Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРАНАВІЦКІМ РАЁНЕ ЗАФІКСАВАНЫЯ ШМАТЛІКІЯ ПАРУШЭНЬНІ


Алесь Горбач, Баранавічы

Адразу трэба зазначыць, што акты пра парушэньні выбарчага заканадаўства многія камісіі адмаўляліся прымаць і рэгістраваць. Увогуле да назіральнікаў, як сьведчаць яны самі, камісіі ставіліся даволі сурова і перадузята.

Прыкладам, Івана Санька, назіральніка ад "Вясны", выставілі з участку №10 толькі за тое, што ён падняўся зь месца і нават не пасьпеў зрабіць ніводнага кроку.

Падчас падліку галасоў амаль на ўсіх участках назіральнікаў і блізка не пускалі да месца, дзе лічылі бюлетэні. Там, дзе такія вольнасьці ўсё ж дазваляліся, было не аднойчы заўважана, як сябры выбарчых камісіяў бюлетэні Ганчарыка перакладалі, не саромеючыся, у стос бюлетэняў за Лукашэнку.

На ўчастку №6 пасьля заканчэньня галасаваньня высьветлілася, што невядома куды зьнікла ажно 100 нявыкарыстаных бюлетэняў. Гэта зафіксавалі й міжнародныя назіральнікі ад АБСЭ. Аднак пасьля кароткага разьбіральніцтва гэты інцыдэнт назвалі "тэхнічнай недапрацоўкай".

Копіі выніковых пратаколаў старшыні ўчастковых камісіяў адмаўляліся паказваць назіральнікам. Гэтак жа зрабіў і старшыня гарадзкой выбарчай камісіі Міхаіл Якшук. Намесьнік пракурора Баранавічаў Міхаіл Квашнін сышоў з гарадзкой камісіі дахаты яшчэ а 6-й гадзіне вечара, а таму апэляваць назіральнікам не было да каго.


XS
SM
MD
LG