Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛЮДЗІ НА КАСТРЫЧНІЦКІМ ПЛЯЦЫ НЕ СУМНЯЮЦЦА Ў ФАЛЬШАВАНЬНІ ВЫНІКАЎ ВЫБАРАЎ


Ягор Маёрчык, Менск

Выбарцы распавядалі пра тое, што прымусіла іх выйсьці на вуліцу, чаму яны аддалі свой голас менавіта за Ўладзімера Ганчарыка, а таксама рабілі прагнозы на той выпадак, калі прэзыдэнтам зробіцца Лукашэнка. З размоваў зь людзьмі вынікала, што яны прыйшлі абараніць сябе ад уладаў і падтрымаць адзінага кандыдата Ўладзімера Ганчарыка.

(Спадарыня: ) "Мы прыйшлі сюды, каб дабіцца праўды, бо Лукашэнка нас падманвае".

(Спадар: ) "А я прыйшоў бараніць дзяцей і ўнукаў. Бараніць ад бяспраўя, ад нацызму!"

(Спадар: ) "Трэба паказаць, што нам гэта неабыякава. Мяркую, большасьці людзей надакучыла гэтая ўлада".

(Спадарыня: ) "Я прыйшла, бо хвалююся за лёс сваіх дзяцей".

(Спадарыня: ) "Я прыйшла, каб абараніць сваю радзіму і сваіх дзяцей, мне ня ўсё адно".

(Карэспандэнт: ) "Ад чаго вы будзеце бараніць сваіх дзяцей?"

(Спадарыня: ) "Ад лукашызму! Ад фашызму. Ад таго, што адбываецца, — гэта страшэнна!"

(Спадарыня: ) "Я хачу, каб была мая Беларусь — мова, культура! Мы ж эўрапейская краіна, хачу, каб мы й жылі па-эўрапейску".

(Спадар: ) "Я прыйшоў на плошчу падтрымаць дэмакратыю, каб дзеці мае жылі ў Эўропе".

(Карэспандэнт: ) "А чаму прыйшлі вы?"

(Спадарыня: ) "У нас два дзіцяці, мы ня ўпэўненыя за іхную будучыню, вельмі за іх хвалюемся".

Выбарцы тлумачылі, чаму яны аддалі свой голас за Ўладзімера Ганчарыка:

(Спадарыня: ) "Бо ён зробіць для беларусаў добрае жыцьцё. Мы будзем адчуваць сябе нацыяй".

(Спадарыня: ) "Ганчарыка я ня вельмі ведаю, але ж ён з нашага Лагойскага раёну, таму я думаю, ён будзе сумленным чалавекам".

(Спадарыня: ) "Трэба новага прэзыдэнта, хопіць нам ужо гэтага".

Мае суразмоўцы ўпэўненыя ў перамозе на прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімера Ганчарыка. Разам з гэтым яны ня вераць, што пры цяперашняй уладзе выбары могуць быць свабодныя і празрыстыя. Ня вераць таксама, што вынікі галасаваньня ня будуць сфальшаваныя.

(Спадарыня: ) "Ніколі не паверу, што Лукашэнка атрымае 50%!"

(Карэспандэнт: ) "Ці ўпэўненая вы, што выбары ня будуць сфальшаваныя?"

(Спадарыня: ) "Будуць! Таму што за чатыры дні можна што заўгодна засунуць у гэтыя скрыні!"

(Спадар: ) "Калі не сфальшуюць выбары, прэзыдэнтам будзе Ганчарык".

(Карэспандэнт: ) "А ці ёсьць такая верагоднасьць?"

(Спадарыня: ) "Ня веру, што выбары не сфальшуюць. Балюча і крыўдна, вядома, — але Лукашэнка пераможа, 100 адсоткаў. Усе людзі, з кім ні размаўляю, лічаць, што вынікі падробяць".

(Спадарыня: ) "Выбары будуць няправільныя. Я думаю, што ўсё ж падтасоўка будзе".

Прыхільнікі Ўладзімера Ганчарыка дзеляцца сваімі меркаваньня пра тое, якой можна стаць Беларусь пасьля другога тэрміну праўленьня Аляксандра Лукашэнкі:

(Спадарыня: ) "Станем на калені, вось і ўсё".

(Спадар: ) "Зробімся жабракамі".

(Спадарыня: ) "Празь пяць гадоў... Відаць, будзе тое ж самае, што й цяпер — балота гэткае..."

XS
SM
MD
LG