Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНАЯ ГЕЛЬСЫНСКАЯ ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА: "ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ ПАВІННЫ БЫЦЬ ПРЫЗНАНЫЯ НЕСАПРАЎДНЫМІ"


Ягор Маёрчык, Менск

Раніцай 10 верасьня выканаўчы дырэктар Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі правоў чалавека Ааран Роўдз склікаў прэсавую канфэрэнцыю. Ён першы з эўрапейскіх міжнародных назіральнікаў заявіў журналістам, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў не павінны быць прызнаныя.

Міжнародная Гельсынская фэдэрацыя разам зь Беларускім Гельсынскім камітэтам накіравалі скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію. Паводле Аарана Роўдза, аб'ём гэтага дакумэнта — больш за 100 старонак:

(Роўдз: ) "У скарзе сьцьвярджаецца, што па-першае, сама працэдура фармаваньня выбарчых камісіяў была незаконнай; па-другое, працэдуры збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў былі сфальшаваныя. Шэраг кандыдатаў несправядліва адхілілі ад гэтага працэсу. Сама кампанія і працэс агітацыі паказалі, што ўвесь дзяржаўны апарат і дзяржаўныя мэдыі былі задзейнічаныя дзеля пераабраньня цяперашняга кіраўніка.

Наша арганізацыя і Беларускі Гельсынскі камітэт заклапочаныя тым, што ў выніку масаванай прапаганды, цэнзуры і перасьледу незалежных СМІ, а таксама ўмяшальніцтва ўлады ў кампанію апазыцыйных кандыдатаў выбарцы не атрымалі дакладнага ўяўленьня пра варыянты выбару".

Выканаўчы дырэктар Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі Ааран Роўдз параўноўвае выбары ў Беларусі з выбарамі ў Савецкім Саюзе:

(Роўдз: ) "Калі казаць пра тэхнічны бок выбараў, то тут сытуацыя нагадвае Савецкі Саюз. Не было магчыма назіраць за хадой перадвыбарчага галасаваньня. Нашыя арганізацыі атрымалі інфармацыю пра ўскрыцьцё скрыняў для галасаваньня і замену бюлетэняў. Усе гэтыя парушэньні былі дапушчаныя адміністрацымі выбарчых участкаў".

З заявы вынікае, што ў выпадку адхіленьня Цэнтральнай выбарчай камісіяй скаргі Беларускага Гельсынскага камітэту і Міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі правоў чалавека, рашэньне ЦВК яны зьбіраюццца абскардзіць у Вярхоўным Судзе.


XS
SM
MD
LG