Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятая гадавіна падпісаньня дамовы пра стварэньне беларуска-расейскай супольнасьці – вынікі і пэрспэктывы.


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Пяць гадоў таму Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову пра стварэньне супольнасьці Беларусі й Расеі. Сёньня, у гадавіну гэтай падзеі, у Маскве адбылося пасяджэньне вышэйшага дзяржаўнага савету беларуска-расейскага саюзу, а таксама шэраг урачыстасьцяў. Пасяджэньню савету папярэднічала асабістая сустрэча А. Лукашэнкі і Ў. Пуціна. Напярэдадні сустрэчы Лукашэнка казаў: “Зроблена менш, чым хацелася б, але з чалавекам, які зараз ва ўладзе ў Расеі, можна вырашаць любыя пытаньні”.

У той жа час парадак дня пасяджэньня Вышэйшага дзяржаўнага савету ўтрымліваў пункты даволі шараговыя. Ці ператварылася гэта сапраўды ў шараговае мерапрыемства, ці падчас пасяджэньня савету, а асабліва падчас асабістай сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна, былі вырашаныя нейкія істотныя праблемы? Віктар, да Вас пытаньне”.

(Дзятліковіч: ) “Падаецца, што і сапраўды сёньняшняе пасяджэньне было звычайным і шараговым, прынамсі, ніякія складаныя пытаньні беларуска-расейскай інтэграцыі вырашаныя не былі. Калі б Лукашэнка і Пуцін, напрыклад, вырашылі пытаньне адзінага эмісійнага цэнтру, то пра гэта ўжо гаварылі б усе. Але пасьля іх сустрэчы сам-на-сам не было ні прэсавых канфэрэнцыяў, ні заяваў. Відадочна, што гадзіны недастаткова, каб вырашыць нейкія сур’ёзныя пытаньні, а іх зараз два. Першае – гэта адзіная валюта і пытаньне эмісійнага цэнтру. Гэтую праблему ня могуць вырашыць ужо колькі гадоў, не назіраецца ніякіх зрухаў нават за апошнія паўгода, якія прайшлі з моманту падпісаньня дамовы пра адзіную валюту.

Другое – гэта мытня. Сёньня, напярэдадні сустрэчы з Лукашэнкам, Пуцін сустракаўся з кіраўніцтвам ураду і менавіта на гэтай нарадзе Пуцін з Касьянавым абмяркоўвалі праблемы мытных узаемаадносінаў Беларусі й Расеі. Некалькі тыдняў таму Расея, фактычна, ўвяла мытную мяжу з Беларусьсю, таму што зараз усе беларускія тавары, якія вязуцца ў Расею з Беларусі, мусяць быць задэкляраваныя, нават калі гэта тавары беларускай вытворчасьці, негаворачы ўжо пра тавары з Польшчы, Нямеччыны ці ЗША. Гэта стварае шмат цяжкасьцяў, але зразумела, што Пуцін і Лукашэнка, калі яны не змаглі вырашыць гэтую праблему на працягу доўгага часу, то яны ня могуць яе вырашыць і за гадзіну сустрэчы ў Маскве”.

(Дракахруст: ) “З таго, што сказаў Віктар, вынікае, што гадавіна стварэньня саюзу адзначаная ня столькі нейкімі зьдзяйсьненьнямі, колькі абвастрэньнем супярэчнасьцяў паміж дзьвюма краінамі. Ці так гэта? Уладзімер, як Вы мяркуеце?”

(Глод: ) “Я хацеў бы прыгадаць, як глядзелі на інтэграцыю пяць гадоў таму, паколькі нам прапануюць сьвяткаваць гэтую справу. Ельцын глядзеў на гэта як чалавек, які хацеў проста чалавечай дружбы паміж расейцамі і беларусамі, так, як мог уяўляць сабе гэта былы партыйны супрацоўнік з пэўным “комплексам Віскулей”. Ягоная каманда ў гэты час дзяліла ўласнасьць у Расеі, і гэтая інтэграцыя, саюз Беларусі й Расеі быў для іх цудоўнаю “дымаваю заслонаю”. Лукашэнка хацеў бачыць сябе на чале гэтага палітычнага і эканамічнага саюзу.

А што зараз? Мне здаецца, што Пуцін глядзіць на гэта зусім інакш, чым Ельцын. Ён хоча нейкіх прагматычных вынікаў ад гэтага саюзу. Каманда Пуціна, як і раней каманда Ельцына, мала займаецца справамі саюзу, паколькі ў Расеі і сваіх справаў хапае. Лукашэнка, на мой погляд, як і раней, хацеў бы быць кіраўніком палітычнага і эканамічнага саюзу, але ён ужо разумее, што гэтая мара ўжо незьдзяйсьняльная. Таму роля “лякаматыву” інтэграцыі, якая раней належала Беларусі, зараз перайшла да Расеі. Ініцыятыва зараз у руках Масквы”.

(Дракахруст: ) “Зараз і ў Расеі, і ў Беларусі шэраг палітыкаў заяўляе, што інтэграцыя дайшла да такой мяжы, што для таго, каб зрабіць наступныя крокі, неабходна ўносіць зьмены ў Канстытуцыі абедзьвюх краінаў. Гэта, у прыватнасьці, зьвязана з пытаньнем эмісійнага цэнтру. Другі момант – дастаткова сумніўная легітымнасьць гэтага саюзу, што даволі яскрава праявілася ў “справе Барадзіна”. Я прыгадаю, што ЗША некалькі разоў дэкляравалі сваю пазыцыю наступным чынам: яны ў прынцыпе ня супраць беларуска-расейскай інтэграцыі, але каб гэтая інтэграцыя была прызнаная, неабходна легітымным чынам выражаная воля двух народаў. Паколькі існуюць велізарныя сумненьні наконт легітымнасьці беларускай ўлады, то гэта сапраўды ёсьць праблема. Віктар, наколькі сур’ёзна вядуцца размовы ў Расеі наконт канстытуцыйных зьменаў?”

(Дзятліковіч: ) “Пакуль што гэтае пытаньне нават не закранаецца. Сапраўды, некаторыя палітыкі гавораць пра тое, што трэба ўносіць некаторыя зьмены ў Канстытуцыю, але ўсур’ёз гэта ніхто не абмяркоўвае, хаця ўсе згаджаюцца, што калі будзе ўведзеная адзіная валюта, то Канстытуцыі трэба будзе мяняць. Я днямі размаўляў з беларускім амбасадарам ў Расеі сп-ром Грыгор’евым, і ён сказаў, што бязь зьменаў у Канстытуцыі ўвядзеньне адзінай валюты немагчымае. Ён лічыць, што ўжо зараз трэба рыхтаваць нейкае канстытуцыйнае пагадненьне, якім трэба было ўнесьці зьмены адразу і ў расейскую, і ў беларускую Канстытуцыі. Але я мяркую, што яшчэ некалькі гадоў будуць думаць пра тое, як унесьці гэтыя зьмены. Але тое, што зьмены будуць уносіцца, – гэта бясспрэчна”.

(Дракахруст: ) “Я хачу прыгадаць, што магчымасьць і, нава, неабходнасьць прыняцьця канстытуцыйнага акту ўтрымліваецца ў дамове пра стварэньне саюзнай дзяржавы, якую Лукашэнка і Ельцын падпісалі ў канцы 1999 году. Уладзімер, наколькі сур’ёзна ў Беларусі ідуць размовы пра канстытуцыйныя зьмены?”

(Глод: ) “Падобна на тое, што ў Менску, як і ў Маскве, сур’ёзнай працы ў гэтым накірунку не вядзецца. Два тыдні таму было пасяджэньне міжнароднай камісіі “палаты прадстаўнікоў”, і на ім прысутнічала намесьнік міністра юстыцыі Беларусі сп-ня Сяргеева. Сябры камісіі спыталі яе, ці робіць што-небудзь міністэрства юстыцыі як базавае міністэрства для распрацоўкі канстытуцыйнага акту. Яна адказала, што нічога ня ведае пра гэта. Днямі такі ж адказ на аналягічнае пытаньне дала і старшыня Цэнтарвыбаркаму сп-ня Ярмошына. Праклізнула, праўда, невялічкае паведамленьне, што быццам бы толькі ствараецца адмысловая група на чале са сп-ром Шпілеўскім, намесьнікам старшыні міжнароднай камісіі “палаты прадстаўнікоў”. Журналісты пасьля зьяўленьня гэтага паведамленьня спрабавалі нешта высьветліць у сп-ра Шпілеўскага, але ён адказваў, што праца толькі пачынаецца, і ён нічога пэўнага сказаць ня можа. Так што калі нейкая такая ініцыятыва і будзе, то ня вельмі хутка.

(Дракахруст: ) “Ёсьць пэўны сымбалізм у тым, што менавіта сёньня, калі ў Маскве сьвяткуюць гадавіну стварэньня саюзу, у Нью-Ёрку суд разглядае справу дзяржаўнага сакратара саюзу. Дарэчы, днямі Павал Барадзін у інтэрвію радыёстанцыі “Маяк” абвінаваціў у сваім цяперашнім становішчы нейкіх маскоўскіх палітыкаў. Віктар, каго ён меў на ўвазе?”

(Дзятліковіч: ) “Мне цяжка адказаць, хто б гэта мог быць. Прынамсі, тое інтэрвію, якое Вы ўзгадалі, не атрымала якога-небудзь розгаласу ў Расеі. І ўвогуле, складаецца такое ўражаньне (хаця публічна пра гэта ніхто гаварыць ня будзе), што на Барадзіне ў Расеі ўжо “паставілі крыж” калі ня ўсе, то значная большасьць палітычнай эліты. І калі ў першыя тыдні пасьля яго затрыманьня яшчэ думалі, што ўсё абыйдзецца, што правядзе ён пару дзён у турме і яго вызваляць, то зараз расейская палітычная эліта, здаецца, зьмірылася з тым, што ёй без Барадзіна давядзецца правесьці некалькі гадоў”.

(Дракахруст: ) “Падвядзем вынікі нашай дыскусіі. Сваю гадавіну беларуска-расейскі саюз сустракае з шэрагам цяжкавырашальных праблемаў. Нясумяшчальнымі застаюцца пазыцыі бакоў у пытаньні ўвядзеньня адзінай валюты. У пытаньні мытнага саюзу менавіта зараз адбылося фактычна вяртаньне да становішча, якое існавала да заключэньня саюзу – Расея аднаўляе мытную мяжу. Падаецца, што лёс саюзу крыху нагадвае лёс яго дзяржаўнага сакратара Паўла Барадзіна, справу якога якраз сёньня разглядае Нью-Ёркскі суд. Усе ўжо зьмірыліся з думкаю, што нічога добрага сп-ра Барадзіна не чакае”.
XS
SM
MD
LG