расейскай амбасады. І калі бяз гэтага інцыдэнту Піцін мог падчас цырымоніі зрабіць выгляд, што Лукашэнкі, так бы мовіць, няма, то зараз яму будзе зрабіць гэта значна цяжэй. Да таго ж, я хацеў бы зьвярнуць увагу яшчэ на адзін момант – гэта менавіта саміт СНД, на які прыяжджаюць прэзыдэнты Кыргізтану, Узбэкістану, якія спраўды вядуць змаганьне з тэрарызмам у сваіх краінах, і тут можа атрымацца пэўная склейка паміж арганізатарамі гэтай акцыі ды ісламскімі паўстанцамі, якія дзейнічаюць у Кыргізтане і Ўзбэкістане”.

(Навумчык: ) “І такім чынам складаецца сытуацыя, што ў Акаева свае ворагі, у Лукашэнкі – свае. Сябры па няшчасьці. Павінны быць разам”.

(Дракахруст: ) “Так можа быць выкарыстаная гэтая нагода”.

(Навумчык: ) “Ну а зараз давайце ўявім сабе, што гэтая акцыя арганізаваная апазыцыйнымі асобамі. Дарэчы, пэўная частка беларускага грамадзтва (можа, ня вельмі значная) сьцьвярджала, што беларускай апазыцыі не стае радыкалізму. Ці ўспрыме тая частка грамадзтва гэтую акцыю так, што вось, маўляў, зьявіліся тыя, хто возьме на ўзбраеньне мэтады, далёкія ад парлямэнцкіх?”

(Грузьдзіловіч: ) “Я хачу нагадаць, што ўвесну 1997 году ўжо быў падобны выпадак. Тады расейская амбасада была абстраляная з аўтамата. Гэта здарылася напярэдадні падпісаньня дамовы аб саюзе Беларусі і Расеі. Тады таксама было падобна на тое, што акцыя справакаваная ўладамі. Але тая акцыя была ўспрынятая радыкальнай апазыцыяй як прыклад таго, як трэба дзейнічаць. Я думаю, што зараз гэтая акцыя (кім бы яна не была арганізаваная) хутчэй за ўсё будзе успрынятая як той мэтад, якім трэба дзейнічаць супраць беларуска-расейскага саюзу. Іншая рэч, што гэты шлях хутчэй за ўсё ня будзе падтрыманы беларускім грамадзтвам і выкліча ў выбаршчыкаў нэгатыўную рэакцыю”.

(Дракахруст: ) “Калі гэты акт сапраўды зрабілі нейкія радыкалы, то яны зрабілі вялікі падарунак Аляксандру Лукашэнку, бо яны, на мой погляд, зрабілі больш глыбокай ізаляцыю сваіх прыхільнікаў. Ёсьць пэўныя формы, у якіх любая дзяржава рэагуе на тэрор. Калі Ўсама Бэн Ладэн падарваў дзьве амэрыканскія амбасады ў Афрыцы, ЗША сталі не пераглядаць сваю палітыку ў адносінах да гэтых краінаў. Яны проста нанесьлі ўдары па тых базах, дзе хаваўся Бэн Ладэн. Калі няма моцнага руху на карысьць падобных мэтадаў (а ў Беларусі яго відавочна няма), то прыхільнікі такіх мэтадаў, калі яны пачынаюць іх практыкаваць, трапляюць яшчэ ў больш глыбокую ізаляцыю, чым былі раней”.

(Навумчык: ) “Зараз я хацеў бы працытаваць расейскі Інтэрнэт-рэсурс СМИ.ру: “Ці не зьяўляецца начны выбух у расейскай амбасадзе свайго роду “спробай пяра” новай тэрарыстычнай арганізацыі беларускіх радыкалаў? У сувязі зь нядаўнімі заявамі некаторых высокапастаўленых асобаў НАТО аб магчымасьці югаслаўска-румынскага варыянту зьвяржэньня Лукашэнкі падчас наступных выбараў раптоўнае зьяўленьне антырасейскае тэрарыстычнае актыўнасьці ў Менску вельмі насьцярожвае”. У сувязі з гэтым апошняе пытаньне: якія наступствы гэты выбух можа мець для беларускай апазыцыі ў рэчышчы будучых прэзыдэнцкіх выбараў, як ён можа быць скарыстаны?”

(Грузьдзіловіч: ) “Для апазыцыі гэта ня вельмі спрыяльна, гэта, вядома ж, будзе выкарыстана супраць яе. Але апазыцыя можа выкарыстоўваць і тое, што ў такое ж самае складанае становічша з нагоды гэтага выбуху патрапіў і сам Лукашэнка. Зараз ён павінен будзе даказаць, што гэта сапраўды не ягоная правакацыя, што гэта ня ён аўтар. Зрабіць яму гэта будзе вельмі цяжка”.

(Дракахруст: ) “Гэтая акцыя можа быць выкарыстаная для рэпрэсіяў супраць апазыцыі, бо Лукашэнка ўвесь час спрабуе давесьці выбаршчыкам, што вось, маўляў, Захад пры дапамозе апазыцыі рыхтуе нейкіх бяевікоў, што апазыцыя складаецца з баевікоў, і вось баевікі зьявіліся, і дзяржава мусіць даць на гэта адказ. Акрамя таго, гэтае здарэньне можа быць выкарыстанае і ў такім псыхалягічным пляне, каб паказаць людзям, выбаршчыкам, стварыць такі міт, што вось апазыцыя – гэта кроў, гэта вайна, вайна ў першую чаргу з Расеяй (вось ужо бомбы пачалі кідаць). Апазыцыі варта выказаць сваё дакладнае стаўленьне да таго, якія мэтады можна ўжываць і якія нельга ўжываць у палітычнай барацьбе”.
XS
SM
MD
LG