Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ПРАПАНУЕ ЭЎРОПЕ ПАКРОКАВУЮ СТРАТЭГІЮ ВЫХАДУ КРАІНЫ З САМАІЗАЛЯЦЫІ


Уладзімер Глод, Менск

Апазыцыя акрэсьліла пяць канкрэтных крокаў вяртаньня краіны ў цывілізаваную супольнасьць. Першы — рэальны перамоўны працэс з уладай пры пасярэдніцтве КНГ АБСЭ ў Беларусі й парлямэнцкай "тройкі". Прадметам перамоваў ёсьць вядомыя чатыры ўмовы дзеля прызнаньня выбараў у Беларусі справядлівымі й дэмакратычнымі. Мэтай перамоваў на гэтым этапе ёсьць стварэньне ўмоваў для выбараў у мясцовыя саветы і ў парлямэнт у адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ.

Другі крок — наданьне ўладам і апазыцыі роўнага статусу і роўных магчымасьцяў для працы ў Парлямэнцкіх Асамблеях АБСЭ і Рады Эўропы. Апазыцыя прапануе міжнародным структурам і надалей не прызнаваць легітымнасьць так званага Нацыянальнага сходу, але пры гэтым падтрымліваць кантакты і дачыненьні зь ягонымі асобнымі прадстаўнікамі й групамі.

Трэці крок — правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у мясцовыя органы ўлады і парлямэнт; чацьверты — паўнацэнныя і поўнамасштабныя кантакты міжнароднай супольнасьці зь легітымнымі органамі самакіраваньня і парлямэнтам.

Апошні, пяты крок, — падрыхтоўка і правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў згодна са стандартамі АБСЭ.

Апазыцыя лічыць, што, калі Эўропа ўспрыме гэты плян і будзе патрабаваць ягонага выкананьня, дык Беларусь зможа інтэгравацца ў эўрапейскую палітычную, эканамічную і гуманітарную прастору.

Вось якую ацэнку пакрокавай стратэгіі дае Ўладзімер Нісьцюк, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні:

(Нісьцюк: ) "Я думаю, што гэта вельмі сур'ёзны крок з боку палітычнай апазыцыі. Мы прадэманстравалі сваё бачаньне сытуацыі й сваё бачаньне выйсьця з гэтай сытуацыі — таму што зараз усе шукаюць гэтага выйсьця. Мы прапануем яго і бачым такім чынам: калі гэта будзе падтрымана, нават ня ўсе пяць крокаў, а, прыкладам, чатыры, успрынятыя Эўропай (а мы ж іх і прапаноўваем, улічваючы думкі і ацэнкі Эўропы), то ўлада будзе ў цяжкім становішчы. Ей прыдзецца ці сказаць "не", ці трэба будзе прызнаваць".

Прэзэнтацыя пакрокавай стратэгіі адбудзецца 20 лістапада ў Вільні. Менавіта ў гэты дзень Палітычны камітэт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы будзе разглядаць беларускае пытаньне. Ад палітычнай апазыцыі вырашылі накіраваць у Вільню Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна і Станіслава Шушкевіча.

XS
SM
MD
LG