Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК: ГЭТА БЫЛА НЕ “ЭЛЕГАНТНАЯ”, А ВЕЛЬМІ БРУДНАЯ ПЕРАМОГА


Вольга Караткевіч, Прага

(Карэспандэнт: ) “Як Вы толькі што чулі, Аляксандар Лукашэнка назваў сваю перамогу “элегантнай”. Як Вы гэта пракамэнтуеце?”

(Ганчарык: ) “Гэта была брудная, вельмі брудная перамога. Вельмі шмат парушэньняў, і я б назваў гэтую падзею вельмі сумнай для Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Учора мы паведамлялі, што Вы зьбіраецеся аспрэчваць гэтыя вынікі. Што Вы зьбіраецеся рабіць сёньня?”

(Ганчарык: ) “Сёньня мы правядзем прэсавую канфэрэнцыю, на якой паспрабуем даказаць паўторан, што вынікі гэтай кампаніі падтасаваныя на карысьць аднаго прэтэндэнта – Аляксандра Лукашэнкі. Мы таксама зьвернемся ў ЦВК, пракуратуру і міжнародныя ўстановы і да тых краінаў, які прыслалі сюды назіральнікаў. Усё гэта трэба зрабіць, каб дамагчыся непрызнаньня першага туру, бо ён сфальшаваны і нам патрэбны другі тур. А калі гэтае патрабаваньне ня будзе задаволеная (а я не сумняюся, што яно ня будзе задаволенае), мы будзем настойваць на тым, што гэтыя выбары – брудныя, несправядлівыя і праведзеныя зь вялікімі парушэньнямі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Ганчарык, ці былі ўжо кансультацыі і сустрэчы з прадстаўнікамі замежных краінаў, якія выказваліся ў падтрымку беларускай дэмакратыі?”

(Ганчарык: ) “Пакуль не. Гэта будзем рабіць сёньня”.

(Карэспандэнт: ) “У адказ на закіды, што Вы і Вашая каманда ня ўсё зрабілі, нечага не зрабілі, нечага не дарабілі, што б Вы маглі адказаць?”

(Ганчарык: ) “Мы зрабілі амаль усё магчымае, таму што цяжкая справа была аб’яднаць усіх, усе дэмакратычныя сілы. Частку часу мы патрацілі марна, калі, напрыклад, аб’ядноўвалі штабы і гэтак далей. Але мы не зрабілі немагчымае – мы не змаглі супрацьстаяць вось гэтай хлусьні і фальсыфікацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Незалежныя назіральнікі сьцьвярджаюць, што лічба галасоў за Лукашэнку сфальсыфікаваная. На Вашую думку, чаму паралельна з падрыхтаванай, я падкрэсьліваю, з падрыхтаванай фальсыфікацыяй, улады пайшлі на жорсткі перасьлед актывістаў Вашага штабу, няўрадавых арганізацыяў, што можа ўскладніць і без таго вельмі складаны дыялёг з Захадам?”

(Ганчарык: ) “Мэханізм фальсыфікацыяў вельмі складаны. Улады баяліся, што ён дасьць збоі. Таму вось гэтае датэрміновае галасаваньне было прыдуманае і фальсыфікацыі. Прычым, мне расказваюць некаторыя назіральнікі, што на некаторых участках галасы наогул не лічылі, а складалі бюлетэні асобна і пісалі адвольныя лічбы. Калі было заданьне напісаць 90 адсоткаў, ну і пісалі 90. А 5 працэнтаў за Ганчарыка. Асноўная хлусьня была пры падліку галасоў. Баяліся праўды, таму і гэтыя затрыманьні актывістаў, арышт літаратуры і газэтаў…”

(Карэспандэнт: ) “Сёньня ў Менску нашыя сябры, калегі, знаёмцы паціскаюць плячыма – ніхто не галасаваў за Лукашэнку, нават сярод знаёмцаў знаёмых… На чым, на Вашую думку, можа базавацца аптымізм гэтых людзей зараз?”

(Ганчарык: ) “Зараз трэба верыць, што галоўны вынік нашага ўдзелу ў выбарчай кампаніі – гэта тое, што ўсё больш людзей пераадолелі ў сабе страх і тое, што мы аб’ядналіся. Калі мы разам і мы не хісьнемся – доўга гэты рэжым не пратрымаецца. Амаль уся моладзь, амаль усе людзі сярэдняга веку не падтрымліваюць Лукашэнку. Ён ужо нават не прэзыдэнт пэнсіянэраў, а толькі часткі іх. Гэта дае надзею, што калі мы працягнем працу ў іх кірунку, мы пераможам”.

XS
SM
MD
LG