Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРХОЎНЫ СУД АДМОВІЎ УЛАДЗІМЕРУ ГАНЧАРЫКУ Ў ЗАВЯДЗЕНЬНІ СПРАВЫ АБ ПАРУШЭНЬНЯХ ПАДЧАС ВЫБАРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў штабе кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка атрымалі адказ на скаргу ў Вярхоўны Суд, якую падалі тыдзень таму. На 92 старонках скаргі Ўладзімер Ганчарык прыводзіў прыклады парушэньняў падчас выбараў, дамагаўся адмены вынікаў выбараў ды пакараньня вінаватых.

Цяпер стала вядома, што Вярхоўны Суд не зьбіраецца рэагаваць на гэтую скаргу і распачынаць крымінальную справу. Адпаведнае рашэньне прыняла судзьдзя Вярхоўнага Суду Ларыса Філіманіхіна. У ейным лісьце паведамляецца: "Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы адмовіць, паколькі скарга ня можа быць разгледжаная ў судзе з прычыны яе непадведамнасьці".

Раней судзьдзя прызнала, што ў Ганчарыка як кандыдата на прэзыдэнта ёсьць права абскарджваць рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі, але аказваецца, што гэтае права тычыцца толькі рашэньня аб непрызнаньні выбараў сапраўднымі, а "такога рашэньня Цэнтральная камісія не прымала", — канстатуе судзьдзя Філіманіхіна.

Уладзімер Ганчарык, даведаўшыся пра такое рашэньне, сказаў, што і не чакаў нічога іншага. Але яго зьдзівіла цьмянасьць тлумачэньняў судзьдзі.

(Ганчарык: ) "Гэта нейкі фармальны адказ, ня больш за тое. У ім адно супярэчыць другому. Цэнтарвыбаркам можа прызнаць выбары незаконнымі, і я паводле закону магу іх апратэставаць. А потым пішуць, што ўжо не магу. Вось і зразумей нешта. Гэта дакладна нейкі вар'яцкі дом, няма чаго і камэнтаваць", — сказаў Радыё Свабода Ўладзімер Ганчарык.

Уладзімер Ганчарык мяркуе, што гэтае рашэньне супярэчыць закону і яго варта абскардзіць. Але як гэта будзе зроблена — вырашаць юрысты.


XS
SM
MD
LG