Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

60 НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ З РАСЕІ НАЗВАЛІ ВЫБАРЫ НЕСУМЛЕННЫМІ І НЕАБ’ЕКТЫЎНЫМІ


Міхал Стэльмак, Менск

На думку расейскіх назіральнікаў, беларусы жывуць у аўтарытарнай дзяржаве паліцэйскага тыпу. Дэпутат Дзяржаўнай думы ад саюзу правых сілаў Вадзім Бондар назіраў за выбарамі ў Лідзкім, Шчучынскім, Мастоўскім і Гарадзенскім раёнах. Тут расейскі парлямэнтар пабачыў, што ў выбарчай кампаніі ўдзельнічалі беларускія спэцслужбы:

(Бондар: ) "Гісторыя з гарадзенскім КГБ — у суботу ўвечары быў ператрус у памяшканьні, дзе месьціўся штаб альтэрнатыўнага падліку галасоў. Так атрымалася, што я выпадкова прысутнічаў падчас гэтага ператрусу. Гэта было аб 11-й гадзіне вечара, а ператрус скончыўся а 2-й гадзіне начы. Нічога не знайшлі — магчыма, гэта правакацыя, але вось факт.

Усіх па гэтай справе на наступны дзень (гэта значыцца, у дзень выбараў, у нядзелю) прымусова даставілі на допыт. Таму няма падставаў казаць пра сумленныя выбары ў краіне, дзе людзей забіраюць у КГБ, дзе назіральнікаў здымаюць з участкаў, дзе адключаюць Інтэрнэт".

На Гарадзеншчыне назіраў за выбарамі і расейскі адвакат Аляксей Каралёў:

(Каралёў: ) "Няма свабоды выбару, альбо гэты выбар зьвязаны з сур'ёзнымі наступствамі для тых, хто гэты выбар робіць "неафіцыйна" і "няправільна". Агульнае ўражаньне: пераехаць жыць у Беларусь я б не хацеў. Няма свабоды слова. І самае галоўнае: перасьледуюць іншадумцаў".

Марк Гольдман узначальвае ў Ліпецку Цэнтар правоў чалавека. Ён назіраў за выбарамі ў Берасьці:

(Гольдман: ) "Дванаццаць гадоў я бяру ўдзел у выбарчых кампаніях, але такой аднабаковай агітацыі, якую я бачыў у Берасьці, я ніколі ня бачыў. Усё запаланіў Лукашэнка — і тэлеэфір, і ўлёткі ў ягоную падтрымку. І пра што мы яшчэ са зьдзіўленьнем даведаліся — дык гэта тое, што ў Лукашэнкі ў Берасьці не было штабу. А мы так хацелі пагутарыць зь ягонымі людзьмі, пацікавіцца гэтымі асобамі. Але потым мы зразумелі: а навошта Лукашэнку штаб, калі ўся ўлада, усе выбарчыя камісіі працуюць на яго", — паведаміў Марк Гольдман.


XS
SM
MD
LG