Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАНІТОРЫНГ БЕЛАРУСКІХ МЭДЫЯЎ: ЛУКАШЭНКА ДЛЯ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ ВЫКАРЫСТОЎВАЎ РЭСУРСЫ ДЗЯРЖАВЫ


Ігар Карней, Менск

Адна са зробленых высноваў — магутнасьці й рэсурсы дзяржавы выкарыстоўваліся Аляксандрам Лукашэнкам для ўласнай перадвыбарчай кампаніі.

У часе маніторынгу экспэрты Эўрапейскага Інстытуту сродкаў масавай інфармацыі вызначалі колькасьць часу й месца, прысьвечаных кандыдатам у прэзыдэнты на дзяржаўным беларускім і трох расейскіх каналах, дзьвюх радыёстанцыях і ў дзевяці найбольш уплывовых газэтах. Папярэднія вынікі адносна дзяржаўных СМІ камэнтуе экспэрт-палітоляг унівэрсытэту ў Глазга Стэфан Уайт:

(Уайт: ) "Найперш Аляксандар Лукашэнка дамінаваў у асьвятленьні перадвыбарчай кампаніі на дзяржаўным тэлебачаньні, атрымаўшы 58% эфірнага часу. Ягоная дамінацыя ў інфармацыйных праграмах БТ яшчэ больш выразная — 84% ад прысьвечанага кандыдатам часу. Падобная ж сытуацыя і на расейскіх каналах, якія ў "прайм-тайм" глядзяць большасьць беларускіх гледачоў: ОРТ, РТР і НТВ адводзілі Лукашэнку больш за 90% часу, прысьвечанага кандыдатам. А РТР нават паказала рэклямны фільм на карысьць Лукашэнкі. Дзяржаўныя друкаваныя СМІ аднолькава тэндэнцыйна асьвятлялі кампанію Лукашэнкі: яму прысьвячалася ад 70% да 90% агульнай інфармацыі. Аналягічны малюнак можна было бачыць у Гомелі й Горадні — гэтаксама больш за 70% у падтрымку Лукашэнкі".

Троху іншая сытуацыю ў недзяржаўных мас-мэдыях. Гаворыць прафэсар Дублінскага ўнівэрсытэту Рон Хіл:

(Хіл: ) "Недзяржаўныя СМІ, адпаведна, тэндэнцыйна асьвятлялі перадвыбарчую кампанію Ганчарыка. Аднак характар інфармацыйнай кампаніі ахопліваў больш шырокі спэктар — ад адкрыта прыхільнай "Нашай Свабоды" да збалянсаванай "БДГ". Да таго ж, кампанія была пазначаная ўмяшальніцтвам уладаў і запалохваньнем незалежных СМІ. Такім чынам, стандарты, дэкляраваныя ў Канстытуцыі Беларусі і беларускім заканадаўстве, а таксама міжнародныя пагадненьні не выконваліся".

На пытаньне Радыё Свабода, чаму гэтыя дадзеныя агучваюцца не напярэдадні, а пасьля выбараў, калі яны ёсьць толькі канстатацыяй факту і наўрад ці паўплываюць на грамадзкую думку, адказала кіраўнік праектаў Інстытута СМІ ў СНД Джыліян МакКормак:

(МакКормак: ) "Справа ў тым, што гэта палітыка нашага Інстытуту: мы заўжды друкуем дадзеныя нашага маніторынгу толькі пасьля таго, як выбары адбыліся. Паколькі ў сваёй працы мы выкарыстоўваем навуковую мэтадалёгію, мы разумеем, што вынікі маніторынгу не заўсёды могуць быць канкрэтныя й дакладныя, пакуль ня скончыцца працэс маніторынгу".

Распавялі замежныя экспэрты і пра тое, што найбольш у часе камандзіроўкі ў Беларусь іх ўразіла. "Белые пятна" — сказаў Рон Хіл па-руску, адзначыўшы, што гэты неалягізм на Захадзе не перакладаецца – разам з "камсамолам", "спутнікам" і "перестройкой". Гэтаксама сталася адкрыцьцём, што кіраўніцтва друкарні паўнамоцнае ўмешвацца ў зьмест газэтаў, як апошнім часам ужо неаднойчы здаралася з "Народнай воляй".

XS
SM
MD
LG