Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта, якія пакуль не заявілі пра свой удзел у выбарчай кампаніі. Васіль Лявонаў, Аляксандар Дабравольскі, Сяргей Антончык, Натальля Машэрава — ці маюць яны шанцы?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Тэмай сёньняшняй экспэртызы стане абмеркаваньне шанцаў тых палітыкаў, якія яшчэ не заяўлялі пра свой удзел у выбарах, але разглядаюцца грамадзкасьцю, аналітыкамі як патэнцыйныя кандыдаты на ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы.

Сярод гэтых людзей ёсьць даволі вядомыя — Васіль Лявонаў, Аляксандар Дабравольскі, Сяргей Антончык, Натальля Машэрава.

Якія плюсы й мінусы для патэнцыйнага "адзінага кандыдата", для магчымай перамогі над Лукашэнкам будзе мець зьяўленьне новых кандыдатаў? Дарэчы, магчымы такі варыянт, калі хтосьці з названых палітыкаў заменіць тую "пяцёрку", якая ўжо аб'явіла пра свой магчымы ўдзел. Прынамсі, такія размовы йдуць пра Васіля Лявонава і Аляксандра Дабравольскага.

Нагадаю, што кандыдатура Дабравольскага вылучалася адразу, як толькі пачаліся размовы пра адзінага кандыдата. Аля пасьля ягонае прозьвішча неяк адышло ў цень, і вось цяпер зноў зьявілася — відавочна, як рэакцыя некаторых палітычных сілаў (прынамсі, дзеячоў АГП) на тое, што "пяцёрка" дасюль ня можа дамовіцца паміж сабой.

Незадаволенасьць гэтым расьце, і ў якасьці альтэрнатывы зьяўляецца ідэя вылучыць нейкага новага чалавека, які не ўваходзіць у гэтую "пяцёрку". Разглядаюцца кандыдатуры Аляксандра Дабравольскага і Васіля Лявонава".

(Глод: ) "Ёсьць другі погляд на гэтую праблему — зь іншых пазыцыяў, а менавіта калі браць да ўвагі югаслаўскі варыянт. Каштуніца зьявіўся з палітыкаў другога раду. Калі мы разглядаем "пяцёрку" як палітыкаў першага шэрагу, то зьяўленьне Дабравольскага альбо Лявонава ёсьць зьяўленьнем палітыкаў другога шэрагу.

Што да Лявонава, то я лічу, што гэта сапраўды можа быць даволі канкрэтная фігура. Наколькі я ведаю, зараз "пяцёрка" дамаўляецца пра тое, хто будзе каардынаваць іхную працу. Кожны зь пяці будзе вылучаць па адным альбо па два чалавекі ў агульную Раду. І ёсьць агульная дамоўленасьць, што гэтую Раду можа ўзначаліць Васіль Лявонаў. І я не выключаю, што чалавек, які будзе каардынаваць дзеяньні "пяцёркі", можа на пэўным этапе стаць кандыдатам на прэзыдэнта ад тых сілаў, што выступаюць супраць Аляксандра Лукашэнкі".

(Цыганкоў: ) "Нагадаю, што Васіля Лявонава разглядалі задоўга да сёньняшніх падзеяў — яго абмяркоўвалі як магчымага вельмі моцнага кандыдата.

Але тады ўлада адразу прыняла пэўныя прэвэнтыўныя захады, пачалося цкаваньне сям'і Лявонава — гэта было некалькі месяцаў таму, узімку, і ён тады даў зразумець, што не зьбіраецца браць удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Ці зьмянілася зараз ягонае меркаваньне, мы пакуль ня ведаем.

Але вернемся да таго, якія плюсы й мінусы зьяўленьня гэтак званага "другога эшалёну" кандыдатаў. Нагадаю, падчас выбараў 1994 году прэзыдэнцкую гонку пачыналі 22 кандыдаты, але на фінішную прамую выйшлі толькі 6 чалавек".

(Карбалевіч: ) "Плюсам можна лічыць павелічэньне варыянтаў пошуку аптымальнага кандыдата, магчымасьць заблытаць пляны й стратэгію ўладных структураў. Але мінусаў значна больш.

Будзе яшчэ менш згоды сярод праціўнікаў Лукашэнкі — гэта прывядзе да драбненьня матэрыяльных і людзкіх рэсурсаў. Як вынік, мала хто зьбярэ патрэбныя 100 тысяч подпісаў. Адымецца час для вядзеньня перамоваў па ўзгадненьні дзеяньняў сярод апанэнтаў рэжыму.

Галоўнае — гэта заблытае й дэмаралізуе антылукашэнкаў электарат, створыць адчуваньне несур'ёзнасьці выбарчай кампаніі, пакажа намэнклятуры слабасьць апанэнтаў рэжыму".

(Глод: ) "Я б пагадзіўся з Валерам, калі б не адно важнае выключэньне. Я згодны зь ягонай пазыцыяй, калі новыя кандыдаты зьявяцца на электаральным полі антылукашэнкавых сілаў. Але кандыдат можа зьявіцца на полі электарату Лукашэнкі.

На гэтым тыдні сацыялягічная лябараторыя "Новак" прэзэнтавала вынікі апошняга апытаньня. Другое месца ў станоўчым рэйтынгу заняла Натальля Машэрава — яна пакуль ані паўслова не сказала наконт таго, што будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. І калі яе раскруціць, а такія магчымасьці ёсьць — пры гэтым адмоўныя рэйтынг у яе 0,1%, а ў Лукашэнкі 26%, то, па-мойму, узьнікае вельмі сур'ёзны супернік Лукашэнку".

(Цыганкоў: ) "Гаворачы пра Машэраву і гэтае апытаньне, варта патлумачыць, што гэта было так званае "закрытае" апытаньне, калі рэспандэнтам прапаноўвалі выбраць сярод ужо ўпісаных у анкету прозьвішчаў. І напэўна, большасьць рэспандэнтаў рэагавала проста на вядомае прозьвішча, на тое, што Натальля Машэрава — жанчына.

Мы ведаем, што жаночая партыя "Надзея" ў апытаньнях часта мае найвышэйшы рэйтынг сярод палітычных партыяў. Не таму, што яна запомнілася нейкімі выключнымі й выразнымі палітычнымі акцыямі і дзеяньнямі, а толькі з-за сваёй прывабнай назвы. Думаю, у значнай ступені цяперашні рэйтынг Машэравай абумоўлены гэтым чыньнікам.

Варта паразважаць, ці можа Машэрава забраць галасы ў Лукашэнкі. Ёсьць меркаваньне, што Лукашэнка свае 30 ці больш адсоткаў возьме, і любы кандыдат, які будзе спрабаваць гуляць на ягоным полі, на справе будзе адбіраць галасы ў альтэрнатыўных кандыдатаў. А Лукашэнка з-за сваёй раскручанасьці, харызмы "належны" адсотак усё роўна возьме.

Валер, ці згодны вы з такім тэзысам, і як вы ацэньваеце шанцы Натальлі Машэравай?"

(Карбалевіч: ) "Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што сёньня жанчына ў Беларусі, нават з такім вядомым прозьвішчам, наўрад ці можа быць абраная прэзыдэнтам.

Зь іншага боку, сапраўды, Машэрава можа змагацца толькі на электаральным полі Лукашэнкі, зь ягонымі лёзунгамі. У такім выпадку ўзьнікае пытаньне — навошта "другі Лукашэнка"? Мне здаецца, перамагчы Лукашэнку можа "антыЛукашэнка", нейкі ягоны антыпод, зь іншымі праграмамі, лёзунгамі, з апорай на іншы электарат. У гэтым сэнсе гэта мінус для Машэравай".

(Цыганкоў: ) "Давайце пагаворым пра іншых патэнцыйных кандыдатаў, якіх мы назвалі. Мне здаецца, Сяргей Антончык пры пэўных абставінах можа стаць цалкам рэальнай кандыдатурай калі не на перамогу, то прынамсі на сапраўдны ўдзел у выбарах.

Адрозна ад іншых палітыкаў, якія спадзяюцца на падтрымку палітычных сілаў, Антончык апошнія месяцы актыўна працуе на стварэньне ўласных структураў. Гэта "Рабочая самадапамога". Антончык раздае матэрыяльную дапамогу сем'ям рабочых, якім патрэбная падтрымка. Паводле зьвестак тых людзей, якія езьдзяць зь ім у рэгіёны, у ягоных структурах сотні людзей. Так што Антончык зможа сабраць подпісы, калі ён вырашыць ісьці ў прэзыдэнцкую кампанію.

Іншае пытаньне — якая ніша для Антончыка. Сацыёлягі вылучалі тры асноўныя варыянты, якія могуць перамагчы Лукашэнку. Гэта, умоўна кажучы, "прамаскоўскі кандыдат", "намэнклятурны кандыдат" і "народны".

"Народнаму" варыянту сацыёлягі, дарэчы, аддавалі найменшую верагоднасьць перамогі. Але ніша Антончыка якраз у гэтым, штосьці накшталт Лукашэнкі 1994 году — нейкага народнага мсьціўца.

Я б не сказаў, што тут зусім няма шанцаў. Пры пэўнай сытуацыі, калі палітычныя сілы ўбачаць, што няма лепшых варыянтаў, мне здаецца, яны могуць паставіць і на Антончыка. Пры пэўным удалым зьбегу абставінах, пры актыўнай і разумнай працы самога Антончыка я разглядаю яго як цалкам рэальнага кандыдата".

(Глод: ) "Антончыка ў свой час называлі беларускім Лехам Валэнсам. Час Валэнсы ў Польшчы скончыўся, ці паўторыцца гэта ў нас — даволі сур'ёзнае пытаньне".

(Карбалевіч: ) "Наконт кандыдатуры Васіля Лявонава. Сапраўды, ягоны імідж станоўча ўспрымае намэнклятура. Але ў яго ёсьць і значныя мінусы. Першае — гэта ўзрост, другое — турэмнае зьняволеньне. Прычым за хабар, а для масавай сьвядомасьці гэта нават горш за абвінавачаньне таго ж Чыгіра ў нейкіх банкаўскіх махінацыях.

Што да кандыдатуры Аляксандра Дабравольскага. Найбольшы плюс — ягоная маладосьць і прывабны зьнешні выгляд. Але ўзьнікае пытаньне, якія яшчэ козыры ў Дабравольскага большыя за тыя, што ёсьць у так званай "пяцёркі".

Па-другое, ці не справакуе вылучэньне Дабравольскага вылучэньне іншых партыйных кандыдатураў? Ці ня будзе гэта штуршком для іншых партыйных кандыдатаў — Шушкевіча, Статкевіча, каго-небудзь з БНФ. Тады праблема пошука адзінага кандыдата стане яшчэ больш складанай ".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG