Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ НЯМЕЦКІХ АНАЛІТЫКАЎ, ЭЎРОПА ВЫЗНАЧЫЦЦА Ў СТАЎЛЕНЬНІ ДА ЛУКАШЭНКІ ПАСЬЛЯ ІНАЎГУРАЦЫІ


Алена Панкратава, Менск

Мяркуючы па тэкстах заяваў і інтэрвію заходніх палітыкаў адносна пэрспэктываў эўрапейска-беларускіх стасункаў, пазыцыя Эўропы да Беларусі канчаткова яшчэ не акрэсьленая, — лічаць палітолягі з Мангайму.

Нямецкія палітычныя колы цалкам далучаюцца да апошняй Заявы Эўразьвязу адносна выбараў у Беларусі, аднак і саму эўразьвязаўскую заяву можна трактаваць досыць шырока. З аднаго боку, Эўропа крытыкуе беларускія ўлады ў зьвязку з тым, што "тыя ня выкарысталі магчымасьцяў, каб павесьці краіну шляхам дэмакратыі"; зь іншага боку, Захад выказвае надзею, што "Беларусь выбера іншы, больш дэмакратычны шлях разьвіцьця".

Бэрлінскія назіральнікі выказваюць меркаваньне, што канчатковае рашэньне Захад прыме пасьля інаўгурацыі, калі зьявіцца новы прэм'ер і будуць падзеленыя іншыя ключавыя пасады ў беларускай уладзе.

Доктар гісторыі з унівэрсытэту ў Канстанцы Райнэр Лінднэр, які разам са сваім калегам з Тубінгенскага ўнівэрсытэту атрымаў замову на стварэньне новага даведніка пра Беларусь (само па сабе гэта ёсьць сьведчаньнем новай хвалі цікавасьці Нямеччыны да Беларусі) лічыць:

(Лінднэр: ) "Мы зыходзім з таго, што павінны будзем выпрацоўваць канцэпцыю ў зьвязку зь легітымнасьцю новага беларускага прэзыдэнта. Жэстаў беларускага лідэра ў 1990-я ў дачыненьні да заходніх дыпляматаў Захад не дараваў бы, калі б меў справы зь легітымным прэзыдэнтам.

Думаю, Эўропа будзе мець справу, скажам так, з эўрапейскім прэзыдэнтам, толькі ў тым выпадку, калі гэтая асоба будзе ведаць пра галоўныя прынцыпы палітычнага жыцьця".

Паводле Райнэра Лінднэра, супрацоўніцтва зь Беларусьсю на афіцыйным узроўні патрэбнае дзеля беларускага народу — як эканамічна, так і палітычна.

Калегі доктара Лінднэра з Мангаймскага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх палітычных дасьледаваньняў згодныя з гэтай тэзай. Паводле іхных словаў, "ізаляцыя Беларусі пакуль што не прынесла ніякай карысьці яе народу". Але ці не пасьпешлівыя надзеі эўрапейскіх палітыкаў на тое, што надайлей Беларусь будзе разьвівацца ў кірунку захаваньня правоў чалавека? Ці не прывядзе жаданьне супрацоўнічаць зь Менскам на афіцыйным узроўні да спыненьня тых дэмакратычных працэсаў у Беларусі, якія прадэманстравала грамадзтва апошнім часам? Падобнае пытаньне застаецца пакуль адкрытым, — лічаць вядучыя нямецкія палітолягі.

XS
SM
MD
LG