Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў рабочым страйкам у Беларусі. Ці ёсьць сёньня падставы для масавых выступаў рабочых?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "10 гадоў таму Беларусь ды ўвесь тагачасны Савецкі Саюз скалыхнулі масавыя выступы рабочых менскіх прадпрыемстваў. Згадаем гэтую гадавіну дзеля аналізу цяперашняга стану рабочага руху Беларусі.

Ці здатныя сёньня працоўныя на масавыя выступы пратэсту, ці ёсьць для гэтага эканамічныя ды палітычныя падставы?

Але спачатку некалькі словаў пра падзеі 10-гадовай даўніны. Тады ва ўсім Савецкім Саюзе прыблізна ўтрая павялічыліся кошты на харчы — то была гэтак званая "паўлаўская рэформа", паводле імя тагачаснага прэм'ера Паўлава. Гэны рост цэнаў выклікаў масавы выхад рабочых на вуліцы Менску. Некалькі дзён запар дзясяткі тысячаў людзей у робах запаланялі плошчу Незалежнасьці.

Неўзабаве эканамічныя патрабаваньні падвысіць заробак дапоўніліся палітычнымі — адстаўка ўраду, скасаваньне парткамаў на прадпрыемстваў, сувэрэнітэт Беларусі. Распачаліся перамовы прадстаўнікоў рабочага руху з уладай. Эканамічныя патрабаваньні збольшага выканалі, палітычныя — не, дый яны неяк паступова сьціхлі.

Я зьвяртаюся да Генадзя Быкава, непасрэднага ўдзельніка тых падзеяў. Тыя стыхійныя выступы былі эканамічныя ці палітычныя?"

(Быкаў: ) "Гэта былі выступы найперш эканамічныя. За Паўлавым, я дакладна памятаю, цэны на ялавічыну, мясныя харчы падвысіліся ў пяць разоў. Таму ў першы дзень страйку былі толькі эканамічныя патрабаваньні".

(Карбалевіч: ) "Я думаю, гэта быў і эканамічны, і палітычны выбух адначасова, бо шмат прычынаў для гэтага існавала. Гэта й разбурэньне старой сыстэмы, адчуваньне ейнага хуткага краху, грамадзкі пад’ём.

Мы бачылі развал камуністычных рэжымаў Усходняй Эўропы, рабочыя адчувалі няўпэўненасьць кіраўніцтва краіны, рэспублікі, уласных прадпрыемстваў. Адбыліся першыя адносна дэмакратычныя выбары, і рабочыя адчулі, што іхны голас, меркаваньне нешта значаць.

Усё гэта давала сілы, дазваляла пераадольваць страх. Акрамя таго, існавалі нейкія ілюзіі, што прычынай цяжкага стану рабочых ёсьць начальства, якое дрэнна працуе, ня хоча даваць грошы, дэфіцытныя тавары, а само іх бярэ. І калі аб’яднацца, цьвёрда запатрабаваць — начальства спалохаецца і ўсё дасьць.

Да таго ж, рабочыя і дырэктарат былі ў нейкім сэнсе тады разам. Яны бачылі віноўніка — кіраўніцтва ў Маскве. Гэта таксама давала пэўныя сілы для выступу".

(Цыганкоў: ) "Акрамя эканамічных, безумоўна, былі й палітычныя прычыны пратэсту. Тое камуністычнае кіраўніцтва тады ўсім гэтак надакучыла, што нават апалітычныя рабочыя не любілі ўсіх гэтых "начальнікаў".

Валер Карбалевіч гаварыў пра тагачасныя ілюзіі. Генадзь, ці зьніклі цяпер у рабочых ілюзіі? Можа, сёньня масавых выступаў няма, бо рабочыя разумеюць, што любая ўлада будзе да іх ставіцца не найлепшым чынам? Які сёньня настрой у рабочым асяродку?"

(Быкаў: ) "Зараз вельмі вялікае нявер’е сярод рабочых. Яны не давяраюць нікому. Не давяраюць уладзе, бо ня бачаць паляпшэньня свайго стану. Зь іншага боку, яны не давяраюць апазыцыі (ці тым, хто супрацьстаіць уладзе) — бо ня ведаюць іхных пазыцыяў, бо тыя ня маюць доступу да радыё, тэлебачаньня й масавых газэтаў.

На мой погляд, сытуацыя ў рабочым асяродку горшая цяпер, чым была ў 1991 годзе. Хачу адзначыць адзін момант, чаму так адбываецца. Дэмакратычныя сілы, партыі, прафсаюзы (свабодныя і афіцыйныя) вельмі слаба працуюць з рабочымі, найперш інфармацыйна".

(Цыганкоў: ) "Усе бачаць, што сёньня няма масавых выступаў рабочых. Але мала хто ведае, што вельмі шмат адбываецца аднадзённых лякальных страйкаў. Таму я катэгарычна ня згодны, калі беларускіх рабочых называюць рабамі.

Параўнайма з Расеяй, дзе па паўгода ня плацяць заробкаў, і нічога — большасьць церпіць, неяк трывае. Нават анэкдоты зьявіліся: "Адзін дырэктар кажа другому: "Не плачу заробкаў, а рабочыя ўсё роўна на завод ходзяць". — "А ты зь іх бяры грошы на прахадной".

У нас жа ў Беларусі, як толькі затрымліваюць заробак на некалькі дзён — адразу страйкі. Вось толькі некаторыя факты апошніх дзён. 26 сакавіка — страйк на "Белшыне" з-за заробкаў. 30 сакавіка — Менскі завод аўтаматычных лініяў. 30 сакавіка — Магілёўскі машынабудаўнічы завод.

Звычайна так бывае: не даюць заробкаў, рабочыя спыняюць працу, выбіраюць сваіх прадстаўнікоў, якія ідуць да кіраўніцтва заводу, кіраўніцтва скардзіцца наверх, у адміністрацыю прэзыдэнта, потым прывозяць мешок грошай і наступны дзень выплачваюць. Тады праблема вырашаная, страйк закончаны.

Які прагноз на бліжэйшыя месяцы, асабліва калі ўлічыць, што Лукашэнка паабяцаў болей грошай не друкаваць?"

(Быкаў: ) "Першае, грошай хапае тым, хто страйкануў — ён іх, можа, не зарабіў. Гэта мы назіраем ужо 5-7 гадоў. Хто патрабуе — таму даюць грошы.

Другое, страйкі праходзяць стыхійна. На кожным прадпрыемстве ёсьць афіцыйныя прафсаюзы, але я ня ведаю выпадкаў, каб яны ўзначальвалі гэтыя страйкі.

Вы, Віталь, добра параўналі з Расеяй. Нашы людзі жылі заўжды з заробку. Таму яны вельмі хваравіта рэагуюць, калі заробак не выплачваюць. І ўлада гэта зразумела — добра зразумела ад 1991 году, што заробкі трэба плаціць своечасова. У Менску затрымкі заробкаў мінімальныя.

Пэрспэктывы наступныя. Альбо ўлада нешта прапануе, пачне нармальныя рэформы — тады будуць нармальныя заробкі, якія будуць плаціць своечасова. Альбо — страйкі могуць прыняць масавы характар. Падставы для гэтага ёсьць".

(Карбалевіч: ) "Думаю, што ў дзяржавы хопіць грошай, каб нэўтралізаваць магчымыя стыхійныя выступы. Мяркую, што сёньня, калі параўнаць з красавіком 1991 году, у рабочых хаос у галаве. Усе надзеі на зьмены да лепшага не спраўдзіліся. Ім незразумела, хто зараз вінаваты ў дрэнным жыцьці.

Выбралі ж самі "народнага" прэзыдэнта, а жыць усё горш. Досьвед апошніх 10 гадоў вучыць, што ад любых зьменаў робіцца толькі горш. Таму ёсьць страх перад пераменамі.

Ёсьць яшчэ й страх перад адміністрацыяй — гэтага не было ў 1991 годзе. Рабочыя і адміністрацыя зараз зьяўляюцца супраціўнікамі. Лукашэнка і ўлады сьвядома дыскрэдытуюць гаспадарчых кіраўнікоў у вачох працоўных, звальваючы наіх віну. А дырэктарат спрабуе сілай задушыць выступы рабочых. Пакуль трымаецца гэткі раскол, рэжым у бясьпецы.

Да таго ж, тая актыўная частка рабочых, якая была ў 1991-м годзе, пайшла з прадпрыемстваў. Хто пайшоў у бізнэс, хто паехаў за мяжу зарабляць грошы.

І яшчэ. Зараз Лукашэнку ўдалося навязаць працоўным міт, што ён пабудаваў грамадзтва без багатых. І тады паўстае пытаньне: супраць каго ж пратэставаць?"

(Цыганкоў: ) "Падсумоўваючы нашу размову — ці можна сказаць, што сёньня не выпадае гаварыць пра падставы для масавага руху рабочых? Ці гэта толькі лякальныя страйкі паводле эканамічных патрабаваньняў?".

(Быкаў: ) "Лякальныя страйкі былі й будуць. Гэта зьвязана з эканомікай — яна ў нас вельмі слабая. Мы бачым, што заробкі растуць ня так хутка, як цэны.

Але я не магу казаць, што гэтыя лякальныя страйкі не перарастуць у нейкі агульнабеларускі выступ. Бо такая пагроза для ўлады ёсьць. Гэта не абавязкова адбудзецца да выбараў прэзыдэнта, можа адбыцца пасьля. Зараз дырэктараў “гвалцяць”, патрабуючы, каб сярэдні заробак быў 100 даляраў, заводы возьмуць крэдыты, банкі прымусяць гэтыя крэдыты даць — а пасьля выбараў гэта ўсё абваліцца. Тады й могуць адбыцца масавыя выступы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG