Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УДЗЕЛЬНІКІ НАЧНОГА МІТЫНГУ САЛІДАРНАСЬЦІ З ДЭМАКРАТЫЧНЫМІ СІЛАМІ ЎШАНАВАЛІ ЦЯПЕРАШНІ РЭЖЫМ ХВІЛІНАЙ МАЎЧАНЬНЯ


Ігар Карней, Менск

Некалькі тысяч людзей дэмакратычных поглядаў адгукнуліся на заклік шэрагу дэмакратычных партыяў і рухаў. Зрэшты, людзей магло быць і больш, але плошча пасьля дзявятай гадзіны вечара была блякаваная сіламі міліцыі. Людзей не пускалі на плошчу ня толькі з мэтро, але й з шэрагу прылеглых вуліцаў. Адпаведнай каманды чакалі сотні супрацоўнікаў унутраных войскаў, якія яшчэ ад раніцы былі разьмешчаныя ў дварох плошчы Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа.

На жаль, мы ня мелі магчымасьці распавесьці пра ўсе падрабязнасьці вечаровай акцыі ў жывым эфіры: мабільныя тэлефоны амаль усіх журналістаў былі літаральна паралізаваныя. Недзе бліжэй да 22.00 арганізатары акцыі абвесьцілі, што ў Палацы культуры прафсаюзаў, з прыступак якога выступалі апанэнты цяперашняга рэжыму, была прыпыненая падача электраэнэргіі. Магчымасьці працы гукаўзмацняльнай апаратуры, адпаведна, не было.

Тым ня меней, сама акцыя, безумоўна, сталася важнай падзеяй у палітычным жыцьці апазыцыйных сілаў. Ужо ва ўступным слове Ўладзімер Ганчарык падзякаваў усім, хто цягам выбарчага маратону быў побач як фізычна, так і маральна. Ён таксама зазначыў, што "Сорамна за ўладу, якая не дае магчымасьці сустрэцца са сваімі выбарцамі ў цывілізаваных умовах. Тады як сама ўлада бясконца зьбірае прапагандысцкія шоў".

Гэтаксама была зробленая адмысловая заява да тых, хто непасрэдна ўчорашнім вечарам і сёньняшняй ноччу займаецца падлікам галасоў. Паводле прамоўцаў, гэтыя людзі будуць несьці адказнасьць ня толькі перад сваім сумленьнем, але й перад усім беларускім народам.

Ніякіх абавязковых рамак акцыя ня мела. Выступалі як найбліжэйшыя паплечнікі Ганчарыка — Чыгір, Марыніч, Лябедзька, Бухвостаў, Вячорка, так і шараговыя грамадзяне з рэгіёнаў, якія прыехалі выказаць сваё стаўленьне да сёньняшняй сытуацыі.

Увогуле настрой быў вельмі рашучы, і таму кожнае новае паведамленьне з Цэнтарвыбаркаму пра падлікі галасоў, адкуль сьведчыла, што на тым ці іншым выбарчым участку Лукашэнка раз-пораз набірае па 80% галасоў, успрымалася, мякка кажучы, у штыкі. У адказ нават нарадзілася незвычайная прапанова ўшанаваць хвілінай маўчаньня цяперашні рэжым. Цяжка было чакаць такой аднадушнасьці, але сапраўды адразу ж увесь пляц сьцішыўся.

Як заўжды, вызначыліся актыўнасьцю моладзевыя арганізацыі — Малады Фронт і "Зубр". Нават калі ўжо ўсе разышліся, моладзь засталася чакаць вынікаў галасаваньня. І апоўначы яшчэ з Кастрычніцкай плошчы даносілася "Ганчарык — наш прэзыдэнт!" і "Жыве Беларусь!".

XS
SM
MD
LG