Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БАРУЙСКУ НЕВЯДОМЫЯ НАПАЛІ НА НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ, КАЛІ ТЫЯ АПЫТВАЛІ ВЫБАРШЧЫКАЎ СВАЙГО ЎЧАСТКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Зьміцер Барышнікаў і Алег Буцанец на прэзыдэнцкіх выбарах былі назіральнікамі — першы ад Беларускага клюбу выбарцаў, а другі — ад праваабарончага цэнтру "Вясна".

Учора яны абходзілі кватэры ў Першамайскім раёне Бабруйску і апытвалі жыхароў, якія 9 верасьня галасавалі на выбарчым участку №79. Вынікі апытаньня пра тое, хто і за каго аддаў свой голас, яны зьмясьцілі ў адмысловую тэчку. Але прыблізна а 20-й гадзіне іхнае дасьледаваньне спынілі. Вось што распавёў Зьміцер Барышнікаў:

(Барышнікаў: ) "І тут да нас падышлі тры мужчыны. Па іхным моцным целаскладзе ды па іхных паводзінах можна меркаваць, што гэта былі супрацоўнікі структураў. Калі я быў назіральнікам, я бачыў, як старэйшы зь іх заходзіў у кабінэт старшыні камісіі. Ён мяне таксама бачыў ды ведаў у твар.

Ён закрычэў: "Ага, вы зноў тут!" і выхапіў у мяне з рук гэтую тэчку. Ён спрабаваў схапіць Алега, нанес яму ўдар каленам у жывот. Яны вывялі нас з дому, і той, хто са мной размаўляў, гэтак моцна штурхнуў мяне ў грудзі, я ўдарыўся сьпіной аб сьцяну..."

Паводле тлумачэньня Зьмітра Барышнікава, невядомыя мелі на мэце перашкодзіць высьвятленьню і абнародаваньню сапраўдных вынікаў галасаваньня на гэтым участку ў Бабруйску. Рэч у тым, што назіральнікаў зьдзівілі афіцыйныя вынікі галасаваньня. Зьміцер Барышнікаў працягвае:

(Барышнікаў: ) "Адметнага было шмат чаго. Там вынікі па ўчастках вельмі адрозьніваліся ад папярэдняга сацыялягічнага апытаньня, якое мы рабілі за некалькі дзён да выбараў. Па нашых зьвестках, па гэтым канкрэтным участку колькасьць прыхільнікаў дзейнага прэзыдэнта і колькасьць прыхільнікаў адзінага кандыдата былі прыкладна роўныя — адсоткаў 30 за Лукашэнку і адсоткаў 25 за адзінага кандыдата. Вельмі шмат перад выбарамі было людзей, якія ня вызначыліся".

(Карэспандэнт: ) "А як прагаласавалі на гэтым ўчастку 9 верасьня?"

(Барышнікаў: ) "А вось 9 верасьня вельмі цікавыя былі лічбы. Агульная колькасьць людзей на ўчастку 2590, на ўчастак прыйшлі роўна 2500 чалавек. За Ганчарыка 321 чалавек прагаласаваў, а каля 80% аддалі галасы Лукашэнку. І што цікава — супраць усіх не прагаласаваў ніхто. А мы калі пасьля выбараў апытвалі людзей па кватэрах, 5 чалавек паведамілі, што яны галасавалі супраць усіх. І ў той тэчцы тыя лічбы былі".

XS
SM
MD
LG