Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭГІЯНАЛЬНЫМ АРГАНІЗАЦЫЯМ НЕ ВЯРТАЮЦЬ КАНФІСКАВАНЫЯ НОСЬБІТЫ ІНФАРМАЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Натальлю Брэль выпусьцілі з-за кратаў пад падпіску пра нявыезд. Нават на сустрэчу са сваім гомельскім адвакатам яна павінна прасіць дазволу ў сьледчага. Спадарыня Брэль паведаміла сёньня нашаму радыё, што пасьля арышту яна ня можа ўладкавацца на працу.

Дазнаўшыся, што Натальля як сяброўка Аб'яднанай грамадзянскай партыі разам з маладымі рэчычанамі перадавала Лукашэнку гумарыстычныя падарункі, і што за гэта на яе распачалі крымінальную справу, дырэктарка сярэдняй школы №10 абласнога цэнтру Ніна Гушаль катэгарычна адмовілася ўзяць спадарыню Брэль выкладчыцай гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін.

Ня можа Натальля Брэль працягваць і сваю навуковую працу, зьвязаную з вывучэньнем усходняй палітыкі слыннага князя Вялікага Княства Літоўскага Альгерда. Уся гістарычная літаратура пра ягоную дзейнасьць знаходзіцца ў Польшчы й Літве, куды Натальля Брэль выехаць ня можа.

Пакуль невядома, што сталася з кампутарнай тэхнікай абласнога грамадзкага аб'яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы" і моладзевага цэнтру "Гарт". За тры тыдні да выбараў прэзыдэнта абласная ўправа КГБ правяла ператрусы ў згаданых грамадзкіх арганізацыях і сканфіскавала ўсю кампутарную тэхніку. Выбары скончыліся, але тэхніку грамадзкім арганізацыям ніхто не вяртае.

Гэта тым больш незразумела, паколькі афіцыйнай падставай для ператрусу былі зусім не кампутары, а ўзбуджаная КГБ крымінальная справа пра зьяўленьне ў горадзе графіці антыўрадавага зьместу.

Кіраўнік абласнога аб'яднаньня "Грамадзянскіх ініцыятываў" Віктар Карніенка распавёў нашаму радыё:

(Карніенка: ) "Зараз зьбіраемся зьвярнуцца ў пракуратуру і ў суд па факту незаконных дзеяньняў супрацоўнікаў КГБ".

Ён перакананы, што канфіскацыя кампутарнай тэхнікі зьвязаная са спробай спаралізаваць дзейнасьць дэмакратычных арганізацыяў у пэрыяд выбарчай кампаніі.

XS
SM
MD
LG