Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Беларусі расейскі рубель? Якія палітычныя ды эканамічным наступствы пацягне ўвядзеньне адзінай валюты Беларусі й Расеі?


Вядучы Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Сёньня "палата прадстаўнікоў" пераважнай большасьцю (95 — "за", 3 — "супраць") прагаласавала за ратыфікацыю дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй "пра ўвядзеньне адзінай грашовай адзінкі й фармаваньне адзінага эмісійнага цэнтру Саюзнай дзяржавы".

Ці напраўду дамова запрацуе, ці заменяць беларускія грошы на расейскі рубель і, пазьней, на нейкую "грашовую адзінку"? Калі гэтак здарыцца — што гэта прынясе беларускай гаспадарцы, беларускаму палітычнаму ды эканамічнаму сувэрэнітэту?

Падзялюся ўражаньнямі пра сёньняшняе абмеркаваньне ў "палаце". Цікава, што старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч, адказваючы на пытаньне: ці супярэчыць пагадненьне беларускай Канстытуцыі, гаварыў, што гэта толькі рамачнае пагадненьне, ні да чаго не прымушае, Канстытуцыі не парушае. Вось калі Беларусь пачне яго ажыцьцяўляць, тады прыйдзецца праз рэфэрэндум альбо інакш зьмяняць Канстытуцыю.

Ці напраўду беларуская ўлада мае намер увесьці на тэрыторыі краіны расейскі рубель? Ці можа гэта адбыцца да 2005 году, як вызначана пагадненьнем?"

(Раманчук: ) "Няма пакуль ніякіх падставаў лічыць, што беларускі ўрад і прэзыдэнт маюць намер уводзіць расейскі рубель. Уся банкаўская сыстэма Беларусі ў крытычным стане. Гэтае пагадненьне яшчэ цягам двух гадоў як найменш патрабуе сынхранізацыі мэханізмаў. Інфляцыя й друкаваньне грошай у Беларусі мусіць стаць такімі, як у Расеі.

Але да інфляцыі 1-2% на месяц беларуская эканоміка не гатовая. Таму што эканоміка дзяржаўная, якая ня ведае абмежаваньняў крэдытаў.

Таму я лічу, што ратыфікацыя — палітычны акт, каб сёньня ўзяць нейкі крэдыт і заручыцца даверам ураду Расеі. Я толькі не разумею, навошта гэта Расеі, бо ўвесь боль рэформаў, якія трэба зрабіць у Беларусі, будзе перакладзены на плечы Расеі. Гэтым жупелам для беларускіх прадпрыемстваў цяпер будзе Расея".

(Карбалевіч: ) "Вопыт беларуска-расейскіх стасункаў сьведчыць, што падпісаць пагадненьне — зусім ня значыць яго выконваць. За пяць гадоў можа здарыцца вельмі многае. Адбудуцца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, парлямэнцкія. Тое ж і ў Расеі — таму зусім ня факт, што дамова будзе рэалізаваная.

Тут больш цікавыя палітычныя абставіны, тактычныя хады вакол ратыфікацыі. Беларускі бок відавочна не задавальнялі гэтыя дакумэнты, і афіцыйны Менск спрабаваў сабатаваць ратыфікацыю. Дамова была падпісаная ў сьнежні, але ратыфікавалі яе толькі сёньня ў красавіку. Дагэтуль былі заявы Міністэрства юстыцыі, старшыні Канстытуцыйнага суду, некаторых дэпутатаў "палаты" пра тое, што гэты дакумэнт супярэчыць Канстытуцыі.

Але Масква праводзіць зараз жорсткую палітыку да Менску. Ейная сутнасьць — жорсткі ціск без сантымэнтаў і кампрамісаў. І зараз Крэмль паставіў умовай для выдзяленьня крэдыту ратыфікацыю дамовы. Лукашэнка доўга супраціўляўся, але ўбачыў цьвёрдую пазыцыю Масквы і саступіў.

Разьлік наступны — крэдыт Беларусь атрымае зараз, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, а выкананьне дамовы адбудзецца ў далёкім 2005 годзе. Гэта далёкая пэрспэктыва, і час пакажа: калі Лукашэнку гэта будзе выгадна, ён пойдзе на выкананьне, калі не — ён будзе яе сабатаваць, знойдзе для гэтага нейкія прычыны".

(Раманчук: ) "Апанэнты альбо прыхільнікі гэтага пагадненьня могуць згадаць прыклад з "эўра". Але "эўра" — гэта стабільная валюта, інфляцыя не перавышае 3% на год. Расейскі рубель сам патрабуе нейкага якару; расейская прамысловасьць і банкаўская сыстэма не адпавядаюць патрабаваньням Захаду й міжнародных фінансавых арганізацыяў.

Таму прывязвацца да расейскага рубля, тым больш браць яго за сродак аплаты нямэтазгодна. Лепш, пэрспэктыўней для Беларусі (калі б мы хацелі, каб нашыя прадпрыемствы прывыкалі да жорсткай фінансавай дысціпліны) — прывязаць рубель да кошыка валютаў альбо перайсьці на "эўра". Чаму б не?"

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, прыхільнікі фінансавай інтэграцыі з Расеяй часта праводзяць аналёгію з "эўра" — на маю думку, вельмі бязглуздая аналёгія. Мэханізм пераходу на адзіную валюту ў Беларусі й Расеі зусім іншы, чым у Эўропе.

Спачатку Беларусь пераходзіць на расейскі рубель. І потым, як сказана, у 2008 годзе Беларусь павінна перайсьці на нейкую адзіную валюту з Расеяй, для якой яшчэ няма назвы.

І тут паўстае пытаньне — навошта Расеі адмаўляцца ад свайго рубля, калі паводле пагадненьня (калі яно будзе выконвацца) у 2005 годзе ён будзе сродкам аплаты ў Беларусі й Расеі? І раптам праз 3 гады, у 2008-м, Расеі трэба прыдумляць нейкую новую валюту й адмаўляцца ад рубля. Навошта гэтак рабіць, калі рубель і так ужо паглыне Беларусь? Гэта нерэальна. Калі расейскі рубель запануе ў Беларусі, ні пра якую новую адзіную валюту ня будзе размовы.

Цікава, што сёньня ў "палаце" падчас абмеркаваньня дэпутат Віктар Кучынскі гаварыў, што прыняўшы гэтае пагадненьне, "мы дамо вялікі козыр апазыцыі". Апазыцыя, маўляў, пачне гаварыць пра абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі. "Што мы зможам ім адказаць? — пытаўся Кучынскі. — Нічога".

Калі ўсё ж знойдзецца палітычная воля й справа дойдзе да ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі, ці будзе гэты працэс зваротны? Якія пагрозы сувэрэнітэту Беларусі, калі ажыцьцявіцца гэтае пагадненьня?"

(Карбалевіч: ) "Я думаю, спыніць гэты працэс можна будзе на любым этапе да таго часу, пакуль расейскі рубель не заменіць беларускі, ды й нават пасьля гэтага. Хаця "пасьля" рабіць гэта будзе значна цяжэй.

Сапраўды, апазыцыя можа выкарыстаць гэтыя абставіны, але я хачу зьвярнуць увагу на сацыялягічныя апытаньні: сёньня зьмяншаецца колькасьць насельніцтва, арыентаванага на інтэграцыю з Расеяй. Фактар Пуціна працуе на аслабленьне беларускага сувэрэнітэту. Нават калі глядзець на пазыцыю беларускага дырэктарату, то й ён падштурхоўвае да ўводу расейскай валюты ў Беларусі, а не наадварот".

(Раманчук: ) "Я лічу, што ў сёньняшнім сьвеце катэгорыя эканамічнага сувэрэнітэту — вельмі адносная рэч. Сёньня нельга назваць эўрапейскую краіну, якая была б цалкам эканамічна сувэрэннай.

Таму я думаю, што ў 2008 годзе новай валюты ня будзе (тут я згодны зь Віталём) — гэта будзе альбо расейскі рубель альбо "эўра", альбо іншая глябальная валюта. У сьвеце дзейнічае жорсткая канкурэнцыя валютаў, і гэта тэндэнцыя, на якую не ўплываюць такія маленькія краіны як Беларусь.

Лібэральны рынак і рацыяналізацыя эканамічных стасункаў насоўваюцца на Беларусь з Расеяй. Але, як мы ведаем, першы й вельмі хваравіты этап шокавай тэрапіі выклікае сацыяльны пратэст. У гэтым кантэксьце Кучынскі мае рацыю.

Прадпрыемствы, калгасы, насельніцтва вельмі балюча адчуюць наступствы жорсткай грашовай палітыкі, і беларускі ўрад ня зможа палегчыць наступствы гэтага кроку. Калі пасьля гэтага беларускія ўлады адмовяцца ад такой палітыкі і зноў пачнуць друкаваць грошы, то Расея пабачыць, што з такім партнэрам нельга нічога рабіць.

Так альбо інакш Беларусь ужо ня будзе мець таго status quo, што мела на працягу апошніх 5 гадоў існаваньня саюзу".

(Цыганкоў: ) "Ці магчыма, каб Менск і Масква валодалі правам на эмісію грошай? Ці гэта эканамічны нонсэнс?"

(Раманчук: ) "Гэта эканамічны нонсэнс. І гэта даказвалі столькі людзей на ўсіх узроўняў, што само пытаньне выклікае толькі ўсьмешку ў прадстаўнікоў расейскага ўраду і дарадцаў Пуціна. Людзям, якія гавораць, што можна мець эмісійны цэнтар у Расеі ў Маскве і праводзіць уласную незалежную грашовую палітыку, трэба пачытаць эканамічныя падручнікі".

(Карбалевіч: ) "Наконт адпаведнасьці гэтай дамовы беларускай Канстытуцыі. Відавочна, што дамова Канстытуцыі супярэчыць. Але стаўленьне ў Беларусі да закону, да Канстытуцыі, да права гэткія, што гэта не праблема.

Прыдворныя юрысты дакажуць, што ўсё нармальна. Тое ж Міністэрства юстыцыі выступіла спачатку з заявай, што дамова супярэчыць Канстытуцыі, а потым растлумачыла, што яго ня так зразумелі. Таму Канстытуцыя — зусім ня тая праблема, якой ня змогуць абысьці кіраўнічыя колы Беларусі, калі будзе на тое палітычная воля".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG