Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСОЛ ДЖОЗЭФ ПРЭСЭЛ: АПОШНІЯ ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ – ПАДРОБКА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Шаноўны спадар пасол, пасьля заявы прэзыдэнта Буша адносна беларускіх выбараў стала зразумела, што ЗША маюць адназначную і цьвёрдую пазыцыю – апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ня могуць быць прызнаныя за свабодныя і справядлівыя. Што Вы можаце дадаць тут?”

(Прэсэл: ) “Абсалютна зразумела, і пацьверджаньнем гэтаму – заява нашага прэзыдэнта і некаторых іншых амэрыканскіх палітыкаў: паводле нашага меркаваньня, апошнія выбары ў Беларусі – падробка”

(Карэспандэнт: ) “Ці гэта азначае, што стаўленьне ЗША да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі адрозьніваецца ад стаўленьня заходне-эўрапейскіх краінаў-удзельніцаў АБСЭ?”

(Прэсэл: ) “Я думаю, што мы проста больш рашуча асуджаем несправядлівасьць беларускіх выбараў, чым некаторыя краіны Заходняй Эўропы”.

(Карэспандэнт: ) “Калі перайсьці да практычных захадаў – чаго Беларусі варта чакаць у міждзяржаўных стасунках са Злучанымі Штатамі? Ці будуць з боку ЗША ўжытыя нейкія больш жорсткія захады ў параўнаньні з 1996 годам?”

(Прэсэл: ) “Ведаеце, што нас найбольш засмучае – гэта нават ня тое, што выбары былі несвабодныя і несправядлівыя. Хаця гэта таксама вельмі кепска. Нас засмучае тое, што за гэтыя гады Беларусь зусім не прасунулася ў кірунку выбарчых стандартаў цывілізаванага сьвету. Беларусь, хутчэй, зрабіла крок у адваротным кірунку. Беларусь ізалявала сябе амаль цалкам ад іншых эўрапейскіх краінаў, геаграфічна будучы часткай эўрапейскага кантынэнту. Вакол Беларусі – дэмакратычныя краіны, і яна зьяўляецца адзінай краінай такога кшталту ў АБСЭ. На жаль, мы ня можам зрабіць нашмат болей, чым працягваць палітычную ізаляцыю Беларусі, што мы і робім зараз. Мы хочам, каб Беларусь дакладна зразумела, што мы і надалей будзем працягваць палітычную ізаляцыю. Адначасова мы хочам сказаць, і гэта вельмі істотна, – мы НЯ сварымся зь беларускім народам. Мы прымаем тое, што, калі б у Беларусі былі свабодныя і справядлівыя выбары, беларусы маглі б прагаласаваць гэтаксама. Гэта – нашая пасьлядоўная пазыцыя. Справа менавіта ў справядлівасьці выбараў. Рабіць якія-небудзь асаблівыя захады вельмі цяжка. Лепшае, што мы можам зрабіць – гэта настойваць на сваёй пазыцыі адносна выбараў. Беларусы павінны ведаць, што рух іх краіны насустрач агульнапрынятым стандартам дэмакратычных паводзінаў будзе належным чынам успрыняты Захадам”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ня думаеце Вы, што больш жорсткая пазыцыя ЗША і эўрапейскіх краінаў у справе выбараў упіхне Беларусь у Расейскую Фэдэрацыю?”

(Прэсэл: ) “Я ня думаю, што гэта будзе вялікім аргумэнтам. Рашэньні, якія кожная краіна прымае адносна палітычнага збліжэньня, дазваляюцца ў межах АБСЭ. Галоўнае, каб гэта рабілася са згоды грамадзянаў гэтай краіны. Я не лічу, што нашае стаўленьне да выбараў паспрыяе ўваходу Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю. Аднак, так ці інакш, гэта павінныя вырашаць самі Беларусь і Расея. Ні ЗША, ні іншыя краіны ня могуць сказаць беларускаму ўраду, што ён павінен рабіць, а што – не. Можа, гэта і падштурхне Лукашэнку на нейкае збліжэньне з Масквой, але, на маю думку, яшчэ трэба запытаць у Масквы, ці хочуць там, каб Беларусь стала часткай Расейскай Фэдэрацыі”.

XS
SM
MD
LG