Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАВОДЛЕ "НЕЗАЛЕЖНАГА НАЗІРАНЬНЯ", НА НЕКАТОРЫХ УЧАСТКАХ ЯЎКА ВЫБАРЦАЎ СКЛАДАЛА БОЛЬШ ЗА 100%


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры "Незалежнага назіраньня" маюць на сёньняшні дзень інфармацыю ад сваіх актывістаў прыкладна з 60–70% выбарчых участкаў краіны. Улады стваралі назіральнікам вялікія перашкоды. Многія не пусьцілі на ўчасткі наогул, некаторым не дазволілі прысутнічаць падчас падліку галасоў, не давалі азнаёміцца са сьпісамі выбарцаў, адключылі тэлефонную сувязь у штабах незалежнага назіраньня й г.д.

Тым ня менш, назіральнікі здолелі сабраць інфармацыю пра хаду галасаваньня, парушэньні заканадаўства й вынікі выбараў. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік Беларускага клюбу выбарцаў Уладзімер Гудзееў назваў лічбы, атрыманыя пасьля апрацоўкі інфармацыі прыкладна з 45% выбарчых участкаў.

Гэтыя зьвесткі грунтуюцца на інфармацыі з выніковых пратаколаў і ня надта розьняцца ад афіцыйных — Лукашэнка атрымаў 71% галасоў, Ганчарык — 21%, Гайдукевіч — амаль 3%. Паводле Мечыслава Грыба, выбарчыя камісіі прыпісалі Аляксандру Лукашэнку каля 25% галасоў выбарцаў.

Асноўныя фальсыфікацыі адбываліся на этапе датэрміновага галасаваньня. Паводле "Незалежнага назіраньня", у датэрміновым галасаваньні бралі ўдзел 25% выбарцаў, і амаль ва ўсіх бюлетэнях стаялі пазнакі насупраць прозьвішча Лукашэнкі. На тых самых участках у асноўны дзень галасаваньня была зусім іншая карціна — Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Ганчарык атрымалі роўную колькасьць галасоў, па 42–43%.

Назіральнікам таксама ўдалося атрымаць на некаторых участках сьпісы выбарцаў. Яны параўналі іх са зьвесткамі пра яўку людзей у асноўны дзень галасаваньня — выйшла, што на гэтых участках прагаласавала больш выбарцаў, чым было ў сьпісах для галасаваньня. Так, напрыклад, на адным з гомельскіх участкаў прагаласавала ажно 103% выбарцаў!

Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Мы ня можам лічыць гэтыя выбары дэмакратычнымі. Улады цяпер маюць вялізны вопыт фальсыфікацыі вынікаў выбараў. А што да грамадзкіх арганізацыяў, яны павінны рабіць высновы — як адбылося, што адбылося, каб на наступных выбарах не нарабіць такіх памылак".

На ягоную думку, назіральнікі таксама зрабілі некаторыя памылкі. Напрыклад, ніхто не чакаў, што ўлады пачнуць адключаць у офісах "Незалежнага назіраньня" тэлефонную сувязь, некаторыя назіральнікі былі слаба падрыхтаваныя да назіраньня.

А вось меркаваньне старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяны Процькі:

(Процька: ) "Тыя лічбы, якія падалі ў афіцыйных пратаколах, не зьяўляюцца сапраўднымі. Дзяржава сарвала гэтыя выбары. Зараз можна сказаць адназначна — у гэтых выбараў няма выніку".

Прадстаўнікі "Незалежнага назіраньня" і Гельсынскага камітэту ўжо накіравалі скаргі ў Цэнтарвыбаркам і пракуратуру, а таксама паінфармавалі міжнародныя арганізацыі пра парушэньні закону. Беларускі клюб выбарцаў заклікае ўлады стварыць дзеля праверкі вынікаў галасаваньня зьмешчаную камісію, у якую б увайшлі прадстаўнікі ўладаў і грамадзкасьці.

Разам з тым "Незалежнае назіраньне" працягне збор і аналіз зьвестак, атрыманых ад сваіх актывістаў, і празь некалькі дзён назаве сапраўдныя вынікі галасаваньня.


XS
SM
MD
LG