Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВАЛЕРЫ КАРБАЛЕВІЧ: СЯРГЕЙ ГАЙДУКЕВІЧ ХОЧА КАВАЛАК АД ПІРАГА ПЕРАМОЖЦЫ


Валеры Карбалевіч, Менск

Першай нечаканасьцю было тое, што ён здолеў сабраць 100 тысячаў подпісаў, у той час як экспэрты сьцьвярджалі, што ён ня здольны гэтага зрабіць, бо ён ня мае дастатковых структураў.

У заявы Гайдукевіча пра ЛДПБ, што гэта - самая вялікая партыя, ніхто ня верыў, усе лічылі гэта мітам. Але Гайдукевіч сабраў подпісы і быў зарэгістраваны.

Адразу пачалі гаварыць, што Сяргей Гайдукевіч – гэта не самастойны палітык, што ён – частка ўладнай гульні, улады яму дапамаглі, спэцыяльна яго зарэгістравалі, каб можна было выкарыстаць. Зь яго дапамогай весьці барацьбу з Уладзімірам Ганчарыкам. Ці каб праводзіць выбары ў адзін тур, калі б Гайдукевіч зьняўся.

Хада выбарчай кампаніі гэтую вэрсію не пацьвердзілі. Сяргей Гайдукевіч вёў барацьбу на два фронты – і супраць Лукашэнкі, і супраць Ганчарыка. Прычым, галоўны ўдар быў напраўлены менавіта супраць Лукашэнкі.

Выступ Сяргея Гайдукевіча па радыё і тэлебачаньні былі антылукашэнкаўскімі, даволі жорсткімі. Сваю кампанію правёў ён да канца, хаця яна была даволі вялай.

Пасьля 9-га верасьня Сяргей Гайдукевіч зрабіў чарговы палітычны віраж. Ён у чарговы раз перастаў гуляць у апазыцыянэра і перайшоў на бок уладаў. Ён поўнасьцю прызнаў вынікі выбараў, павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай, яго не засмуціў той факт, што паводле афіцыйных дадзеных цэнтральнай выбарчай камісіі, ён атрымаў толькі 2.5 працэнта галасоў. Для іншага палітыка, які спадзяецца на палітычную пэрспэктыву, атрымаць такую маленькую лічбу – гэта вялікая ганьба. Гэта – палітычны крах.

Відавочна, што ў сапраўднасьці Гайдукевіч атрымаў болей. Паводле сацыялягічных апытаньняў яшчэ за месяц да выбараў, Гайдукевіч меў каля 5 працэнтаў. Прызнаўшы выбары, ён пагадзіўся прынізіць свой рэальны рэйтынг.

Сяргей Гайдукевіч пайшоў на відавочную фальсыфікацыю, заявіўшы, што ў выбарчых камісіях працавала 3, 4 тысячы сяброў ЛДПБ. Паколькі ўжо доўгі час гэтая партыя лічыцца апазыцыйнай, то гэта абвяргае тэзу апазыцыю, што яе прадстаўнікоў не дапусьцілі ў склад выбарчых камісіяў.

Такім чынам, Сяргей Гайдукевіч пачаў гуляць за партыю ўлады. Узьнікае пытаньне: навошта? Адказ відавочны. Каб аказацца з пераможцам. Ён, відаць, лічыць, што перамога Аляксандра Лукашэнкі – гэта ўсур’ёз і надоўга, што Лукашэнка ўзмацніў свае пазыцыі. Гайдукевіч хоча нешта атрымаць ад пірага пераможцы.

Трэба нагадаць, што Сяргей Гайдукевіч зараз дакладна паўтарыў сваю тактыку 1994 году. Тады пад час выбараў Сяргей Васільевіч актыўна працаваў у камандзе Вячаслава Кебіча, заклікаў Аляксандра Лукашэнку зьняць кандыдатуру на карысьць тагачаснага прэм’ера. Але пасьля перамогі Лукашэнкі Гайдукевіч пачаў прасіцца ў каманду новага прэзыдэнта.

Спрабаваў гэта зрабіць рознымі спосабамі, ачоліць прапрэзыдэнцкую партыю “Ачышчэньне”. Але яго туды не ўзялі, не пусьцілі. Адзін з тагачасных кіраўнікоў Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута нават заявіў, што Сяргей Гайдукевіч ніколі, ні пры якіх абставінах ня будзе працаваць ва ўладных структурах. Зараз гісторыя паўтараецца. Магчыма, на гэты раз ягоная ўладная кар’ера будзе больш удалай”.
XS
SM
MD
LG