Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНСКІМ ФОРУМЕ РАЗГЛЕДЗЕЛІ ВЫНІКІ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня на форуме разглядалі вынікі мінулай выбарчай кампаніі і пэрспэктывы міжнароднага супрацоўніцтва зь Беларусьсю пасьля яе.

Ганс-Георг Вік у распаўсюджаным на Менскім форуме пісьмовым паведамленьні прызнаў, што ён паінфармаваў Дзейнага старшыню АБСЭ і ўрад Нямеччыны, што не хацеў бы выконваць свае абавязкі кіраўніка групы АБСЭ ў Беларусі больш як 4 гады, якія заканчваюцца сёлета ў сьнежні.

Адной з прычынаў такога рашэньня зьяўляецца завяршэньне пэрыяду выбарчых кампаніяў, а па-другое, дыпляматычная практыка не прадугледжвае знаходжаньне на пасадзе амбасадара больш за тры–чатыры гады.

Ганс-Геог Вік яшчэ раз абверг абвінавачаньні беларускіх уладаў у тым, што ён кіраваў палітычнай апазыцыяй ды заявіў, што ён у сваёй дзейнасьці карыстаўся і карыстаецца падтрымкай дзейнага старшыні АБСЭ. Спадар Вік паведаміў, што цяпер Эўразьвяз і БДІПЧ АБСЭ рыхтуюць канчатковае рашэньне па праектах, якія КНГ АБСЭ будзе ажыцьцяўляць у Беларусі наступныя два гады.

Выступаючы на Менскім форуме, амбасадар Вік зазначыў, што гэтыя праекты будуць зьвязаныя з падрыхтоўкай да новага выбарчага пэрыяду, і будуць накіраваныя на дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, падзел уладаў, адкрытасьць СМІ, спыненьне перасьледаваньняў палітычных апанэнтаў улады, стварэньне грамадзянскай супольнасьці. І група АБСЭ мае намер супрацоўнічаць як з палітычнымі партыямі, нядзяржаўнымі арганізацыямі, гэтак і з урадам.

Прадстаўнічы Менскі форум паслужыў нагодай і для выступленьня амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака, які абверг міт пра тое, што ЗША спрабуюць ізаляваць Беларусь, усталяваць супраць яе эканамічнае эмбарга, і што палітыка ЗША адносна Беларусі будуецца на прынцыпах халоднай вайны ды непрыняцьця пэрсаналіяў у кіраўніцтве краіны. Майкл Козак прывёў яскравыя прыклады адваротнага — тую ж амэрыканскую дапамогу Беларусі, якая з 1992 году склала больш як 600 мільёнаў даляраў.

Гаворачы пра будучыя дачыненьні ЗША і Беларусі, Майкл Козак адзначыў, што Злучаныя Штаты будуць працягваць супрацоўнічаць зь беларускім народам незалежна ад таго, як складваюцца адносіны паміж дзьвюма ўрадамі. ЗША будуць каардынаваць гэтую палітыку са сваімі партнэрамі па Эўразьвязу і АБСЭ з мэтай вызначыцца, як будаваць адносіны зь цяперашнімі беларускімі ўладамі.

Агульны падыход Эўразьвязу і ЗША, на думку спадара Козака, можа будавацца на наступных прынцыпах:

— прызнаньня, што мінулыя выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам;

— што грамадзянская супольнасьць у Беларусі разьвіваецца, нягледзячы на дзеяньні ўладаў ды патрабуе падтрымкі ды разуменьня;

— што ізаляцыя краіны не адпавядае інтарэсам беларускага народу.

Майкл Козак заклікаў беларускія ўлады стварыць магчымасьці для палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці дзейнічаць у адпаведнасьці з эўрапейскімі нормамі; даць магчымасьць усім пунктам гледжаньня быць выказанымі ў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ і зрабіць выбарчы працэс адкрытым і празрыстым ды, нарэшце, вярнуць незалежнасьць заканадаўчай і судовай галінам улады. Пры гэтым ён зазначыў, што запэўніваньняў і жэстаў з боку беларускай улады тут недастаткова, патрэбныя рашэньні.

Эўразьвяз, як і Злучаныя Штаты, таксама выпрацоўвае сваю пазыцыю адносна дачыненьняў зь Беларусьсю пасьля выбараў. Як зазначыў уплывовы нямецкі аналітык Гайнц Цымэрман, у Бэрліне разглядаюць магчымасьць усталяваньня адносна Беларусі палітыкі, якая будзе падобная да той, якую праводзіў да краінаў савецкага блёку былы канцлер Нямеччыны Вілі Брандт.

Расея таксама павінна неўзабаве распачаць дыскусію пра будучыню сваіх адносінаў зь Беларусьсю, — лічыць прадстаўнік Інстытуту Эўропы РАН Аркадзь Мошэс.

XS
SM
MD
LG