Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка як галоўны агітатар і прапагандыст у камандзе Лукашэнкі.


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Сёньня мы абмяркуем мэтады й сродкі, якімі карыстаецца дзяржаўная прапагандысцкая машына. Ці ўплывае гэтая агітацыя на настрой людзей, на іхны палітычны выбар.

Пачнем, бадай, з канстатацыі факту — за апошнія месяцы прапагандысцкія высілкі дзяржаўнага "агітпропу" моцна павялічыліся.

Праграма Азаронка, ідзе па Беларускім тэлебачаньні двойчы на тыдзень, пры гэтым паўтараецца на наступны дзень пасьля выхаду.

Таксама часам зьяўляюцца асобныя "творы" — прыкладам, у чацьвер 19 красавіка БТ паказала фільм пра Курапаты. Фільм меў за мэту зьняславіць памяць Курапатаў, даказаць, што там расстрэльвалі ня органы НКВД, а фашысты ды іхныя памагатыя, якія ходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Мацнеюць прапагандысцкія матэрыялы ў дзяржаўнай прэсе, а прамовы Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш нагадваюць выступы кандыдата на прэзыдэнта, а не кіраўніка дзяржавы, хаця й нелегітымнага.

Ці можа такое павелічэньне прапаганды ўплываць на беларусаў, на іхныя рашэньні падчас выбараў? Наколькі дзейсная і эфэктыўная гэтая агітацыя?"

(Глод: ) "Найперш я задаюся пытаньнем — навошта гэтулькі агітацыі, калі Лукашэнка нібыта далёка абышоў сваіх канкурэнтаў паводле рэйтынгу? Навошта надалей увесь час казаць, што апазыцыя — гэта вельмі дрэнна, а Лукашэнка — гэта надзвычай добра?

Я думаю, адказ у тым, што рэйтынг Лукашэнкі не такі высокі, як гэта хочуць паказаць. І адчувае гэта найперш сам Лукашэнка. І таму, я думаю, быў загад — паказваць як найлепш кандыдатуру кіраўніка дзяржавы.

А далей робіцца паводле нашых звычайных стандартаў — прымусь дурня Богу маліцца, дык ён і лоб паб'е. Вось нешта падобнае адбываецца ў формах і мэтадах працы беларускіх дзяржаўных мэдыяў".

(Цыганкоў: ) "У незалежнай прэсе зьяўляюцца меркаваньні, што прапагандысцкія высілкі каманды Лукашэнкі вельмі падобныя на тое, што рабіў у 1994 годзе тагачасны кандыдат ад улады Вячаслаў Кебіч. Таму аналітыкі прыпускаюць, што гэта можа прывесьці Лукашэнку да такіх самых вынікаў. Ды й прапагандысцкую каманду ўзначальваюць тыя ж людзі — Міхаіл Мясьніковіч ды Ўладзімер Замяталін.

Ці справядлівыя падобныя паралелі? Ці можна ўбачыць адрозьненьні ў прапагандысцкай кампаніі Кебіча й Лукашэнкі?"

(Карбалевіч: ) "Відавочна, нейкія паралелі ёсьць, але да ўсякіх паралеляў ды аналёгіяў трэба ставіцца асьцярожна — усе яны ўмоўныя.

Ёсьць значныя адрозьненьні. Першае, інтэнсіўнасьць і агрэсіўнасьць прапаганды на некалькі парадкаў вышэй зараз, чым было за Кебічам.

Другое — перакрытыя каналы альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, якія былі тады. Тагачасная наймасавая "Народная газета" была практычна ў руках апазыцыі, была радыёпраграма "Беларуская маладзёжная", хаця яе пэрыядычна закрывалі.

Але самае галоўнае — асоба Аляксандра Лукашэнкі значна больш яркая за асобу Кебіча. Лукашэнка ўсё ж харызматычны палітык.

Здавалася б, зараз прымяняюцца мэтады, што выкарыстоўваліся і ў савецкі час. То бок звычайны традыцыйны савецкі "агітпроп", адаптаваны нейкім чынам да сучасных умоваў. Але савецкі "агітпроп" апошнія гады дзейнічаў вельмі дрэнна, але ў цяперашняй Беларусі ён больш-менш дзейнічае, калі зірнуць на рэйтынг Лукашэнкі й паказчык даверу дзяржаўным СМІ.

У тую старую, напалову савецкую сыстэму прапаганды ўмайстраваная фігура харызматычнага лідэра. І гэта дае вынік —старыя мэтады, якія раней былі неэфэктыўныя, зараз робяцца эфэктыўнымі. Іншая рэч, ці вялікі той эфэкт".

(Глод: ) "Валер згадаў прапагандысцкую кампанію Кебіча, і я хачу распавесьці адну гісторыю. Я спачатку думаў, што гэта анэкдот, але днямі мне яе пацьвердзіў адзін зь міністраў ва ўрадзе Кебіча.

Кебіч праводзіў нараду перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў у 1994-м. Самы кароткім выступам на нарадзе быў выступ тагачаснага кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі Васіля Драгаўца. Драгавец сказаў так: "Вячаслаў Францавіч, не хвалюйцеся, ведзьмакі папрацавалі, усе бюлетэні зарадзілі — вы пераможаце". Кебіч, паводле ўдзельніка гэтай нарады, выцер пот і пачаў задаволена ўсьміхацца.

Зусім розныя людзі — Кебіч і Лукашэнка. Мне здаецца, калі б зараз такі ж Драгавец (зараз гэта Замяталін) альбо нехта іншы сказаў гэткае Лукашэнку, той бы альбо аблажыў яго матам альбо выгнаў бы і больш ніколі да сябе не дапускаў".

(Цыганкоў: ) "Нашыя асабістыя ўражаньні я хачу падмацаваць лічбамі сацыялёгіі. Паводле зьвестак НІСЭПД, дзяржаўным СМІ давяраюць зараз каля 35% насельніцтва, і гэтыя лічбы адносна стабільныя. У канцы 1997-га было 43%, у канцы 2000 — 35%.

Але недзяржаўным СМІ таксама давярае даволі стабільная і невялікая лічба апытаных. Зараз 28%, а ў 1997-м годзе было 25%. Гэтая лічба таксама істотна не мяняецца.

Такім чынам, мы бачым вялізны недавер насельніцтва як дзяржаўнай, гэтак і недзяржаўнай прэсе. Таму вялікае значэньне набываюць канкрэтныя рысы канкрэтных палітыкаў.

Я думаю, што ў штабе Аляксандра Лукашэнкі галоўным прапагандыстам і агітатарам робіцца ён сам. Згадайма ягоны выступ на сэлектарнай нарадзе, дзе Лукашэнка паўстаў у вобразе ўсемагутнага і клапатлівага гаспадара, які ўсім дасьць і падорыць — што каму трэба.

Ці гэты вобраз выйгрышны, наколькі Лукашэнка будзе імкнуцца яго ўмацаваць?"

(Глод: ) "У чацьвер я быў на кангрэсе "Сьвет пасьля Чарнобыля". Там нехта распаўсюдзіў матэрыял "Reuters" з той сэлектарнай нарады. І вось замежнікі, калі чыталі гэты тэкст, лічылі, што нехта пажартаваў, што ня можа кіраўнік дзяржавы такога казаць.

Але на простага чалавека (а зараз барацьба ідзе за чалавека, які жыве недзе ў глыбінцы і яшчэ верыць Лукашэнку), мне здаецца, уплыў такіх выступаў вельмі моцны.

І мае рацыю Віталь Цыганкоў, калі кажа, што самым галоўным агітатарам "за Лукашэнку" выступае сам Лукашэнка. Замяталін, нехта іншы — гэта будуць другарадныя, трэцярадныя асобы. Яны ўжо ня будуць граць тую ролю, што гралі ў выбарчай кампаніі Кебіча. Без усялякіх спрэчак, выбарчую кампанію Лукашэнкі вядзе сам Лукашэнка".

(Карбалевіч: ) "Калі параўнаць лічбы, якія Вы, Віталь, падалі — пра давер да дзяржаўных СМІ — то яны параўнальныя з рэйтынгам Лукашэнкі. Недзе тыя ж самыя 35-40%, як падаюць незалежныя сацыёлягі. Таму мы можам сказаць, што дзяржаўныя СМІ сваю працу выконваюць.

Створаны вобраз, які прыносіць плён. Калі ён плённы — навошта яго мяняць? Ён будзе толькі ўзмацняцца, ад дабра дабра не шукаюць. Гэта вобраз мудрага народнага заступніка, які дбае пра народ і вядзе непрымірымую барацьбу з ворагамі.

Галоўны акцэнт у прапагандысцкай кампаніі робіцца не на нейкія дасягненьні, якіх няма, а на барацьбу з ворагамі. Ворагі вонкавыя, унутраныя, мадэль абложанай крэпасьці — галоўныя дамінанты прапагандысцкай кампаніі.

Згадаем рэпліку Лукашэнкі на сэлектарнай нарадзе — што трэба перапісваць нумары іншамарак і забіраць у іхных уласьнікаў грошы на пасяўную. Вось такая кампанія нянавісьці да багатых будзе ўзмацняцца".

(Глод: ) "Мне здаецца, што беларускія палітыкі, якія будуць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, павінны вучыцца ў Лукашэнкі папулізму. Бо без папулізму ў такой спэцыфічнай краіне як Беларусь немагчыма".

(Цыганкоў: ) "А мне здаецца, што ўся праца Беларускага тэлебачаньня і астатніх дзяржаўных СМІ ў пэўным сэнсе марная. Бо яна накіраваная на тое, каб "пераканаць перакананых" і разьлічаная на электарат Лукашэнкі, які й так за яго будзе галасаваць. Гэная праца не прыцягвае новых прыхільнікаў — сам Лукашэнка можа зарабіць сабе прыхільнікаў значна лепш за ўсю прапагандысцкую машыну.

Усе намаганьні "агітпропу" зьяўляюцца толькі тафталёгіяй, паўторам за Лукашэнкам. Людзі, якія вырашылі галасаваць супраць Лукашэнкі (праўда, яшчэ ня ведаюць, за каго), — яны БТ не глядзяць альбо глядзяць і плююцца. Так што БТ на іх мала ўплывае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG