Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ПРАЗ 20 ГОД БЕЛАРУСІ Ў ЭЎРОПЕ МОЖА НЕ ЗНАЙСЬЦІСЯ МЕСЦА…”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага.

Інтэрвію Gazecie Wyborczej Марк Карп даў напярэдадні беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў. Але паколькі ўжо на самым пачатку размовы з журналістамі вядомы палітоляг спрагназаваў вельмі верагодную перамогу Лукашэнкі ўжо ў першым туры, то гаворка перайшла ў рэчышча аналізу сытуацыі, якая ў гэтым выпадку складзецца ў Беларусі. Дык вось, на пытаньне, што далей чакае Беларусь, вядомы польскі адмысловец адказаў настуанае:

“Лічу, што будзе адбывацца паступовае стварэньне новага грамадзтва. Вельмі верагодна, што яно паўстане менавіта вакол намэнклятуры. Але пакуль яна ня сыйдзе да людзей, пакуль не далучыцца да правілаў дэмакратыі, застанецца прыдворнай алігархіяй. Вельмі спадзяюся на няўрадавы сэктар. Шмат маладых людзй апошнім часам навучыліся жыць побач зь дзяржавай. Лукашэнка зьнішчыў фундацыю Сораса, але гэты тэрор быў выбарачным. Пазаўрадавыя арганізацыі адмыслова не змагаюцца зь беларускай дзяржавай, але ствараюць вакол яе новую тканку. Гэта дае добры шанец на будучыню”.

Спадар Крап лічыць, што папулярнасьць Лукашэнкі трымаецца на тым, што ён нібыта гарантуе стабільнасьць, якая ў пэўнай ступені была ўласьцівая былому Савецкаму Саюзу. Бо калі дзяржава забясьпечвае пастаўкі газу, электрычнасьці, камунікацыяў на мінімальным узроўні, гэта ўжо не найгорш. Калі б людзі зьвярталі ўвагу на іншыя эканамічныя паказьнікі, ён даўно б страціў падтрымку.

У гэтым зьвязе журналісты зазначылі, што ў пэўны момант Беларусі забракуе грошай на выплату нават мінімальных заробкаў і пэнсіяў. Карп адказаў, што, паводле ягонага меркаваньня, ужо не хапае. Але Лукашэнка яшчэ не адчувае, што ягоны рэжым ужо згарэў. Да таго, Лукашэнка вельмі напужаны лёсам Піначэта і Мілашавіча, таму яшэ больш сутаргава будзе трымацца ўлады.

Марк Карп будучыню Беларусі зьвязвае з моладзьдзю, якая, зь ягонага гледзішча, прынцыпова розьніцца ад пакаленьняў, выхаваных у СССР. Яна ведае нармалёвы сьвет, наступныя пакаленьні стануць той сілай, якая падштурхне Беларусь наперад.

Але што адбудзецца за гэты час зь беларускай культурай і мовай, ці ёсьць шанец стрымаць галяпуючую русыфікацыю? – запыталіся журналісты ў палітоляга. І ён адказаў, што на гэты момант – ужо не. Калі б першым прэзыдэнтам стаў Зянон Пазьняк, і ён меў бы грошы на школьніцтва, магчыма, і ўдалося б стрымаць русыфікацыю. Але і то толькі ў тым выпадку, калі б Пазьняк прымусіў людзей вывучаць беларускую мову, так як Сталін прымусіў беларускіх сялянаў, якія валодалі толькі беларускай мовай, пасылаць іх на вучобу ў рускамоўныя школы. Але цяпер ніводзін урад у Менску ня пойдзе на прымусовую беларусізацыю. Беларусам прасьцей быць у абшарах расейскай мовы, мастацкай ці тэхнічнай літаратуры, чым ствараць усё ад пачатку да канца.

Як Захад будзе паводзіць сябе ў выпадку перамогі Лукашэнкі? Марк Карп адказаў, што вельмі верагодна, што Захад не прызнае Лукашэнкі. У Беларусі ўжо не засталося нічога такога, што дазваляла б Захаду спыніць ізаляцыю. Усе большыя мэдыі кантралююцца Лукашэнкам. Выбарчае права адстае ад дэмакратычных стандартаў. Усе скаргі на фальшаваньне вынікаў Захад прыме за чыстую манэту. Калі б Лукашэнка хацеў легалізаваць свой урад на міжнароднай арэне, ён быў бы вымушаны правесьці зусім чыстыя выбары.

Значыць, Лукашэнку не патрэбнае прызнаньне Захадам? – запыталіся журналісты ў палітоляга. Вось меркаваньне Марка Карпа:

“Захад можа быць патрэбны Лукашэнку толькі як карта ў гульні супраць Расеі. Натуральна, малаверагодна, каб Лукашэнка на гэта адважыўся, але мець гэтую карту празапас было б нядрэнна. Гуляючы гэтай картай, Лукашэнка мог бы падкрэсьліваць, наколькі важная Беларусь для Расеі і такім спосабам даставаць для сябе мазут, газ і іншыя носьбіты энэргіі”.

Такім чынам, прорва паміж Беларусьсю і Польшчай пашыраецца? А, можа, Эўропа павінна не ігнараваць Лукашэнку, а пераконваць яго ў неабходнасьці мадэрнізацыі краіны? Палітоляг Марк Карп лічыць, што так, Эўропа не павінная рабіць Лукашэнку ізгоем, але Лукашэнка ніколі не змадэрнізуе Беларусь. Лукашэнка выбраў мадэль цэнтральнага плянаваньня, згодна зь якім кожнаму па лыжачцы, каб трымаць людзей жывымі. Гэта чалавек калгаснай мэнтальнасьці. Для яго гаспадарчая рэформа была б раўназначная вайне. Ён заўсёды аддасьць перавагу дрэннаму спакою, чым рызыцы, бо спакой дае надзею на зьмены. Вялікай небясьпекай ёсьць залежнасьць Менску ад Масквы, якая паглыбляецца. І вельмі верагодна, што калі дасьпеюць новыя пакаленьні, гэтай тэндэнцыі ўжо цяжка будзе пазьбегнуць.

І апошняе пытаньне журналістаў Gazecie Wyborczej да дырэктара Інстытуту Усходніх дасьледаваньняў Марка Карпа: “Ці не маглі б Эўропа і Польшча нейкім чынам паўплываць на паскарэньне зьменаў у Беларусі?

Марк Карп адказаў:

“Баюся, што не. Праз 20 гадоў беларускі народ дасьпее і будзе гатовы дайсьці да Эўропы. Але Эўропа будзе ўжо шмат далей, чым сёньня, і Беларусі ў ёй можа не знайсьціся месца, бо Буг стане такой шырокай ракой, што ніякага мосту нельга будзе збудаваць празь яго. Цывілізацыйная прорва, што вымалёўваецца сёньня ў Эўропе на стыку праваслаўя і храсьціянства лацінскага, будзе адным з найвялікшых падзелаў у ХХІ стагодзьдзі. Пакуль што ніхто ня ведае, што з гэтым рабіць”.


XS
SM
MD
LG