Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАКУРОРЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ІГНАРУЮЦЬ ФАКТЫ ПАРУШЭНЬНЯ ЗАКАНАДАЎСТВА


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Рэгістраваць парушэньні назіральнікі пачалі яшчэ падчас датэрміновага галасаваньня. Яны тычыліся выпадкаў, калі выбарцам дазвалялі галасаваць за іншых, калі ў арганізацыю выбараў умешваліся адміністрацыі прадпрыемстваў, калі ўтойвалася інфармацыя пра датэрміновае галасаваньне.

Пра ўсе гэтыя ды іншыя парушэньні назіральнікі апэратыўна інфармавалі раённыя ды гарадзкія пракуратуры з надзеяй на рэагаваньне. Што з гэтага атрымлівалася, распавядае юрыст Леанід Судаленка:

(Судаленка: ) "Пракуратуры бязьдзейнічалі. У найлепшым выпадку яны накіроўвалі адпіскі назіральнікам пра тое, што іхныя заявы пераадрасаваныя тэрытарыяльным камісіям — тым, дзе і выявілі парушэньні выбарчага заканадаўства".

Без належнага рэагаваньня заставаліся нават такія факты як запаўненьне выніковых пратаколаў галасаваньня яшчэ 8 верасьня. Прынамсі, пра гэта паведамлялі ў Рэчыцкую міжраённую пракуратуру з 4-га ўчастку назіральнікі Аляксандар Зайцаў і Ўладзімер Пуціцкі. Пракурор Віктар Будкоў адказаў на гэта, што сакратарка ўчастковай камісіі №4 спадарыня Байдак ня думала пра фальсыфікацыю, а нібыта толькі вучылася афармляць арыгінал пратаколу.

Паказальнай была і рэакцыя абласной пракуратуры на заяву аб'яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы" пра незаконнае адхіленьне 9 верасьня ад назіраньня за выбарамі дзясяткаў актывістаў у Ельску, Лельчыцах, Рагачове, Гомелі. Зроблена гэта было на распараджэньне намесьніка старшыні абласной камісіі Аляксандра Усава. Апошні беспадстаўна патрабаваў ад назіральнікаў не прадугледжаныя статутам пасьведчаньні сяброў "Грамадзянскіх ініцыятываў", а таксама пратаколы, а ня выпіскі зь іх пра накіраваньне назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.

На такое самаўпраўства пракурор аддзелу агульнага нагляду Віктар Марозаў проста пераадрасаваў заяву ў абласную камісію. Па-сутнасьці, таму ж спадару Усаву.

Рэспубліканская пракуратура наогул не палічыла патрэбным да сёньняшняга дня адказаць на заяву. Старшыня аб'яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы" Віктар Карніенка распавёў нашаму радыё:

(Карніенка: ) "Я думаю, што пракуратура — адзін з дастаткова эфэктыўных ланцугоў усёй гэтай сыстэмы, якая агулам і рабіла самыя брудныя, як сказала Ярмошына, выбары. Безумоўна, я не магу сьцьвярджаць на ўсе сто адсоткаў, але і замена генэральнага пракурора незадоўга да выбарчай кампаніі таксама можа сьведчыць пра падрыхтоўку "изящной" перамогі Лукашэнкі".
XS
SM
MD
LG