Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19:35 МІЖНАРОДНАЯ НАЗІРАЛЬНІЦА ЭЛІЗАБЭТ ШРОДТЭР ЛІЧЫЦЬ, ШТО ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ ПРАЙШЛІ КАРЭКТНА


Алена Панкратава, Менск

Элізабет Шродтэр паведаміла Свабодзе, што дзеля аб'ектыўнасьці яна нават не цікавілася ў выбарцаў, за каго тыя галасавалі, не абменьвалася думкамі з экспэртамі пра тое, хто мае больш шанцаў атрымаць перамогу. Для яе самым важным пытаньнем было, ці карэктна праходзяць выбары.

(Шродтэр: ) "Што да выбараў, то сёньня пры канцы дня я магу сказаць, што яны прайшлі вельмі спакойна, бязь яўных парушэньняў. Мясцовыя выбаркамы прыклалі дзеля гэтага шмат намаганьняў — у гэтым сэнсе нельга выстаўляць нейкіх прэтэнзіяў да выбаркамаў. Яны ні ў чым не вінаватыя. Я магу канстатаваць высокую актыўнасьць выбарцаў".

Спадарыня Шродтэр згадала некаторыя сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі. Гэтак, карэспандэнту БелТА Лукашэнка сказаў, што цяпер Беларусь будзе рухацца сямімільнымі крокамі ў Эўропу, а пра спадара Віка заявіў, што той нібыта зразумеў, што яму трэба зьехаць зь Беларусі.

(Шродтэр: ) "Мандат Віка працягнуты на неабмежаваны час. Таксама на неабмежаваны час будуць працягнутыя мандаты і для ўсёй місіі АБСЭ. Беларусь павінна з гэтым пагадзіцца, бо яна сябар АБСЭ. Што тычыцца разьвіцьця будучых стасункаў з эўрапейскімі краінамі, то яны, канечне ж, павінны разьвівацца.

Наступны прэзыдэнт Беларусі, якога, думаю, прызнаюць легітымным, павінен будзе выконваць умовы эўрапейскіх структураў. Пэўныя крокі насустрач павінен рабіць і Нацыянальны сход. Парлямэнт павінен усьведамляць, што ён ня ведамства прэзыдэнта, але структура, якая мае заканадаўчую ўладу. Гэта галоўныя ўмовы для сямімільных крокаў да разьвіцьця супрацоўніцтва з Эўропай. Падкрэсьлю, што гэта маё прыватнае меркаваньне".

XS
SM
MD
LG