Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У САЛІГОРСКУ КІРАЎНІКА ПРАФСАЮЗУ АДУКАЦЫІ СУДЗЯЦЬ ЗА ЎДЗЕЛ У ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ ГАНЧАРЫКА


Міхал Стэльмак, Менск

Да справы Аляксандра Талпекі спрычыніліся падзеі 31 жніўня. У той дзень лідэр Салігорскага прафсаюзу адукацыі сустрэўся зь мясцовымі настаўнікамі:

(Талпека: ) "Мяне абвінавачваюць у тым, што я ў кабінэце загадчыцы аддзелу адукацыі распаўсюджваў друкаваныя выданьні ў падтрымку Ганчарыка. Тым самым я нібыта парушыў Выбарчы кодэкс. Намесьніца старшыні гарвыканкаму Галіна Пятрашка склала пратакол, што я распаўсюджваў друкаваныя ананімныя агітматэрыялы".

На абарону спадара Талпекі пастаў рэспубліканскі камітэт прафсаюзу адукацыі. Гаворыць намесьніца старшыні гэтага камітэту Алена Морава:

(Морава: ) "Каб ён быў чалавекам ад улады, дык гэтага б не атрымалася. А ён чалавек, які там вельмі прынцыпова ставіць пытаньні. Там становішча ў настаўнікаў асабліва цяжкае, бо горад гэты вельмі "дарагі", і за грошы, што яны атрымліваюць у школе, не пражыць. З той прычыны, што ён актыўны, таму, мусіць, і пытаньне такое ўзьнікла, бо такія ўлёткі былі па ўсёй рэспубліцы".

Паводле словаў Аляксандра Талпекі, салігорскія ўлады перасьледуюць яго з 1995 году, калі ён узначаліў масавы страйк мясцовых настаўнікаў. У траўні 1995-га салігорскія пэдагогі 11 дзён пратэставалі супраць парушэньня сваіх працоўных правоў. Той страйк выклікаў моцнае раздражненьне Аляксандра Лукашэнкі, наступствам чаго стаў перасьлед актыўных удзельнікаў пратэсту.

Зараз гісторыя паўтараецца — у новым навучальным годзе прафсаюзнага лідэра ўлады пазбавілі магчымасьці выкладаць у Салігорску.

(Талпека: ) "У мяне забралі ўсе гадзіны як сумяшчальніка ва ўстановах адукацыі гораду. Я сам географ па адукацыі, але ні на станцыі юных турыстаў, ні ў іншых месцах я зараз ня маю магчымасьці працаваць як пэдагог. Я ж выкладаў у школе з 1986 году. Геаграфію выкладаў увесь час", — паведаміў прафсаюзны лідэр.

Мяркуюць, што вынік разгляду справы Аляксандра Талпекі Салігорскі суд абвесьціць на наступным тыдні.


XS
SM
MD
LG