Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

18:25 У БАРАНАВІЧАХ КІРОЎЦЫ АЎТОБУСАЎ НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ ТРАПІЛІ Ў НАРКАДЫСПАНСЭР


Алесь Горбач, Баранавічы

Сёньня раніцай супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі два мікрааўтобусы, якія павінны былі разьвезьці назіральнікаў ад Гельсынскага камітэту па Баранавіцкім раёне. Кіроўцаў завезьлі ў наркадыспансэр — праверыць на цьвярозасьць. Пасьля таго, як высьветлілася, што тыя не ўжывалі алькаголю, іх адпусьцілі. Аднак назіральнікі прыехалі на ўчасткі для галасаваньня са спазьненьнем, калі скрынкі былі ўжо апячатаныя.

На ўчастку №46 міжнародным назіральнікам ад АБСЭ не далі ніякай інфармацыі пра хаду галасаваньня. А назіральнікам ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ўвогуле паказалі на дзьверы.

На 14 гарадзкіх участках камісіі ўвогуле адмовіліся незалежным назіральнікам даваць любую інфармацыю наконт таго, колькі атрымана бюлетэняў, якая колькасьць выбарцаў прыняла ўдзел у галасаваньні датэрмінова ды іншае.

Да слова, толькі сёньня старшыня Баранавіцкай гарадзкой выбарчай камісіі Міхаіл Якшук паведаміў, што ў датэрміновым галасаваньні ў цэлым па горадзе прынялі ўдзел 16% выбарцаў. Як мясцовыя, так і міжнародныя назіральнікі былі моцна зьдзіўленыя тым, што гарадзкая выбарчая камісія адвяла сёньня месцы для іх ня ў тым памяшканьні, дзе месьціцца сама, а ў фае, на першым паверсе гарвыканкаму блізу гардэробу. Адтуль можна толькі назіраць за выканкамаўскай прыбіральняй.

Шмат клопату мелі назіральнікі ад праваабарончага цэнтру "Вясна". Учора іх выставілі з участкаў. Кіраўніку мясцовай філіі "Вясна" Сяргею Гоўшу каштавала шмат намаганьняў давесьці гарадзкой камісіі, што ўчорашняе сумнавядомае рашэньне ЦВК не датычыць назіральнікаў "Вясны" на Берасьцейшчыне. Толькі сёньня каля 10-й гадзіны раніцы ім дазволілі вярнуцца на выбарчыя ўчасткі.


XS
SM
MD
LG